Loading

Была палітвязень, праваабаронца Леанід Судаленка, які зараз знаходзіцца ў эміграцыі, лічыць, што многія палітзняволеныя, асабліва сталага ўзросту, могуць не выйсці жывымі з лукашэнкаўскіх засценкаў. Пра гэта ён расказаў у размове з карэспандэнтам радыё Ўнэт Уладзімірам Лацэвічам. Па меркаванні праваабаронцы, каб вызваліць палітвязняў, варта ўступаць у перамовы з кім заўгодна, бо «санкцыі і эканоміка – гэта пытанні другасныя».

Сцісла ў размове:

  • Мы можам не дачакацца палітвязняў сталага ўзросту, якія асуджаны на тэрміны ад пяці гадоў. Медыцыны для палітзняволеных няма ніякай, доказам чаго ёсць, напрыклад, смерць Алеся Пушкіна.
  • Палітычныя сядзяць гадамі ў штрафных ізалятарах, мусяць спаць на голай халоднай падлозе. Гэта правакаванне новых захворванняў у іх. Для пажылых палітвязняў знаходжанне ў такіх варунках у зняволенні – пытанне жыцця і смерці.
  • Калі палітвязень трапляе ў СІЗА, на дзверы яго камеры прычапляецца жоўтая бірка, якую называюць «зоркай Давіда» па аналогіі з тым, як гітлераўцы памячалі яўрэяў. Палітвязні знаходзяцца пад больш пільнай увагай, чым іншыя зняволеныя, стаўленне да іх як да асабліва небяспечных злачынцаў. Усю ноч могуць пратрымаць у кайданках, якія скоўваюць рукі за спіной.
  • У калоніі жоўтыя біркі палітзняволеным вешаюць на адзенне. Няма палітычных, у якіх не было б «парушэнняў». Тым самым адміністрацыя паказвае, што яны не «становяцца на шлях выпраўлення», а гэта адмоўна ўплывае на магчымасць выйсці па амністыі, умоўна-датэрміновым вызваленні і па просьбе аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Таксама гэта значна абмяжоўвае колькасць набыцця за свой кошт прадуктаў харчавання.
  • Рэжым робіць усё, каб маральна знішчыць палітзняволенага, каб ён «згубіў глебу пад нагамі», у тым ліку і тым, што абмяжоўвае ў праве перапіскі, хоць фармальна ніхто ў ёй не абмежаваны. Спробы скардзіцца цягнуць за сабой узмацненне ціску з боку адміністрацыі і пагрозы згнаіць у штрафным ізалятары.
  • Чым больш палітвязень публічная асоба, тым больш жорсткае да яго стаўленне. Да менш вядомых людзей увагі менш. У адносінах да пэўных палітвязняў адміністрацыя стварае інфармацыйны вакуум.
  • Адносіны з непалітычнымі зняволенымі можна ўстанавіць нармальныя, калі палітвязень нікому не перашкаджае, не вучыць жыццю, не задае лішніх пытанняў. Канфлікты ж у вялікім мужчынскім калектыве ўзнікаюць заўсёды. Тым не менш у адносінах да пэўных палітвязняў адміністрацыя стварае інфармацыйны вакуум.
  • Лукашэнка не ўспрымае ніякіх слоў, толькі грубую сілу. Сёння ў нас няма той сілы, якая пагражала б яго ўладзе. Войны ва Украіне і Ізраілі зрабілі беларускія праблемы для міжнароднай супольнасці не першачарговымі.
  • Пакуль мы можам толькі распавядаць пра беларускіх палітвязняў, пастаянна ўздымаючы пытанне іх вызвалення.

Comments are closed.