Рэжым Лукашэнкі пераследуе за тое, што да 2020 года не было чымсьці крымінальным. Пра гэта сведчыць справа праваабаронцы Насты Лойкі, закрыты суд над якой пачаўся ў Мінску на гэтым тыдні, адзначае яе калега Павел Левінаў. Паводле яго, улады па-ранейшаму кіруюцца прынцыпам «іншым разам не да законаў» і імкнуцца максімальна пераследаваць тых, хто хоць нейкім чынам праявіў адрозную ад іх пазіцыю і тым больш фіксаваў парушэнні закона з боку чыноўнікаў і сілавікоў.
— Павел, 13 чэрвеня пачаўся суд над праваабаронцай Настай Лойка. Ужо не адна яна ў ліку праваабаронцаў, якія пераследуюцца з боку рэжыма Лукашэнкі. У чым асаблівасць яе справы ў параўнанні з іншымі?
— Ёй інкрымінуюць арт.130 Крымінальнага кодэксу РБ. Гэта распальванне сацыяльнай варожасці, нянавісці і гэтак далей. Але фактычна за той даклад, які быў прадстаўлены ў міжнародныя органы аб сітуацыі з правамі чалавека, у прыватнасці, з правамі анархістаў у Рэспубліцы Беларусь. Гэта справа стаіць асобна ад тых спраў праваабаронцаў, якія разглядаліся раней і разглядаюцца ў цяперашні час.
— У тым дакладзе што асноўнае было адлюстравана, асноўная думка, асноўная пазіцыя?
— У тым дакладзе была напісана праўда, праўда аб дзейнасці ўлады, у прыватнасці, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў да асоб, якія прадстаўляюць анархічны рух. Даклад базуецца не на голых словах, а якраз на фактах, і дакументальна ўсе гэты факты пацверджаны.
— Чаму, на вашу думку, для цяперашніх улад у Беларусі гэтая справаздача стала такой раздражняючай?
— Я магу сказаць, што тое, чым праваабаронцы займаліся да 2020 года, ва ўлады не выклікала ні абурэння, ні нейкіх пытанняў. А пасля 2020 года, калі нават узяць справу Насты Лойкі, то гэты даклад быў зроблены ў 2017 ці 2018 годзе, раптам чамусьці яго паднялі. Ну такая ў нас краіна. Мы зараз пачынаем корпацца ў Вялікай Айчыннай вайне – хто там кім стаў, нягледзячы на пройдзены час, такая ж сітуацыя і тут. Суды трэба неяк займаць працай, турмы трэба запаўняць людзьмі. Паглядзіш іх статыстыку – злачыннасць падае, значыць, трэба кагосьці звальняць, скарачаць, а так усе пры справе.
— Тады атрымліваецца, што за любую справаздачу, за любое нейкае выступленне з праваабарончых пазіцый, нават якое было зроблена некалькі гадоў таму, цяперашнія ўлады могуць пераследаваць чалавека?
— Можа быць і так, таму што зараз, напрыклад, прыцягваюць да адказнасці за распаўсюджванне так званых экстрэмісцкіх матэрыялаў, нават калі ты гэты матэрыял лайкнуў пяць гадоў таму, хоць закон зваротнай сілы не мае. Я не здзіўлюся, што хутка дойдзе да таго, што калі ты напісаў на кагосьці скаргу і дзеянні таго, на каго скардзішся не пацвердзіліся, то супраць цябе могуць узбуджаць крымінальныя і адміністрацыйныя справы за паклёп і так далей.
— Нядаўняя інцыятыва, якая, пэўна, хутка стане законам – суды над людзьмі, якія памерлі. Што гэта такое і навошта трэба?
— Гэта нейкія бязбожнікі, разумееце. Чалавек сыйшоў у іншы свет, пакіньце яго ў спакоі. Не, нам мала рэпрэсаваць жывых, таму наша ўлада хоча рэпрэсаваць яшчэ мёртвых.
— Ці не адаб’ецца гэта на родзічах гэтага памёрлага чалавека, якія яшчэ жывыя? Ці могуць яны быць прыцягнуты да адказнасці за яго, як лічаць улады, віну?
— Канешне, будуць прыцягнутыя, але яны будуць не да крымінальнай адказнасці прыцягнуты, ні да адміністрацыйнай адказнасці, а хутчэй за ўсё да матэрыяльнай адказнасці. Напрыклад, будзе ўстаноўлена, што гэты чалавек сваімі дзеяннямі пры жыцці прычыніў урон дзяржаве, які ацэнены ў нейкую суму. А вы нашчадкі гэтага чалавека, так? Таму папаўняйце беларускі бюджэт.
Поўную размову з праваабаронцай слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.