Loading

Першыя ранішнія навіны на Сёмуху, праваслаўную Троіцу: расійскія ракеты збітыя на падлёце да Кіева. Гэтым разам украінскую сталіцу абаранілі, хоць яшчэ гучыць рэха ўдара на мінулым тыдні, падчас якога загінулі дзве жанчыны і дзевяцігадовая дзяўчынка. Магчыма, ім бы ўдалося пазбегнуць смерці, калі б не замкнутае сховішча. П’яны ахоўнік своечасова не адчыніў дзверы ў паліклініку, дзе знаходзілася бяспечнае памяшканне. Ахоўнік, напэўна, адкажа за сваё глупства і выключную безадказнасць, але пакуль не адкажа галоўны віноўнік гэтай трагедыі. Больш за тое, Пуцін зноў можа разлічваць на падтрымку некаторых заходніх палітыкаў. У Эмануэля Макрона ёсць ідэя «адмяніць арышт Пуціна». Нават не верыцца, што такія словы гаворыць прэзідэнт краіны, якая лічыць сябе аплотам дэмакратыі і верхавенства права. Французскі лідар не толькі аспрэчвае рашэнні незалежнай міжнароднай судовай установы, але яшчэ і вяртаецца да раскладу, які дазволіў Пуціну напасці на Украіну.

У мінулыя выходныя дроны-камікадзе ўдарылі па Сумскай вобласці, ракеты ўзарваліся ў аэрапорце пад Крапіўніцкім. Упалі таксама на прыгарад Дняпра: 20 чалавек паранена, у тым ліку пяцёра дзяцей, трое з іх знаходзяцца ў цяжкім стане, двухгадовая дзяўчынка загінула. Калі я пішу гэтыя словы, пад заваламі ўсё яшчэ застаюцца людзі. 26 мая ў самім Дняпры ракета трапіла ў шпіталь: 30 параненых, трое загінулых. Невядома, куда цэліліся расіяне, але ў чарговы раз яны патрапілі не проста па грамадзянскіх будынках, а па паклініках і шпіталях. Амаль кожны дзень у выніку такіх атак гінуць дзеці. Пасля кожнай такой атакі мы павінны выклікаць на дыван амбасадара краіны-тэрарыста, патрабаваць тлумачэнняў ці ўрэшце рэшт выслаць яго з Польшчы. Дазволю сабе сумнявацца, што Парыж ці Берлін выклікалі на дыван расійскага амбасадара.

Па дарозе ў Днепр паглядаю на карту. Раён, куды патрапілі ракеты, знаходзіцца далёка ад майго пункта прызначэння. Азначае гэта, што мае сябры ў бяспецы. Недалёка ад месца траплення ракет знаходзіцца тое, што засталося ад крэпасці Кадак. Крыху забытае месца, але вельмі важнае для нашай гісторыі: апошняя крэпасць Рэчы Паспалітай, якая павінна была быць дзейсным сродкам абароны ад запарожскіх казакаў. Сёння засталіся толькі сляды земляных насыпаў і апісанні на старонках «Агнём і мячом»: «Я добра ведаю Кадак і парогі. З даўніх часоў часта туды ездзілі, і на душы сумна, што ўсё прайшо, мінула (…)».

Сёння мала ў каго з нашых суайчыннікаў назва ўкраінскага горада Днепр (да нядаўняга часу Днепрапятроўска) асацыюецца з гэтай знакамітай крэпасцю. З шаноўным Змітром Антанюком мы павінны былі туды патрапіць у 2022 годзе на лодках з Кіева па Дняпры, а пасля плыць далей, у бок Запарожскай Сечы – як гэта рабіў шмат гадоў таму Скшэтускі… Аднак наш 2022 год выглядаў інакш, і хоць горад Днепр часта зʼяўляўся на нашым шляху, але гэта быў шлях не турыстычны. Мы прыязджаем туды да нашых пабрацімаў, якія лякуюцца ў шпіталі, прывозім падарункі ці проста спыняемся на хвілінку па дарозе туды, дзе не сціхаюць гукі стрэлаў.

І зноў узгадваецца Сянкевіч: «Нягледзячы на небяспеку гэтага падарожжа, (…) намеснік не без задавальнення думаў пра яго. Ён пабачыць Днепр амаль па ўсёй яго даўжыні, аж да нізоўя і парогаў, а для тагачасных рыцараў гэта быў чароўны, таямнічы край, які прыцягваў усе авантурныя душы». Калі вы чытаеце гэтыя словы, з вокнаў нашых машын адкрываецца панарама Дняпра, плынь якога таксама вызначае наш маршрут.

Магчыма, менавіта там, далёка за дняпроўскімі парогамі, неўзабаве пачнецца ўкраінскае контрнаступленне, якое зменіць ход вайны. Былы кіраўнік ЦРУ генерал Дэвід Петрэус заявіў Бі-бі-сі, што ўкраінскае контрнаступленне будзе «моцным» і што мэтай украінскіх абаронцаў будзе вызваленне ўласнай краіны. У сваю чаргу прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падкрэслівае, што яго краіна ўжо гатовая да контрнаступлення. Летась украінскія вайскоўцы паказалі сваю эфектыўнасць, вызваляючы акупаваныя тэрыторыі вакол Кіева, у Харкаўскай вобласці і, нарэшце, вызваляючы Херсон. Пуцін у адказ можа толькі атакаваць ракетамі і іранскімі дронамі бяззбройных мірных жыхароў. Таму тым больш сёння не час даваць яму нейкія гарантыі бяспекі, адклікаць ордэр на арышт і заляцацца да яго, разлічваючы на будучы прыбытак. Расія разумее толькі мову сілы, і мы павінны разам з Украінай гэта паслядоўна дэманстраваць.

Аўтар: Paweł Bobołowicz.

Comments are closed.