Loading

Адмова супрацоўнікаў праходзіць паліграф справакавала раскол у ByPol: яны назвалі працэдуру ангажаванай і пагадзіліся на незалежную праверку. Як паліграф можа быць ангажаваным? Наколькі такая працэдура вартая даверу і хто правярае прадстаўнікоў беларускай апазіцыі? – радыё Ўнэт пагаварыла са спецыялістам-паліграфолагам Віталём Савюком.

—  Я працую паліграфолагам з 2013 года. У маёй працы былі перапынкі па розных прычынах, апошні час я працую ў Польшчы, з’яўляюся сябрам адной з асацыяцый украінскіх паліграфолагаў. Я там адзіны беларус з больш чым 60 сябраў гэтай арганізацыі. Займаюся правядзеннем праверак не толькі ў Польшчы, а ў прынцыпе па ўсёй Еўропе.

—  У нядзелю тэлеграм-канал МКБ паведаміў, што з ByPol працаваў адзін з лепшых украінскіх паліграфолагаў, Вы ведаеце, хто?

—  Я не ведаю, які паліграфолаг правяраў ByPol з Украіны, я ведаю, хто правяраў супрацоўнікаў ByPol з беларускіх паліграфолагаў. Я спадзяюся, што, калі гэта адзін з лепшых паліграфолагаў Украіны, ён заявіць пра гэта. Для мяне асабіста незразумела, калі пытанне тычыцца публічных канфліктаў, чаму людзі хаваюць свае імя. То бок, калі я правожу праверку, то я адказваю за яе вынік і не баяюся выслухаць крытыку на свой адрас. Украінскія паліграфолагі знаходзяцца ў бяспецы. Я працую ў камандзе з вядомымі ўкраінскімі паліграфолагамі, мы кантактуем, раімся і бываюць выпадкі, калі вельмі важныя праверкі рэзанансныя, яны фактычна праводзяцца сумесна, то бок мы аналізуем данныя праверак сумесна і абмяркоўваем, ці супадае ў нас меркаванне па тых ці іншых пытаннях.

—  Зміцер Балкунец назваў імя чалавека, які займаўся паліграфам у ByPol. Гэта спадар Сяргей Малікаў.

—  Я ведаю, што ёсць такі паліграфолаг. З беларускімі паліграфолагамі я ніколі не ішоў на кантакт. Чаму? Таму што ўсе паліграфолагі, якія працавалі ў Беларусі, яны знаходзіліся пад кантролем сілавых структур. Гэта відавочны факт. Для мяне такое супрацоўніцтва было непрымальным. У прынцыпе сваю дзейнасць у гэтай сферы я пачаў ва Украіне. Таму, так, ёсць такі паліграфолаг. Абмяркоўваць яго прафесіяналізм без яго прысутнасці я лічу некарэктным. Калі будзе магчымасць падыскутаваць з ім на гэтую тэму, я з задавальненнем гэта зраблю, але думаю, што ён адмовіцца.

—  Ці справабаў ByPol супрацоўнічаць з Вамі?

—  Не, ByPol ніколі не спрабаваў кантактаваць са мной. Не ведаю, з якіх прычын. Па маёй інфармацыі пасля перадачы з Алегам Талерчыкам, які з’яўляецца былым супрацоўнікам ByPol, у прыватнасці спадар Азараў стаў збіраць інфармацыю пра мяне. Магчыма, яму не спадабалася перадача і выказванні Алега Талерчыка, якія там прагучалі ў адносінах да Азарава. Скажам так, ён паспрабаваў знайсці нейкі кампрамат на мяне. Частка пэўнай інфармацыі былі апублікавана адным з супрацоўнікаў ByPol Лупаносавым у каментарах да відэа з Талерчыкам, але на працягу гадзіны яны яго выдалілі. Я гатовы публічна абмеркаваць гэта са сп. Азаравым, але таксама думаю, што ён наўрад ці на гэта пагодзіцца.

—  Супрацоўнікі ByPol не пагадзіліся праходзіць паліграф па пытаннях сп. Азарава. Як увогуле складаюцца пытанні? І як яны ўплываюць на вынікі?

—  Ёсць пэўныя методыкі, якія ў той ці іншай ступені выкарыстоўваюць усе паліграфолагі. Самі пытанні паліграфолаг як правіла карэктуе, таму што пытанні павінны мець пэўны парадак слоў, усе пытанні ўстаўляюцца ў такія тэставыя блокі, дзе могуць пытанні па тэме праверкі так і не па тэме. Чаму людзі адмовіліся? Я думаю, што тут пытанне даверу да спецыяліста, які будзе праводзіць праверку, таму што ад яго шмат залежыць. Магчыма супрацоўнікі палічылі, што гэтыя праверкі могуць трактавацца па-свойму. Напрыклад, калі чалавеку кажуць: у цябе не такія паказчыкі, то даказаць адваротнае чалавеку, які ў гэтым не разбіраецца, будзе вельмі складана. Таму, як і на праграме Белсата, так і пра правядзенні праверак знакамітых людзей, мы ў нашай камандзе аналізуем сумесна некаторыя вынікі, каб выключыць суб’ектыўнае стаўленне да чагосьці і зменшыць верагодныя памылкі. Паліграф гэта не ідэальны сродак, але ў большасці выпадкаў ён дапамагае выявіць некаторыя рэчы.

Я магу сказаць больш: гэта не першая група, пра якую я чую, якая не давярала паліграфу ByPol. Чаму такая атмасфера недаверу, трэба высветліць у тых, хто кіруе гэтымі працэсамі. Ёсць такое паняцце, як канфідэнцыяльнасць праверкі. Яе вынікі мы гаворым толькі заказчыку. Часта нават чалавек, якога мы правяраем, ён не ведае вынікаў гэтай праверкі. Большая частка праверак, якія я правожу, гэта праверкі пры працаўладкаванні, і многія нашыя кліенты, як правіла гэта ўкраінскія ІТ-кампаніі, яны час ад часу правяраюць усіх супрацоўнікаў. Кагосьці раз на паўгады, кагосьці раз на тры месяцы. І ў такім выпадку чалавек, якога мы правяраем, вынікаў праверкі не ведае.

Да мяне звярталіся розныя нашыя арганізацыі з просьбай правесці праверкі некаторых людзей. Калі ў мяне ёсць на гэта час, я іду насустрач. На жаль не так шмат часу, бо ў розных краінах праводзяцца праверкі. Я думаю, што я магу назваць адну арганізацыю, якая звярталася да мяне, і я дапамагаў, гэта «Паспалітае рушэнне».

—  А ці цяжка паліграф падмануць?

—  Падмануць паліграф вельмі цяжка, калі спецыяліст граматны, выконвае ўсе методыкі праверкі. Медыкаментозныя сродкі адназначна не дзейнічаюць, таму што гэта вельмі добра бачна паліграфолагу з вопытам у самым пачатку праверкі. Усе парады, якія можна знайсці ў Інтэрнеце, таксама малаэфектыўныя, калі правільна праводзіць праверку. Бываюць выпадкі, калі па розных прычынах немагчыма адказаць на пытанне адназначна, да прыкладу, ці мае чалавек дачыненне да падзеі ці не, такія выпадкі бываюць, гэта неабавязкова звязана з тым, што чалавек нешта ўжываў, гэта можа быць стомленасць, то бок шмат фактараў павінна быць улічана, каб павялічыць правільнасць праверкі. У нас была невялікая дыскусія з Алегам Талерчыкам, ён раней працаваў у Генеральнай пракуратуры і сутыкаўся з паліграфам, агульнапрызнаная сусветная статыстыка, што даставернасць паліграфа 85%. Я крыху не пагаджуся з Алегам, бо сітуацыі індывідуальныя, і, напрыклад, калі мы кажам пра дачыненне асобы да пэўнай падзеі, пры правільным выкарыстанні методык, даставернасць значна вышэй, вышэй за 90%

—  Колькі часу займае адна такая праверка?

— Калі браць непасрэдна размову, то самая простая праверка пры працаўладкаванні, 1.5-2 гадзіны. Праверкі, якія, скажам так, цікавяць беларускую апазіцыю, пытанні магчымай камунікацыі і зліву інфармацыі сілавым структурам, дзесьці тры гадзіны. Калі мы бачым рэакцыю на нейкія пытанні, то мы спрабуем высветліць усе падрабязна, таму можа быць да чатырох гадзін. Але гэта час, калі ты непасрэдна працуеш з чалавекам. Ёсць яшчэ час падрыхтоўкі і пасля час на аналіз інфармацыі.

Калі казаць пра працаўладкаванне, то цікавяць такія пытанні, як нарказалежнасць, лудаманія, наяўнасць буйных пазык. Гэта такія фактары рызыкі, якія іншым спосабам праверыць цяжка. У тым ліку і наяўнасць судзімасці. Таксама гэта пытанні пра зліў інфармацыі, махлярства на папярэднім месцы працы. У ІТ-сферы, дзе кампаніі канкурыруюць, правяраецца, ці не засланы чалавек для атрымання той ці іншай інфармацыі.

—  А цана пытання?

—  Усё залежыць ад колькасці пытанняў і ад чалавека, да прыкладу, калі гэта публічная асоба, то заўсёды ёсць пэўныя рызыкі. У Еўропе самая простая праверка пры прыёме на працу, без складаных пытанняў, каштуе ад 150 еўра. Я ведаю выпадкі ва Украіне, калі гэта было дзве тысячы долараў за чалавека. Большасць нашых кліентаў – гэта пастаянныя кліенты, якія гадамі нам давяраюць. Для іх лепш выдаткаваць грошы на правядзенне праверак, чым пасля атрымаць урон з-за дзеянняў нейкай асобы.

Скажу так: у нашай апазіцыі тэма праверак на паліграфе была недаацэнена, але тут трэба комплексны падход. Я яго пакуль не бачу. Бо пры правільным падыходзе да пытанняў бяспекі, мы маглі б пазбегнуць шмат правалаў, расколаў і ўцечак інфармацыі.

Comments are closed.