Loading

Паміж беларускай меншасцю і беларускай дыяспарай няма вялікіх кантактаў, кожная з гэтых супольнасцяў жыве ў сваім асобным свеце, заявіла на фестывалі «Прадмова» пісьменніца і журналістка тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва», лаўрэатка сёлетняй прэміі імя Алеся Адамовіча ад Беларускага ПЭН-а Ганна Кандрацюк. З яе поглядам згодны і некаторыя іншыя беларусы, як з меншасці, так і з дыяспары, апытаныя нашым карэспандэнтам Уладзімірам Лапцэвічам.

Ганна Кандрацюк і Таццяна Нядбай на ўручэнні прэміі Імя Алеся Адамовіча

Варта адразу адзначыць, што адсутнасць вялікіх кантактаў паміж абедзвюма супольнасцямі беларусаў, якія цяпер існуюць на Падляшшы, не азначае адсутнасць кантактаў і добрых стасункаў паміж людзьмі. Прадстаўнікі меншасці на асабістым, індывідуальным узроўні практычна заўсёды адгукаліся на просьбы аб той ці іншай дапамозе, з якімі да іх звярталіся беларускія суродзічы, вымушаныя пакінуць радзіму з-за палітычнага пераследу. Ведаю гэта з асабістага досведу, за што да канца жыцця буду ўдзячны тым прадстаўнікам беларускай меншасці, а таксама і дыяспары, з якімі звёў мяне лёс і да якіх звяртаўся з са сваімі патрэбамі. Магчыма, таму вельмі зачапілі словы спадарыні Ганны, выказаныя ёй падчас дыскусіі «Спецыфіка беларускай кнігі па Падляшшы», аб адсутнасці вялікіх кантактаў тутэйшых і прыехаўшых беларусаў. Пісьменніца і журналістка, вельмі заклапочана няспыннай асіміляцыяй, якая ўзмацняецца, адзначала, што ніякага спрыяння беларускасці з боку цяперашняй беларускай улады меншасць не атрымлівае. Пры тым, што іншыя нацыянальныя меншасці маюць падтрымку з боку адпаведных дзяржаў.

«На жаль можам сказаць, што калі з’явілася гэтая дыяспара новая, таксама няма ў нас вялікіх кантактаў. Гэта ёсць такія як бы два светы. Мы адчуваем, што мы патрэбны самі сабе. Напачатку ў нас была вялікая надзея, што беларусы, якія прыехалі з Мінска, з іншых гарадоў, не толькі нас падтрымаюць, але і зробяць працяг існавання тут беларусаў. Першыя такія сходы ўзніклі, калі дзеці эмігрантаў не маглі хадзіць з нашымі дзецьмі на ўрокі беларускай мовы. Пасля таксама з’явіліся такія асяродкі як «Новая зямля», іншыя клубы, куды пераважна ходзіць сама дыяспара. Я бачу, што паміж намі няма «хіміі», няма такога працягнення, абмену. Таксама не бачу, каб тыраж «Нівы» пабольшыўся. Наадварот, чую з боку дыяспары, што мы не так па-беларуску гаворым, што ў нас многа польскіх слоў, пры тым нашыя падляшскія словы таксама лічацца польскімі. Думаю, што гэтую праблему найперш супольная адукацыя дзяцей развязала бы, каб яны разам вучыліся, разам гулялі. А так мы адчуваем, што мы людзі з крыху іншых светаў. Але ж мне асабіста вельмі прыемна, што магу хадзіць на беларускія мерапрыемствы, на аўтарскія сустрэчы. Узніклі таксама, дзякуючы дыяспары, такія мерапрыемствы як «Сонцаграй», іншыя фестывалі. Гэта ўжо робіць аб’яднанне «Тутака», Павел Станкевіч і Зміцер Косцін – дуэт беластоцка-беларускі, так што ёсць ужо такая новая якасць. У гэтым месцы нашыя і беларусы з дыяспары сустракаюцца, але хацелася б гэтага больш».

Нягледзячы добрыя прыклады, у прыватнасці з тымі жа фестывалем «Сонцаграй», «Тутака», рознымі іншымі праектамі, тым не менш паўстала пытанне, у чым жа прычына адсутнасці той самай хіміі, пра якую кажа Ганна Кандрацюк?

«Прычына ў тым, што не можам сустракацца на такой адукацыйнай… нашы дзеці не могуць хадзіць разам да школы (на ўрокі беларускай мовы – заўв.), не можам сустракацца як людзі і як бы раўнацца, пазнаваць сябе. Калі з’явілася дыяспара, то мы ўзаемна адчулі, што мы розныя людзі, нават у сэнсе мовы. Але гэта ўсё, як я сказала, ёсць працэс. Тут патрэбны такія інтэграцыйныя рэчы, як школа ці супольныя майстар-класы для моладзі. Ужо паявіліся першыя мерапрыемствы тыпу «Сонцаграй» ці фестываль абуджаных «Тутака», дзе прыязджаюць людзі і з Падляшша, і з дыяспары. Гэта такі пачата, але я лічу, што гэта такая з’ява ўніверсальная, бо калі цікаўлюся справамі, якія адбываюцца ў Літве, то там тое самае. Старая дыяспара, якая ўсё ж такі не карэннае насельніцтва, але прыехала ў 70-х гадах туды, але яна таксама не мае кантактаў з маладой эміграцыяй. Я думаю, што дыяспара прывезла з сабой многа жалю, праблем, таму што многія людзі мусілі ўцякаць з Радзімы, пакідаць свае абжытыя месцы, і тут хочаць быць бліжэй сваіх, дзе людзі разумеюць адзін аднаго. Але тым не менш, ёсць такія кантакты паасобныя і гэта цешыць».

Нічога нечаканага па тэме цяперашніх стасункаў паміж меншасцю і дыяспарай Ганна Кандрацюк не сказала і ўсяго толькі канстатавала факт, лічыць старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы, галоўны рэдактар Радыё Рацыя Яўген Вапа.

«Тое, што яна гаворыць, гэта нічога новага і нічога неспадзяванага. На жаль, узровень ведаў у Рэспубліцы Беларусь пра саміх беларусаў і пра беларусаў, якія жывуць па-за межамі Беларусі, у тым і этнічная меншасць, на жаль, у катэгорыях нулявых. І гэта вынік анальфабэтызму, невуцтва і сістэмнай палітыкі дзяржавы дае такія, а не іншыя эфекты. Калі студэнты-гісторыкі вышэйшых навучальных устаноў Беларусі не ведаюць пра беларусаў Беласточыны, то пра што мы маем увогуле гаварыць?»

Журналіст Зміцер Косцін, які 15 гадоў таму прыехаў у Беласток з Бабруйска, адзін з тых, хто найбольш шчыруе ў беларускай культурніцкай справе на Падляшшы. Дзякуючы ў тым ліку і яго намаганням, мы маем, напрыклад, ужо згаданыя фестывалі «Тутака», «Сонцаграй», працяг фестывалю «Бардаўская восень». Больш за тое, жывучы тут ён вывучыў мясцовыя беларускія гаворкі. У той жа час ён пагаджаецца з меркаваннем спадарыні Ганны.

«Я таксама згаджуся, што гэтай «хіміі» няма, і прычына тут, мне здаецца, у тым, што цяпер кантакты нашыя, дыяспары і меншасці тут, адбываюцца на 30 гадоў пазней, чым, напрыклад, кантакты пакалення Ганны Кандрацюк, Яўгена Вапы з беларусамі з Беларусі, з Алесем Бяляцкім, БНФ тагачасным, моладдзю, якая стварала гэтую незалежную Рэспубліку Беларусь у пачатку 90-х. Тады было крыху прасцей, таму што і гісторыя мяжы, гісторыя падзелу была бліжэй да іх, чым цяпер. Ну адно тое, што праз два гады будзе 80 гадоў як існуе мяжа польска-беларуская ў цяперашнім яе варыянце. Яна ўзнікла ўпершыню ў гэтым месцы, яна адрэзала сем’і па абодва бакі мяжы. І калі яшчэ першыя пакаленні пасля усталявання мяжы між сабой утрымлівалі кантакт, то чым далей, тым, я думаю, менш было разумення, што ўвогуле адбываецца ў адной і ў другой краіне.

Я, прыехаўшы сюды 15 гадоў таму, шукаў беларускасці менавіта ў беларускай меншасці, і для мяне яны быў такой Атлантыдай нейкай страчанай. І вось я іх знайшоў, яны для мяне былі вельмі цікавыя, і мне вельмі хацелася ў нейкі спосаб далучыцца да гэтага. Хаця не скажу, што я далучыўся цалкам. Нягледзячы на тое, што не раз мог пачуць, што «ты вжэ наш пуодляш», пры гэтым свядомасць была такая, што ты не свой».

Comments are closed.