У Кіеве на пляцоўцы Украінскага крызавага медыяцэнтру адбылася дыскусія «Сітуацыя ў Беларусі. Ваенныя і палітычныя выклікі». Мэта – прыцягнуць ўвагу ўкраінскага грамадства і кіруючых элітаў да беларускай тэматыкі. Удзельнікі абмяркоўвалі апошнія падзеі і навіны, у якіх фігуруе афіцыйны Мінск.
У дыскусіі, якую мадэраваў вядомы адмысловец у беларускай тэматыцы, дырэктар Інстытуту сусветнай палітыкі Яўген Магда, узялі ўдзел з беларускага боку заснавальніца грамадскай дабрачыннай арганізацыі «Ланка» Таццяна Гацура-Яворская і намеснік камандзіра Палка імя Кастуся Каліноўскага Вадзім Кабанчук, украінскую экспертную супольнасць прадстаўляў сузаснавальнік Цэнтру беларускіх камунікацыяў Максім Плэшко.
Прыводзім асноўныя думкі ўдзельнікаў:
Таццяна Гацура-Яворская:
— Я б хацела звярнуць увагу на тое, што беларусы застаюцца ў закладніках, таму што тыя рашэнні, якія прымаюцца ў Беларусі, не падтрымлівае большасць грамадзянаў Беларусі. У нас ёсць кіраўніцтва, якое фактычна захапіла ўладу ў 2020 годзе.
Я б хацела звярнуць увагу на яшчэ адзін бок узаемаадносін паміж украінцамі і беларусамі. Вельмі шмат ёсць размоў пра рэпарацыі, пра тое, што беларусы мусяць адказваць за тое, што адбываецца. Я цалкам падзяляю гэта тэзіс. Беларусь, як краіна, і мы, як грамадзяне, нясем адказнасць за тое, што наша краіна стала суагрэсарам.
Тым не менш, калі гучаць гэтыя размовы пра рэпарацыі і адказнасць, чамусьці забываецца такая рэч, што ў прынцыпе рэпарацыі і нейкую адказнасць можа несці толькі свабодная Беларусь. Лукашэнка дабраахвотна ні ў якім разе не будзе выпллочваць ніякія рэпарацыі, не пагодзіцца з тым, што Беларусь вінаватая ў тым, што адбывалася ва Украіне.
І для таго, каб гэта адбылося, вельмі важна, каб Беларусь стала свабоднай і незалежнай краінай. І тут, я лічу, непрактычна з украінскага боку проста гаварыць пра адказнасць, але не дапамагаць свабоднаму грамадству, грамадскім арганізацыям, праваабаронцам, ваярам, з тым, каб Беларусь усё ж стала свабоднай і сапраўды несла адказнасць, як свабодная і дэмакратычная краіна.
Вадзім Кабанчук:
— Вайсковая пагроза заўсёды ёсць і яна перманентная. Вайскоўцы заўсёды плануюць свае дзеянні, зыходзячы з самага горшага сцэнарыя. Самы горшы сцэнарый для Украіны – быў момант люты 2022 года, калі ішлі калоны на Гастомель і Кіеў. Гэта ўсё можа паўтарыцца, калі яны створаць групоўку для ўварвання.
Калі «вагнераўцы» будуць сканцэнтраваныя той сілай, якую яны называюць – каля 8 тысяч чалавек, да іх у любы момант могуць дадаць пару дзясяткаў тысяч чалавек расійскай арміі, 10 тысяч чалавек з беларускай арміі – і вось вам групоўка для ўварвання ва Украіну. І гэта ёсць перманентная пагроза.
Я бы звярнуў увагу ўкраінскага боку – чамусьці ў вас гэта мала абмяркоўваецца, што Пуцін як гэбіст, які заўсёды дзейнічае пад прыкрыццём і любіць праводзіць аперацыі пад чужым сцягам, у выпадку самага жахлівага сцэнара, калі будзе аддадзены загад на выкарыстанне ядзернай зброі, яе ўжыванне спіхне на Лукашэнку і «Вагнэр». Для мяне гэта абсалютна відавочна.
Тэму па рэпарацыях укідваюць у асноўным Дмітро Грамакоў і (Сяргій) Прытула. Не тое, каб я супраць свайго ўласнага народа ці Беларусі, але я больш за справядлівасць. Давайце пабачым гістарычна рэпарацыі і адказнасць нацысцкай Нямеччыны і немцаў, як народу. У Нямеччыне быў магутны антыфашысцкі рух. На Гітлера было больш за 20 замахаў. Была аперацыя «Валькірыя», дзе ўдзельнічаў найвышэйшы генералітэт.
Што мы бачым у Беларусі? Балота, проста балота! У 2020 годзе паводле дадзеных Chatham House у Беларусі выйшла недзе пад мільён людзей. Вайскоўцы не паварушылі пальцам. Яны нават удзельнічалі ў карных аперацыях супраць свайго народу.
На сённяшні час я не магу казаць, што беларусы не вінаватыя ў тым, што на Украіну прыляцела 800 ракет з беларускай тэрыторыі, што беларусы абсалютна не вінаватыя ў тым, што Лукашэнка перадаў больш за 130 тысяч тон боепрыпасаў, якія зараз выліваюцца на нашых хлопцаў на ўсходзе і на поўдні Украіны.
Таму гістарычная адказнасць мусіць быць. Можа быць не ў такой форме, якая зараз узнімаецца шаноўнымі Грамаковым і Прытулам, але гэтая дыскусія павінны быць працягнута.
Максім Плэшко:
— Пытанне гэтай вайны – яно паміж намі, паміж украінцамі і беларусамі, у пэўнай меры экзістэнцыйнае. Можна сказаць простымі словамі – мы найбліжэйшыя з вамі. Этнічна, культурна, моўна – нам не патрэбныя перакладчыкі. У нас з вамі тысячу гадоў супольнага жыцця ў супольнай прасторы.
З іншага боку, гэтыя тэмы, калі мы гаворым пра рэпарацыі, яны ў пэўнай меры ацвярозваюць беларускае грамадства, беларускі палітычны клас. Бо выглядала так, што беларуская апазіцыя, грамадства праяўлялі ў пэўнай меры нейкі інфантылізм. З пачатку такіх актыўных нашых дыскусіяў, якія доўжацца ўжо больш за паўгода, беларускія прадстаўнікі, эксперты, палітыкі задавалі пытанні: чаму Украіна намі не займаецца, чаму Украіна нам не дапамагае, чаму Украіна не малюе для нас нейкі план, чаму Украіна не мае стратэгіі па Беларусі і гэтак далей.
І, калі мы ставім пытанне пра рэпарацыі, я разумею, што яно будзе выклікаць дыскусіі, але яно таксама будзе выклікаць самаўсведамленне. Дэ-юрэ – тэрыторыя нададзена для агрэсіі – гэта ёсць агрэсія. Дэ-юрэ беларуская дзяржава ёсць чыстай вады агрэсарам.
І тых прадстаўнікоў беларускага грамадства, што ў штыкі ўспрымае гэтую ідэю і хоча пакрыўдзіцца на гэта, я запрашаю ў свой родны горад Ірпень, у Бучу. Хай проста прыедуць і пабачаць. Цэлы шэраг дзевяціпавярховікаў панельных проста разабраны, там толькі катлаваны, яны не падлягаюць аднаўленню, іх проста знеслі. І тысячы людзей не маюць дзе жыць, яны ходзяць да гарадской улады: дзе наша адбудова? А ў горадзе няма (сродкаў). Там мільярдныя бюджэты (патрабуюцца). А ў дзяржавы няма такіх сродкаў, каб адбудоўваць гэта ўсё. І такіх пытанняў вельмі шмат.
Таму дапамога Украіне ў адбудове будзе патрэбна адназначна. І гэта ёсць прадметам дыскусіі. І калі беларуская дэмакратычная супольнасць і апазіцыя паставіць пытанне і скажа: глядзіце, мы патрабуем дапамогі Украіны, мы пойдзем, мы будзем з вамі працаваць, і за гэта, калі мы прыйдзем да ўлады, мы гатовы так і так дапамагчы, так і так нейкім чынам разлічыцца.
І такім чынам і ва Украіне выспее больш сістэмнае бачанне датычна Беларусі. Бо так, сапраўды, і Украіна да гэтага часу не мае сістэмнага, цэласнага, канцэптуальнага бачання, што рабіць і як вырашаць праблему Лукашэнкі.
Пра вагнераўцаў. Нядаўна Лукашэнка на адным са сваіх вялікіх сходаў супакойваў публіку, што, маўляў, так, там зэкі, але яны ўжо ўсе загінулі і цяпер, калі і прыедуць вагнераўцы, то «харошыя» вагнераўцы прыедуць. Ён супакойвае свой істэблішмэнт, і выглядае, што ён і сябе супакойвае. Выглядае, што Лукашэнку трохі страшнавата. Ён разумее, у што ён улез, у што ён увязаўся. Ён сам казаў, што яны ўмеюць абараняцца, умеюць наступаць, ведаюць як у рэальнасці ўжываць тую ці іншую зброю. Але ж яны таксама ўмеюць на сталіцы хадзіць. Ён гэта не сказаў, але недзе за дужкамі пакінуў. Таму відавочна, ён гэтага баіцца.
Comments are closed.