Loading

Польска-беларускі гурт «Гайда банда» стаў адзіным музычным калектывам, які спяваў на фестывале «Падляшская актава культур» беларускія песні і граў беларускую музыку. Нягледзячы на невялікі тэрмін існавання, яго ўдзельнікі плануюць выдаць свой другі кампакт-дыск.

«Падляшская актава культур» – фестываль, які ўжо ў 15 раз прайшоў на Беласточчыне, і зноў стаў святам музыкі, танца, традыцый і фальклору. У Беластоку канцэрты адбываліся на цэнтральнай плошчы горада – Рынку Касцюшкі і на пляцоўцы па вуліцы Млыновай. Акрамя таго, артысты выступалі ў некалькіх іншых гарадах ваяводства – Ломжы, Замбраве, Сухаволі, Лапах і Драгічыне.

«Падляшская актава культур» адлюстроўвае характар нашага рэгіёну – яго мультыкультуралізм і разнастайнасць», – заявіў, закрываючы фестываль, які меўся 27-30 ліпеня, маршалак ваяводства Артур Касіцкі. Паводле яго, гэта паказвае, «наколькі тут адкрытая і гасцінная супольнасць, бо музыка аб’ядноўвае ўсіх, а цяперашні фестываль – лепшы таму прыклад».

Арганізатары называюць «Падляшскую актаву культур», якая паўстала ў 2008 годзе, адной з найбольш яркіх міжнародных фальклорных падзей у Польшчы. Гэтам разам у ёй прынялі ўдзел 14 гуртоў з адзінаццаці краін света. Беларусь, па зразумелых прычынах, прадстаўлена не была. Аднак гэта не значыць, што на фестывалі не гучалі беларускія песні і беларуская музыка, пад якую ліха танчылі ўсе жадаючыя. Беларускі музычны фальклор на фестывалі прадставіў гурт «Гайда банда». Ён быў створаны ў 2021 годзе з ініцыятывы Дар’і Буцкай, якая займалася праектам «Гаўдэ Палонія». Пра гэта распавяла ўдзельніца калектыва, скрыпачка Ніка Юрчук.

— Граем традыцыйную музыку з польска-беларускага памежжа, з Заходняй Беларусі, з Падляшша, з Палесся. Нас шасцёра. Такая вялікая група. Такі склад не часта сустракаецца на гэтых тэрыторыях, бо мы хацелі пашырыць, зменіць крыху гучанне з такога традыцыйнага – скрыпка, гармонік, бубен, таму граюць у нас шэсць чалавек. Кіраўнічкай і заснавальніцай гэтага гурта з’яўляецца Дар’я Буцкая, якая грае на скрыпцы. Заснавала гурт у 2021 годзе, здарылася гэта дзякуючы мастацкай стыпендыі «Гаўдэ Палонія». Па-просту пачала збіраць розныя мелодыі менавіта з гэтага абшару і ў рэшце вырашыла не хаваць гэта ўсё ў шуфлядку, а выконваць. Яна запрасіла людзей да гэтага гурта. Матэўш Дабравольскі грае на бубне, Куба Зімоньчык –гармоніку, Кася Дудзяк – на віяланчэлі і Павел Іван – на цымбалах. Я таксама граю на скрыпцы.

— Гурт называецца польска-беларускі. У ім людзі з Беларусі, з Польшчы?

— Гаворка ідзе перадусім пра рэпертуар, то бок граем музыку з Падляшша, а таксама з Беларусі. Таму польска-беларускі.

— Ён з’явіўся ў 2021 годзе. Ці звязана яго стварэнне з тымі падзеямі, якія мелі месца ў Беларусі ў 2020 годзе?

— Няма тут ніякай сувязі. «Фактычна гэта наклалася ў часе, бо, як я ўжо казала, тады была мастацкая стыпендыя.

Паводле спадарыні Нікі, гурт толькі другі раз выступаў у Беластоку, але яна адзначыла вельмі прыемную атмасферу на канцэрце і людзей, што танчылі пад музыку і песні «Гайда банды».

— Сапраўды, выдатная атмасфера, і нам тут вельмі добра гралася. Што мне спадабалася асабіста? Тое, што мы аб’ядноўваем пакаленні. Бачна, што прыходзяць старэйшыя людзі, але таксама і моладзь. І добра, што кожны можа бавіцца. Нават кожны танцуе па-свойму, бачу, што кожны мае свой стыль, але ў кожнага атрымліваецца бавіцца з такой музыкі, можа абуджаюцца карэнні. Вельмі захапляльна гэта выглядае.

Параўноўваючы музыку з польская боку Белавежскай пушчы і з беларускага ў гурце адзначаюць, што за ўсходняй мяжой тэмп яе больш жвавы.

— Па нашым назіранні ў Беларусі нашмат больш жвавыя тэмпы. Сапраўды, там нашмат хутчэй, менш граюць павольна. Таму мы хочам гэты выкарыстоўваць, каб граць жыва да танцу, як бы перадаючы тую энергію, бо хочам уцягнуць людзей у танец.

— З якімі праблемамі сутыкаецеся пры зборы музыкі, песень?

— Цяжкаваты доступ з-за цяперашніх падзей, але пакуль маем даволі многа матэрыялу, з якога карыстаемся. Карыстаемся з розных архіваў. Таксама Дар’я мела магчымасць спаткацца з некаторымі, напрыклад, скрыпачамі, даведацца ад іх, што там гралі на Падляшшы, напрыклад. Таму яшчэ ёсць доступ на розных архіваў. Паглядзім, як будзе далей, але пакуль матэрыял ёсць.

У лютым гурт выпусціў свой першы кампакт-дыск «Гайда!». На ім 14 твораў пад агульным тытулам-запрашэннем «У дарогу!»: у музычнае падарожжа на польска-беларуска-ўкраінскае памежжа. Стварэнне дыска прафінансавалі прыхільнікі «Гайды банды» – больш за 120 фанатаў падтрымалі яе, перадаўшы свае грошы на з’яўленне дэбютнага альбома.

— Калі казаць пра падтрымку, то атрымалі мы сапраўды агромную падтрымку ад ад нашых ахвярадаўцаў, якія падтрымалі наш першы кампакт-дыск. Сапраўды, сабралі мы агромную суму як на дэбют. Таму мы ўражаны, як ўдалося сабраць грошы, і дзякуючы гэтаму выйшаў наш першы дыск. За гэта мы вельмі ўдзячны, і маем надзею, што дыск разайдзецца яшчэ.

— Якія планы на будучае ў гурта?

— Будзем запісваць другі кампакт-дыск. Туды войдуць чарговыя творы. Ужо нават маем сабраны матэрыял на другі дыск. Будуць там полькі, абэркі, вальсы. Будзем запісваць ужо ў гэтым годзе.

Comments are closed.