Адзін з заснавальнікаў гурта J:Морс, кампазітар і артыст Раман Арлоў наведаў Беласток з уласнай музычнай праграмай для дзяцей «Ярыла вярнуўся», у якой спалучыў матывы народнага свята і цяперашніх падзей у Беларусі.
Аўтар монаспектакля Раман Арлоў, які яшчэ ў 2018 годзе ў Беларусі пачаў рабіць цыкл казак пра прыгоды літары «ў нескладовае». Паводле яго слоў, гэта адзіны тэатральны праект, дзе гэтая літара выступае як актыўны тэатральны персанаж у выглядзе дзяўчыны, якая спявае, танцуе, праводзіць інтэрактыў з дарослымі і з дзецьмі.
— Апынуўшыся тут у эміграцыі, такой даволі вымушанай, таму што ў маёй сітуацыі рашэнне прыняло само сябе. І гэта было даволі нечакана для мяне. Я адразу паспрабаваў заняць нейкую нішу як артыст, як бард з гітарай, і я зразумеў, што ёсць запыт на дзіцячы праект менавіта ў эміграцыі. Я зразумеў, што магу адаптаваць тыя сюжэты і можа быць дадаць новыя, якія ўжо ў мяне былі і часам праходзілі з аншлагамі. У нас гэтыя дзіцячыя праекты ездзілі двойчы ў гастрольныя туры па Гарадзенскай вобласці. Адзін з іх быў камерыцыйна вельмі паспяховы, з Гарадзенскай філармоніяй. Гэта якраз у канцы 2019 года мы паспелі гэта зрабіць. На гэты праект быў заўсёды сацыяльны запыт у Беларусі, і я адчуў голас гэтага запыта тут. І я вырашыў, што зімой буду сам, паколькі ў мяне пакуль няма трупы, я адаптаваў гэта ўсё пад монаспектакль, я сам спяваю, сам раблю нейкія падводкі. І ўзімку мае першыя гастролі былі на Мікалайкі, я паехаў у Гданьск. Я зразумеў, што я стаў эміграцыйным артыстам, у якога ёсць нейкая прапанова і якой па сутнасці займаецца толькі Такінданг з таго, што я заўважаю. То бок Пугач гэтага не робіць, Лявон гэтага не робіць, шмат хто гэтага не робіць, і гэта для мяне шанец. Таму што гэтыя данаты, гэта тое, за што я жыву. Трэба здымаць кватэру, жыву я зараз у Варшаве. І я гэта раблю. Улетку я Ярыла, узімку я Святы Мікола. Я рэгулярна аднаўляю рэпертуар. Сюжэты звычайна звязаныя з тым, што ёсць нейкія сілы зла, паколькі ў мяне няма трупы, я іх проста аб’яўляю. Я праводжу інтэрактыў, калі багата дзяцей. Мой апошні выезд быў літаральна пару тыдняў таму ва Уроцлаў. Я змусіў усіх чытаць рэканструкцыю беларускай народнай замовы. Беларускія замовы гэта значная частка нашай культуры. Яны ў беларусаў вельмі добра развітыя, як і ніжэйшая міфалогія. Там, дзе ў іншых народаў адзін нейкі хатні дух, у нас пад кожнай мяцёлкай, пад кожным савочкам свой. У спектаклі дзейнічаюць нейкія сілы зла, з якімі трэба змагацца, дзеля гэтага трэба аб’ядноўвацца ўсім разам, і ў гэтым інтэрактыў. Касцюм мне перадалі з Беларусі, ён адзін і той жа.
— Ваша дзейнасць звязана з наведваннем гарадоў у Польшчы ці яшчэ за мяжой Польшчы вы ездзіце?
— Ідуць перамовы зараз з Вільняй, там ёсць прамоўтар. Я думаю, гэта такая штука, якая павінна неяк пашырацца. Можа ў нейкі момант Грэцыя, можа ў нейкі момант Прага, у нейкі момант Берлін. Мне здаецца, гэта цікавая прапанова, яна прынамсі яркая. Ёсць дзіцячы блок і дарослы блок. І як бы на кантрасце яно працуе, і гэтым я адрозніваюся.
Калі задаць такое пытанне: «А чым ты, Раман, адрозніваешся ад таго ж самага Аляксандра Памідорава?». Ну па сутнасці нічым. То бок у нашых песнях, якія мы спяваем пад гітару нейкія перажыванні нейкага лірычнага героя, у старых песнях – нейкія старыя беларускія, у новых песнях – эміграцыйныя. Ну вось і ўсё. І трэба, каб прыйшоў дарослы чалавек і рэфлексаваў. А тут як бы транс-тэкст. Казка пра Ярылу і для дарослых цікава паслухаць, таму што яна ў жанры прытчы. Сілы зла адназначна намякаюць на нашу беларускую палітычную сітуацыю. Таму для мяне гэта такая Эзопава мова, а гэта значыць, і прафесійны такі выклік.
Comments are closed.