Loading

Разлік на сілавы варыянт зменаў у Беларусі агучылі на мітынгу 23 ліпеня ў Беластоку каля беларускага Генеральнага консульства прадстаўнікі Грэнадзёрскай харугвы «Паспалітага рушэння». Ваяры-дабраахвотнікі заклікалі беларусаў незалежна ад полу і ўзросту ўступаць у свае шэрагі і тым самым працаваць на тое, каб Беларусь не аказалася паглынутай Расіяй.

Нядзельны мітынг у Беластоку быў заяўлены як акцыя пратэсту супраць пагрозы суверэнітэту Беларусі. Звычайна на такія мерапрыемствы збіраецца некалькі дзясяткаў чалавек – прамаўляюцца прамовы і ўключаюцца патрыятычныя песні. Адкрыўшы мітынг, актывіст дыяспары Ян Абадоўскі адзначыў: беларусы, якія жывуць за мяжой выказваюць пратэст таму, што адбываецца ў Беларусі.

— Усё больш і больш расійскіх наймітаў з ЧВК «Вагнер» прыбывае на тэрыторыю нашай краіны. Ёсць інфармацыя, што гэтых злачынцаў, тэрарыстаў будзе больш за 10 тысяч асоб. Яны сёння трэніруюцца разам з беларускім войскам. Рэжым вельмі хваліцца тым, што гэтыя найміты сёння знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, але мы самі дасканала ведаем, што гэта людзі, якія ваявалі ва Украіне, якія забівалі людзей, гэта злачынцы. Таму мы сёння выйшлі тут, каб паказаць, што ёсць беларусы, якія выступаюць супраць. Таксама мы выступаем супраць размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Мы выступаем супраць расійскіх ваенных баз. Мы хочам паказаць, што беларусы не зламаліся, беларусы далей гатовы вызваляць сваю краіну, беларусы сёння змагаюцца разам з украінцамі супраць расійскай агрэсіі. І мы будзем выходзіць і будзем змагацца да таго моманту, пакуль наша краіна не будзе вольнай, – заявіў Абадоўскі.

Ян Абадоўскі

Падчас выступлення спадара Яна, да мітынгу далучыліся каля дзесяці чалавек у камуфляжным адзенні з закрытымі маскамі тварамі. Як заявіў Абадоўскі, гэта Беларуская грэнадзёрская харугва. Іх камандзір з пазыўным «Шляхціч» узяў слова, заявіўшы, што настаў час вызваляць Беларусь і для гэтага трэба рыхтаваць сілы самаабароны. Ён заклікаў прысутных уступаць у харугву, дапамагаць фінансава фарміраваць беларускую армію.

У размове з Радыё Ўнэт Шляхціч пацвердзіў, што прысутнасць харугвы на мітынгу ёсць заклікам аб далучэнні.

— Самае страшнае, што зараз пагражае Беларусі, гэта ўваход у склад Расійскай Федэрацыі, як гэта было некалькі разоў у нашай гісторыі. Менавіта зараз будзе акно магчымасцей вызваліць нашу Беларусь. Калі мы гэтага не зможам зрабіць, мы страцім яе назаўсёды.

— А якім чынам мы можам яе зараз вызваліць?

— Мы рыхтуемся менавіта да сілавога вызвалення. Палітыкі, магчыма, рыхтуюцца да перамоў, але мы, сілавікі, рыхтуемся да сілавога вызвалення.

— Сілы адназначна няроўныя. Такіх як вы мала, а ў Лукашэнкі агромністае войска, спецслужбы…

— Без сумневу, мы не недаацэньваем нашага праціўніка. Таму мы тут, мы заклікаем беларусаў далучацца да нас. Усё залежыць толькі ад беларусаў. Сотні тысяч беларусаў з’ехалі з Беларусі, сотні тысяч знаходзяцца ў Польшчы. Калі ласка, далучайцеся», – заклікаў камандзір дабраахвотніцкага падраздзялення.

Больш падрабязна аб уступленні ў фармаванне распавёў адзін з чальцоў харугвы, які не пажадаў называць нават свой пазыўны.

— Я думаю, ужо ўсе ўцямілі, што мірным шляхам нічога не змяніць, што мы павінны «паказваць зубы». Ні ў каго з нашых продкаў, як мне здаецца, ні ў Касцюшкі, ні ў Каліноўскага, ні ў бацькоў-заснавальнікаў БНР не было такога шанца, які гістарычна зараз выпаў нам. Вы бачыце, што ўвесь свет прыкладае намаганні, каб гэтая імперская поскудзь, нарэшце, згінула і каб увесь свет, нарэшце, зажыў шчасліва і вольна без пагрозы, што на іх галовы паляцяць ракеты, ядзерная зброя ці нешта яшчэ падобнае. Таму, родныя мае, я вас усіх заклікаю… Да мяне было шмат пытанняў наконт харугваў, наконт нашых аб’яднанняў. Часта пытаюцца, ці патрэбны нам дзяўчаты, жанчыны. Часта пытаюцца, ці ёсць у нас нейкія абмежаванні па ўзросце ці яшчэ па чым. Я вам адразу адкажу, што не, мы не дзелім людзей ні па гендары, ні па расах, ні па нацыях, ні па рэлігіях, ні па чым. Нам патрэбныя ўсе, нам патрэбна любая дапамога. Гэта не азначае, што калі вам за 60 ці за 70, з вас будуць рыхтаваць штурмавіка. Не. Паверце, на аднаго байца прыходзіцца вельмі шмат людзей грамадзянскіх спецыяльнасцяў. Гэта, умоўна, кіроўцы, электрыкі, механікі, повары, офісныя работнікі. Трэба ўсе, трэба любая дапамога.

Прысутныя на мітынгу выказалі рашучы пратэст размяшчэнню ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі, запрашэнню расійскіх наёмнікаў, якія ваявалі супраць украінцаў, з групы Вагнера, а таксама патрабавалі вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.