Loading

Праваабарончая супольнасць Беларусі 18 верасня прыняла заяву, у якой запатрабавала поўнай рэабілітацыі адразу 150 чалавек, асуджаных за ўдзел у паслявыбарчых мірных акцыях пратэсту. Гэтыя людзі не мелі статуса палітзняволеных падчас свайго знаходжання за кратамі, але, нягледзячы на гэта, праваабаронцы ў заяве надаюць ім статус «былых палітвязняў». Чаму менавіта цяпер узнікла неабходнасць унясення рэпрэсаваных людзей у спіс былых палітвязняў? Чаму гэта важна, як для саміх людзей, якія зазналі пераслед, так і для ўсяго беларускага грамадства распавяла праваабаронца Вясны Наста Васільчук.

— Адкуль гэтая лічба – 150 чалавек?

— Гэтую колькасць мы вельмі доўга збіралі. Гэта людзі, якія ўжо былі ў нас у табліцы асуджаных паводле палітычна матываваных справаў, людзі, пра якіх мы даведваліся цягам апошніх двух год. Гэта тыя людзі, якія затрымліваліся, некалькі месяцаў утрымліваліся ў СІЗА і потым іх вызвалялі пасля суда, на судзе ім давалі «хімію» ці «хатнюю хімію». Частка людзей у Беларусі, частка выехала і хтосьці з іх да нас звяртаўся, пра кагосьці мы даведваліся па іншых каналах.

Гэта першая такая заява. Плануюцца таксама такія заявы па прызнанні былымі палітвязнямі, напрыклад, людзей, асуджаных паводле дэфамацыйных артыкулаў – гэта за абразы Лукашэнкі, чыноўнікаў, міліцыянтаў. І мы заклікаем людзей, якія падпадаюць пад гэтыя крытэрыі, якія былі ці ў СІЗА, ці адбывалі пакаранні паводле палітычна матываваных крымінальных справаў і ўжо вызваліліся, паведамляць нам пра сябе, каб мы фіксавалі факты такога палітычнага пераследу.

— Чаму гэты статус палітычных зняволеных не быў нададзены гэтым людзям тады, калі яны знаходзіліся ў СІЗА ці былі зняволеныя?

— З банальнай прычыны, што мы пра іх не ведалі. Мы даведваліся пра ўсіх гэтых людзей толькі калі яны ўжо былі на волі. Гэта фіксацыя таго факту, што людзі былі палітвязнямі на момант іх утрымання ў СІЗА. Потым яны атрымлівалі розныя пакаранні, не звязаныя з пазбаўленнем волі і выходзілі на волю. Праваабаронцы не ведалі пра гэтых людзей, бо сваякі і блізкія не паведамлялі пра зняволенне, у саміх гэтых людзей не было магчымасці перадаць інфармацыю пра свой пераслед.

Сітуацыя ў Беларусі зараз такая, што людзі запалоханыя, людзі баяцца звяртацца да праваабронцаў, да незалежных СМІ і застаюцца са сваімі праблемамі сам на сам. І, на жаль, тое, што зараз адбываецца, кажа пра тое, што сітуацыя будзе захоўвацца такой.

— Праз Праваабарончы цэнтр «Вясна» прайшлі ўжо тысячы кейсаў людзей, якія зазналі палітычны пераслед. Але ў Беларусі такая думка, што чым менш публічнасці, тым больш шанцаў, што, маўляў, тэрмін будзе меншы, што ў месцах несвабоды будуць лепей ставіцца, даволі пашыраная. Наколькі гэтая думка слушная?

— Я магу сказаць, што гэта думка, якая не адпавядае рэчаіснасці. Гэта тое, як бы хацелі сілавікі і карныя органы, каб людзі думалі. І яны праз свае прапагандысцкія рэсурсы прасоўваюць гэтую думку: маўчы, нікому не кажы, ні праваабаронцам, ні незалежнымі СМІ і атрымаеш меней. Але, як паказвае практыка, нават з пункту гледжання логікі, што дасць непрызнанне чалавека палітычным зняволеным?

Пра тое, што чалавек дэ-факта затрыманы паводле палітычнага артыкула, ведаюць усе тыя людзі, якія будуць уплываць на вынясенне гэтых прысудаў – міліцыянты, КДБ, следчыя органы, адміністрацыя месцаў утрымання, напрыклад, СІЗА. Суддзі, калі выносяць прысуд, арыентуюцца не на тое, ці ёсць гэты чалавек у спісах «Вясны», яны арыентуюцца на матэрыялы справы, дзе дакладна зразумела, што гэты чалавек праходзіць паводле палітычна матываванай крымінальнай справы і, адпаведна, яму трэба вынесці той прысуд, які трэба вынесці.

Паводле нашых назіранняў, ці прызнаны да суда чалавек палітвязнем ці не прызнаны – на прысуд не ўплывае. Возьмем класічную сітуацыю: затрымліваюць, напрыклад, кампанію людзей па нейкім фотаздымку – яны там разам былі, іх там чатыры чалавекі затрымалі. І нам становіцца вядома пра дваіх з іх, іх мы прызнаем да суда палітычнымі зняволенымі. Адпаведна, ім аказваецца нейкая падтрымка, грамадства пра іх ведае, піша лісты. А ёсць два чалавекі, якія затрыманыя ў той жа справе, але пра іх ведаюць толькі блізкія і сваякі. Прыходзіць дзень суда, іх судзяць і ўсім чацвярым даюць тры гады хатняй хіміі.

То бок, выходзяць два палітвязні з зафіксаваным статусам, з грамадскай вядомасцю, і двое іншых людзей, пра якіх мы даведаліся толькі на судзе. Таму тыя два чалавекі могуць напісаць нам і інфармацыя пра іх будзе дададзеная ў заявы такога кшталту, як цяпер.

Тое самае пра стаўленне да «палітычных» людзей у месцах несвабоды. Там адміністрацыя глядзіць у справу чалавека і бачыць палітычны ці не палітычны. І не залежна ад таго, ці ёсць ты ў спісах «Вясны», калі ты палітычны, да цябе будзе адпаведнае стаўленне – жоўтыя біркі і гэтак далей.

Падсумоўваючы гэта ўсё, мы бачым, што статус (палітвязня) хутчэй дапамагае чалавеку, чым робіць яму горш. Таму вельмі важна нам разбіваць гэты наратыў, які нясуць сілавыя структуры праз свае рэсурсы. Іх асноўная мэта – каб людзі закрыліся ад усіх, нікому нічога не казалі і жылі ў 30-х гадах Савецкага Саюза, калі побач забіралі суседа, кудысьці звозілі, а ніхто нікому нічога не казаў і працягваў жыць у страху.

— Куды трэба звяртацца, каб паведаміць пра тое, што чалавек быў зняволены?

— Я раю звяртацца на Гарачую лінію Праваабарончага цэнтру «Вясна», якая працуе праз Тэлеграм. Там можна перадаць усе дадзеныя – імя, прозвішча, артыкул, распавесці пра справу. Вельмі важна, калі ёсць пацверджанне таго, што чалавек быў у зняволенні. Напрыклад, калі ён быў у СІЗА да суда, у прысудзе гэта прапісана – скідаць дакументы, ці даведкі з «хіміі», каб быў нейкі дакумент, на які мы маглі б арыентавацца, а не толькі на словы чалавека.

З Гарачай лініі «Вясны» гэтыя звесткі перададуць для далейшага прызнання і ўжо кааліцыя праваабарончых арганізацыяў разглядае і заява з’яўляецца. Адпаведна, на нашай Гарачай лініі можна атрымаць іншыя кансультацыі наконт розных відаў дапамогі, рэабілітацыі для былых палітвязняў і гэтак далей.

Comments are closed.