У судзе кантону Санкт-Гален у Швейцарыі завяршыўся суд над экс-байцом беларускага спецыяльнага атраду хуткага рэагавання, які падчас прыходу Лукашэнкі да ўлады быў часткай «эскадрона смерці», Юрыем Гараўскім.
Ён у 2019 годзе, перабраўшыся з Беларусі ў Еўропу, публічна заявіў пра свой удзел у выкраданні і забойстве ў 1999 годзе апазіцыйных палітыкаў – экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага. Пракурор запытаў для Гараўскага пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі. Пра тое, чым важны гэты суд для беларускага і сусветнага грамадства мы паразмаўлялі з праваабаронцам «Вясны», былым адвакатам жонкі Віктара Ганчара Паўлам Сапелкам.
— Чаму Вы вырашылі паехаць на гэты суд і чаму для Вас гэта было важна?
— Гэты судовы працэс – заключная стадыя тае працы, якую правялі Федэрацыя за правы чалавека, Праваабарончы цэнтр «Вясна» і арганізацыя Trial International у прыцягненні да адказнасці чалавека, які меркавана быў вінаваты ў выкраданні людзей у Беларусі. Мы ад самага пачатку настойвалі на расследаванні гэтай справы і яе расследаванне ў выніку дазволіла пракуратуры перадаць гэтую справу ў суд.
З вясны мінулага года гэтая справа знаходзілася ў судзе. Яна разглядалася паводле такой змяшанай працэдуры – частка судовага працэсу адбывалася па-за залай суду, то бок, былі вывучаныя матэрыялы, якія прадставіў пракурор. І за гэтыя два дні была адзіная магчымасць на свае вочы пабачыць швейцарскае правасуддзе, пабачыць Гараўскага, пачуць на свае вушы часткова ягоную версію таго, што адбывалася. На жаль, дагэтуль яшчэ няма выраку. І, на жаль, абвяшчэнне гэтага выраку будзе непублічным, то бок, яго не будзе як такога. Будзе проста дасланы прысуд бакам.
— Сам Гараўскі зараз знаходзіцца ў зняволенні, ён пад вартай ці ён пад нейкімі іншымі мерамі стрымання?
— Не. Гараўскі быў затрыманы ў самым пачатку расследавання пракурорам і вызвалены, бо ў пракурора была ўпэўненасць у тым, што ён не будзе хавацца ад расследавання і ад суда. Іншымі словамі, яму няма куды бегчы. Ён шукальнік права на пражыванне ў Швейцарыі. І зараз ён таксама на волі, але яго возяць людзі са спецслжбаў на аўтамабілі. Ён знаходзіцца пад сталай аховай. Такім чынам ствараецца ягоная бяспека.
— У гэтым двухдзённым пасяджэнні было толькі апытанне Гараўскага ці вывучаліся яшчэ нейкі матэрыялы справы?
— Выступаў толькі Гараўскі. Ён адказваў на пытанні суддзі. І былі выступы прадстаўнікоў абвінавачвання – пракурора і прадстаўнка сем’яў пацярпелых, і выступ абаронцы Гараўскага.
— Наколькі, з Вашага погляду, тое, што гаворыць Гараўскі, адпавядае рэчаіснасці?
— Я, шчыра кажучы, не бачу для сябе магчымым браць на сябе ролю таго, хто ацэньвае правату альбо неправату Гараўскага. Тое, што ён распавядае і распавядаў да таго абвінаваўцу, пракурору – гэта ў цэлым збольшага не супярэчыць некаторым версіям, якія дагэтуль з’яўляліся ў Беларусі. Гэтыя ягоныя тлумачэнні дапаўняюць гэтыя версіі. Збольшага гэта цалкам можа быць праўдай.
— На Ваш погляд, пра што сведчыць гэты судовы працэс датычна ўсяго беларускага грамадства і той улады, якая зараз кіруе ў Беларусі?
— Па-першае, трэба разумець, што швейцарскія ўлады зараз выконваюць тыя абавязкі, якія нясуць беларускія ўлады перад сваім народам. Гэты працэс павінны былі ўжо даўно правесці беларускія ўлады. Таму што вялікая і большая частка гэтага злачынства ўжо раскрытая і расследаваная. І вызначаныя людзі, якім можна было б прад’яўляць абвінавачванне.
Але, паколькі беларускія ўлады ўхіляліся ад выканання сваіх абавязкаў і швейцарскія ўлады гэтыя абавязкі выканалі, то гэта, безумоўна, вельмі важна для прасоўвання прынцыпа ўніверсальнай юрысдыкцыі. Гэта прынцып прыцягнення да адказнасці людзей, якія здзейснілі злачынства не на тэрыторыі дзяржавы, дзе яны прыцягваюцца да адказнасці.
— Калі будзе абвінаваўчы прысуд, ці будзе гэта абвінавачванне беларускай уладзе ў тым, што адбывалася ў 1990-я гады?
— Гэта будзе цалкам такі шырокі крок да таго, каб прыцягнуць да адказнасці людзей, якія замаўлялі, планавалі і кіравалі гэтым злачынствам. Ці будуць яны пры жыцці прыцягнутыя непасрэдна да крымінальнай адказнасці залежыць ад шматлікіх чыннікаў. Але я хачу сказаць, што гісторыя бяжыць не лінейна, яна можа часам здзейсніць такі паварот, які цяпер уяўляецца неімаверным.
Што заўгодна можа адбыцца і ў беларускай уладзе. Нам важна, каб да таго часу максімальна былі расследаваны і падрыхтаваны доказы для таго, каб разгледзець у судах справы тых, хто вінаваты ў здзяйсненні асабліва цяжкіх злачынстваў паводле міжнароднага права.
І, урэшце, трэба памятаць пра тое, што гэты працэс нагадаў міжнароднай супольнасці, беларусам пра тое, што адбывалася ў 1999 годзе. Бо з таго часу ўжо нарадзілася і выгадавалася цэлае пакаленне беларусаў, шмат хто з якіх не ўяўляюць як прыходзіў да ўлады Лукашэнка. Шмат хто з тых, хто не ведае гэтай сітуацыі, можа цяпер разважаць чаму ўлада Лукашэнкі такая моцная, чаму ў Лукашэнкі атрымалася так цвёрда замацавацца ў цяперашнім становішчы.
— Ці зможа грамадскасць даведацца сам прысуд, да чаго прысудзяць Гараўскага і нейкую матывацыйную частку, якою суд абгрунтуе свае высновы?
— Мы ведаем дакладна, што прысуд урэшце рэшт будзе зроблены публічным. Прысуд будзе накіраваны ў СМІ. У якім аб’ёме гэта будзе зроблена я дакладна не скажу. Але «Вясна» дакладна будзе мець дасяг да поўнга тэксту прысуду.
Comments are closed.