Loading

Мінскі абласны суд 19 кастрычніка вынес смяротны прысуд Аляксандру Таратуце, які разам з Анастасіяй Таратутай, з асаблівай жорсткасцю забіў іх сумеснага трохгадовага сына. Маці асуджана на 25 гадоў зняволення. Праваабаронцы працягваюць настойваюць на тым, што расстрэл у даным выпадку ніяк не зменіць сітуацыю з падобнымі злачынствамі. Пра гэта заявіў каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэй Палуда.

Згодна паведамленняў СМІ, у Слуцку маленькага хлопчыка штотыдзень сістэматычна рукамі, нагамі, «неўстаноўленым тупым прадметам» збівалі бацькі ў стане алкагольнага ап’янення на глебе асабістага непрыязнага стаўлення. Дзіцяці наўмысна прычынялі працяглы боль, не кармілі, ён галадаў і быў даведзены да знясілення. Таксама хлопчык спаў у кухні на падлозе.

Былая сукамерніца Анастасіі Туратуты распавядала Праваабарончаму цэнтру «Вясна», што пасля таго, як муж пачаў збіваць дзіцёнка, Анастасія звярталася ў міліцыю, але яго толькі аштрафавалі. У 2023 годзе яна пыталася супрацоўнікаў сацыяльнай службы аб разводзе, але тыя раілі «захаваць сямʼю». Варта адзначыць, што маці забітага дзіцёнка – грамадзянка Расіі, але ў СІЗА яе ні разу не наведаў консул гэтай краіны.

Нягледзячы на невялікую паўзу ў вынясенні смяротных прысудаў, якая цягнулася больш за два з паловай гады, сітуацыя з імі застаецца складанай і не змяняецца ў лепшы бок, кажа Андрэй Палуда.

— Была пэўная паўза паміж вынясеннямі новых смяротных прысудаў, але мы ведаем, што ў мінулым годзе быў расстраляны Віктар Скрундзік. Ну а тое, што быў вынесены новы смяротны прысуд, то гэта сведчыць, што сітуацыя застаецца без вялікіх нейкіх змен у лепшы бок. Натуральна, што сама справа выклікае вельмі шмат эмоцый, таму што гэта справа звязана з забойствам бацькамі свайго дзіцёнка, з катаваннямі гэтага дзіцёнка. Гэта ўся гісторыя не пакідае ў баку, не выклікаўшы пэўных эмоцый у грамадстве, гэта натуральна.

А з другога боку, што зменіцца, калі расстраляюць гэтага Таратуту? Да гэтага расстралялі таго Скрундзіка, які, дарэчы, таксама быў жыхаром Слуцкага раёну. І ці паўплывала гэта неяк на дзеянні Таратуты ў адносінах да свайго дзіцёнка? Ніякім чынам не паўплывала, абсалютна. Тут праблема глыбей і вырашэнне яе адказам забойствам на забойства, як мы бачым, нічога не змяняе. Тут трэба разбірацца, чаму гэта адбылося. Што не зрабілі дзяржава і грамадства для таго, каб гэтага не адбылося? У нас процьма розных органаў апекі, органаў, якія займаюцца кантролем у сем’ях і г.д. Але як мы бачым, недакантралявалі, значыць, трэба глядзець, што не так у гэтай сістэме.

— З той інфармацыі, што мы маем, нібыта маці дзіцёнка звярталася ў міліцыю і іншыя органы з запытам, што рабіць.

— Гэта сведчыць, што, пра тое, што адбываецца ў сям’і, сігналы былі і неаднаразовыя. І ў міліцыю звярталіся, і ў органы апекі звярталіся і на гэта не было рэакцыі. Трэба разабрацца, задаць пытанне, чаму не было рэакцыі. Не было рэакцыі, таму што нехта паленаваўся выконваць свае абавязкі? Не было рэакцыі, таму што не хапала рэсурса, сіл і сродкаў, таму што былі занятыя іншымі? У тым ліку іншымі сем’ямі па справах? Колькі мы такіх выпадкаў ведаем, калі ставяць пытанне, каб адабраць дзяцей. Канешне, з гэтым трэба разбірацца ў першую чаргу. А расстрэл чарговы, як мы бачым, не з’яўляецца прафілактыкай, не дапамагае вырашаць праблемы.

Comments are closed.