Loading

Беларуская меншасць і дыяспара на Падляшшы просяць дэпутата Еўрапарламента Анджэя Галіцкага дапамагчы ў захаванні ліцэяў з вывучэннем беларускай мовы ў Гайнаўцы і Бельску-Падляшскім, а таксама паспрыяць таму, каб дзеці прыехаўшых з Беларусі мігрантаў наведвалі ўрокі беларускай мовы разам з дзецьмі беларускай меншасці. Завітаўшы ў Беласток еўрадэпутат паабяцаў на спатканні з беларускай супольнасцю 22 чэрвеня паспрыяць у вырашэнні гэтых пытанняў на яе карысць.

Злева направа Алег Латышонак, Роберт Тышкевіч, Анджэй Галіцкі, Анатоль Вап.

Візіт спадара Анджэя Галіцкага на Падляшша, і, у прыватнасці ў Беласток, адбыўся, дзякуючы працы, што праводзіць перш за ўсё беларуская меншасць, якая ўсімі сіламі намагаецца захаваць беларускасць двух згаданых ліцэяў. На цяперашні момант гэта адзіныя ў Польшчы сярэднія навучальныя ўстановы, дзе дзеці, якія туды паступаюць, згодна са статутам, абавязаны вучыць беларускую мову і здаваць па ёй выпускны экзамен – матуру. Да мінулага года ўсё было добра, але ад леташняга верасня над беларускасцю ў іх паўстала пагроза знікнення. Так, міністэрства адукацыі і навукі, ваяводскі кураторыум асветы хочуць даць магчымасць вучыцца ў ліцэях вучням, якія не будуць мець такога абавязку. Пры гэтым ухіл робіцца на дабраахвотнасць для бацькоў і дзяцей пры выбары вывучэння мовы меншасці і, адпаведна, здачы па ёй экзамену. З гэтым катэгарычна не згодны беларусы Падляшша, якія небеспадстаўна лічаць, што вынікам такога трактавання закону стане спачатку зніжэнне вартасці вывучэння беларускай мовы, а затым і знікненне цалкам беларускасці ў пазначаных ліцэях.

«Беларуская меншасць у Польшчы вельмі ўразлівая, асабліва таму, што не мае падтрымкі з боку сваёй духоўнай айчыны», – заявіў старшыня Беларускага саюза ў Рэчы Паспалітай, галоўны рэдактар Радыё «Рацыя» Яўген Вапа, адзначыўшы, што спадзявацца застаецца толькі на падтрымку польскіх улад. Аднак ні міністэрства, ні кураторыум такой падтрымкі не аказваюць.

«Не бачым з боку міністэрства ў яго публічных выказваннях жадання дыялогу з нашым бокам, з дырэктарамі. У размове дня ў адной з радыёстанцый віцэ-міністр Жымковскі заявіў, што мы распаўсюджваем фэйкі. Нас папросту абвінавачваюць і мы не маем права дабівацца выканання сваіх правоў», – адзначыў Яўген Вапа.

Выступае Яўген Вапа

На баку беларускай меншасці і дэпутат ад «Грамадзянскай платформы» Роберт Тышкевіч, які ангажаваны як у справы беларусаў у Польшчы, так і палякаў за мяжой. Ён распавёў, як польская дзяржава дабілася ад Літвы вяртання выпускнога экзамену па польскай мове ў школах польскай меншасці ў гэтай краіне.

«Польская дзяржава не можа прымяняць да нацыянальнай меншасці падвойных стандартаў. Калі польскі ўрад хваліцца тым, што пераканаў літоўскую дзяржаву вярнуць абавязковасць выпускнога экзамену па польскай мове ў польскіх школах у Літве, і гэты абавязак пасля многіх гадоў ад 1998 года, калі быў скасаваны, будзе ў 2024 годзе вернуты. У гэтым годзе праходзяць у многіх класах польскіх школ такія пробныя экзамены перад будучым выпускным экзаменам, якія павінны падрыхтаваць моладзь да ўдзелу ў ім. Так, калі мы ў польскіх школах у Літве дабіваемся абавязковага выпускнога экзамену па польскай мове, то не можам у той самы час у Польшчы яго ліквідаваць у школах меншасці. Бо інакш гэта абсалютнае парушэнне стандартаў, за якія самы выступаем», – заявіў Тышкевіч.

Другая праблема, якую паднялі прадстаўнікі беларускай супольнасці – немагчымасць для дзяцей з дыяспары вучыць беларускую мову разам з дзецьмі беларускай меншасці ў падставовых школах. Цяперашні закон абавязвае школы навучаць мове меншасці толькі польскіх грамадзян. А пры гэтым мала хто з прыехаўшых пасля 2020 года беларусаў мае польскае грамадзянства. Даходзіць нават да таго, што за прысутнасць дзетак з дыяспары на ўроках беларускай мовы навучальныя ўстановы мелі праблемы. «Такая сітуацыя вымушала эмігрантаў з Беларусі выязджаць з Беластока да Вільні, дзе да вывучэння іх дзецьмі беларускай мовы тамтэйшыя ўлады ставіліся больш прыхільна», – распавёў Яўген Вапа.

Ініцыятары спаткання перадалі Анджэю Галіцкаму петыцыю з просьбай аб умяшальніцтве ў дадзеную сітуацыю з мэтай недапушчэння абмежавання падставовых праў чалавека грамадзян Польшчы беларускай нацыянальнасці ў дачыненні да доступу да навучання беларускай мовы. Заяву падпісалі 17 арганізацый і больш за дзве з паловай тысячы чалавек. Дэпутат Еўрапарламента паабяцаў разгледзіць разам з калегамі гэты дакумент.

«Хачу паведаміць, што гэтую заяву перадам і арганізуем сустрэчу ў межах прэзідыума камісіі ў Еўрапейскім парламенце. Я таксама ў далейшых планах бачу далучэнне Камісіі петыцый. Бо створана для грамадзян спецыяльная камісія, якая працуе, абапіраючыся на такія заявы. З дэпутатам Тышкевічам таксама будзем размаўляць. Мне так падаецца, што ёсць тут тэма для размовы. І вырашэнне гэтай справы павінна стаць стандартам, бо калі патрабуем нечага ад іншых для нас, то мы самі, па меншай меры, павінны быць на тым жа самым узроўні, і не можа быць рэгрэсу і кроку назад», – заявіў Галіцкі.

Выступаючы пасля спаткання перад журналістамі спадар еўрадэпутат адзначыў, што, сапраўды, гэтае пытанне выклікае заклапочанасць.

Пасля Беластоку Анджэй Галіцкі меў спатканне з прадстаўнікамі школ беларускай меншасці ў Бельскім доме культуры.

Comments are closed.