Loading

Вось ужо некалькі дзён палітычная і каляпалітычная супольнасць Беларусі абмяркоўвае сыход з Аб’яднага Пераходнага Кабінета прадстаўніцы па эканоміцы і фінансах Таццяны Зарэцкай. Свой сыход Зарэцкая матывавала пагрозамі ў адносінах да яе асабіста, блізкіх і бізнес-партнераў. Але гэта беларусаў не пераканала, і ў многіх узнікла пытанне: а як Зарэцкая ўвогуле патрапіла ў гэтую палітычную каманду. Скандалы вакол Кабінета, вынікі яго работы па выніках трох месяцаў і будучыню гэтай палітычнай структуры радыё Ўнэт абмеркавала з доктарам палітычных навук Паўлам Усавым.

Прыход у Аб’яднаны Пераходны Кабінет Таццяны Зарэцкай, а праз два месяцы яе сыход адтуль – што гэта было?

Па-першае, хачу адзначыць, чаму ўзнялася такая хваля каментароў, крытыкі і часам абурэння гэтым сыходам. Справа ў тым, што Кабінет, якія стварыўся тры месяцы таму, успрымаўся як шлях да нечага новага ў аспекце функцыянавання апазіцыі, лічылі, што гэта ключ да вырашэння ўнутранага крызісу, што гэта надасць імпэту для кансалідацыі апазіцыі, створыць пляцоўку для больш сістэмнай працы, якая прывядзе да кансалідацыі рэсурсаў і развіцця дадатковых структур, павысіць узровень аўтарытэту апазіцыі і той жа Ціханоўскай. Але атрымалася, што працэс фарміравання Кабінету быў у пэўным сэнсе закрыты і кулуарны, падыходы і выбар кандыдатаў быў не зусім зразумелы, па якіх параметрах абіраюцца ці ўваходзяць у гэты кабінет асобы. І фактычна пра дзейнасць Зарэцкай мала хто ведаў, асабліва калі мы кажам пра палітычную актыўнасць. Было некалькі публікацый, у тым ліку і спіс Forbes, а таксама інтэрв’ю на канале «Жізнь-маліна». Тая размова паказала, што чалавек не мае таго ўзроўню, які павінен быць у асобы ў крызіснай палітычнай сітуацыі, калі мы кажам пра Кабінет, які павінен вырашаць сур’ёзныя праблемы, што стаяць перад дэмакратычнай супольнасцю, перад Беларуссю. Гэта хутчэй быў прыватны выбар Ціханоўскай, і вобраз Зарэцкай, як мне падаецца, больш адпавядаў псіхатыпу Ціханоўскай, якая жадае мець вакол сябе людзей падобных і з якімі ёй камфортна, бо Кабінет усё ж такі ствараўся Ціханоўскай, яна і яе атачэнне вырашалі кадравыя пытанні. Таму цяжка сказаць, якія там механізмы былі задзейнічаны акрамя прыватнага добрага стаўлення да той ці іншай асобы. Гэта яшчэ раз сведчыць пра тое, што працэс працы з людзьмі, асабліва калі размова ідзе пра такую сур’ёзную структуру як Кабінет, які ў будучым павінен удзельнічаць у палітычных зменах і трансфармацыі ў самой Беларусі, мне падаецца вельмі павярхоўным і неадказным. Гэта сведчыць яшчэ, што і само стварэнне Кабінета разглядалася як нейкая гульня, няма сур’езнага стаўлення, каб гэтая структура развівалася і набывала вагу.

Вы таксама не бачыце вынікаў у дзейнасці Кабінета за тры месяцы?

Я не бачу вынікаў у дзейнасці Кабінета як органа, як палітычнай каманды. Ён нават да канца за тры месяцы і не сфарміраваўся. Няма не тое што вынікаў дзейнасці, няма стратэгіі, якая павінна была быць распрацавана і прадстаўлена грамадству. Усё працягвае функцыянаваць у нейкай закрытасці. Кабінет прыгадалі праз тры месяцы толькі тады, калі выявілі ў Сахашчыка расійскі пашпарт, зараз вось з-за сыходу Зарэцкай. То бок Кабінет абвалакваецца нейкімі негатыўнымі інфармацыйнымі нагодамі, а пазітыўнай павесткі няма. Асобныя выказванні Аліны Коўшык, Паўла Латушкі ці Валерыя Кавалеўскага праходзяць міма, бо фактычна гэта словы, за якімі няма ніякага прадукту дзейнасці. А вось скандалы, яны фактычна перабіваюць павестку і маюць значна большы эфект на тое, як успрымаецца Кабінет і яго дзейнасць вонкавымі гледачамі.

Павел, а як Вам ідэя зрабіць дзейнасць Кабінета напаўсакрэтнай? Яны спрабуюць прыкрыцца правіламі кампаній, але, мне падаецца, трэба адрозніваць карпаратыўную сферу і сферу публічнай палітыкі.

Я лічу недапушчальнай саму ідэю падпісання дакументаў, якія абмяжоўваюць магчымасць камунікацыі і разгалошвання нейкай інфармацыі, нават не пра дзейнасць кабінета, а пра Офіс Святланы Ціханоўскай. Бо гэты дакумент выпрацаваны Офісам, такі ж самі дакумент вымушаюць падпісаць у ByPol, такі ж самы дакумент вымушаюць падпісаць усіх, хто мае дачыненне да дзейнасці Кабінета. Такія дакументы гэта знішчэнне асноўных прынцыпаў дэмакратыі і свабоды слова. Гэта злачынныя антыдэмакратычныя паперкі, якія фактычна дыскрэдытуюць новую хвалю апазіцыі, гэта парушэнне ўсіх міжнародных канвенцый і Вы правільна сказалі, што такія дакументы могуць падпісваць карпарацыі, якія бароняць сваю ўласнасць, але дзейнасць Кабінета ці Офіса Ціханоўскай гэта не прыватная ўласнасць. Гэта публічныя арганізацыі, гэта дэмакратычныя арганізацыі, адзінай абаронай якіх можа быць галоснасць, празрыстасць і адказнасць. І, напэўна, калі гэтыя дакументы з’явяцца ў адкрытым доступе, гэта будзе вялікі крыж на дзейнасці Святланы Ціханоўскай, гэта будзе мець такі разбуральны эфект для апазіцыі, які не мелі рэпрэсіі. Бо гэта пакажа, што апазіцыя нічым не адрозніваецца ад той сістэмы, супраць якой апазіцыя змагаецца.

Поўную размову слухайце ніжэй:

Comments are closed.