Loading

У Беластоку прайшла сустрэча прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады, Аб’яднанага пераходнага кабінета і Руху беларускай салідарнасці з мясцовымі беларускімі актывістамі і ініцыятывамі. Кажучы пра магчымасці супрацоўніцтва, многія ўдзельнікі звярнулі ўвагу на фінансавую дапамогу, без якой шмат задуманага застаецца нерэалізаваным.

Як захаваць беларускую ідэнтычнасць за мяжой і ў Беларусі? На гэтае пытанне ў хабе «Новая зямля» шукалі адказу разам з беластоцкімі беларусамі госці – спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык, сузаснавальнік Руху беларускай салідарнасці Віталь Рымашэўскі, кіраўнік Беларускай школы ў Варшаве Алесь Лозка.

Беларуская ідэнтычнасць на Падляшшы тычыцца не толькі дыяспары, хоць і стаўшай шматлікай за апошнія два з паловай гады. Беларуская нацыянальная меншасць, якая спрадвеку жыве ў гэтых мясцінах, разлічвае, што новая хваля эміграцыі ідэнтычнасць будзе толькі ўзмацняць. Пра гэта казаў прафесар, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства Алег Латышонак. Ён нагадаў, што беларуская меншасць за часамі камуністычных улад была адзіная ў Польшчы, якая змагла стварыць свой антыкамуністычны падпольны рух. І цяпер, паводле яго, толькі пры палітычным змаганні ўдаецца дасягнуць пэўных вынікаў. А калі палітычныя мэты застаюцца ў баку, няма ўдзелу ў выбарах, высоўвання сваіх палітычных патрабаванняў, то страчваецца ўсё астатняе. Менавіта таму і паўстала сёлета востра праблема захавання ліцэяў з беларускай мовай навучання ў Гайнаўцы і Бельску-Падляшскім. Таму цяпер арганізацыі меншасці маюць намер прыняць актыўны ўдзел як у парламентскіх выбарах, так і ў выбарах у мясцовыя органы ўлады.

Беларуская прысутнасць у Польшчы вельмі разнастайная, адзначыў спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў. Яна ўключае і беларускую меншасць, і эканамічную эміграцыю, і грамадска-палітычных актывістаў. Агулам, па яго словах, за няпоўныя тры гады беларусы стварылі ў Польшчы каля пяці дзясяткаў арганізацый і ініцыятыў. У той жа час палітычныя структуры, у прыватнасці, Каардынацыйная рада і Аб’яднаны кабінет, даюць магчымасць вырашаць розныя палітычныя пытанні беларусаў у замежжы і ўплываць на сітуацыю ў Беларусі.

«Гэта дазваляе нам вырашаць пэўныя пытанні на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, урадаў ад імя беларусаў. Але ўся гэтая дзейнасць, якую мы вядзем, яна нічога не вартая, калі мы не абапіраемся на ваш голас і не ўсталёўваем наўпроставыя стасункі гэтых палітычных структур з вамі, і не ўдзельнічаем у вырашэнні вашых праблемам. Мы будзем бессэнсоўнымі, калі мы не будзем спрыяць вырашэнню практычных пытанняў, якія існуюць у беларускіх супольнасцях у самых розных гарадах Польшчы. Але мы таксама будзем бессэнсоўныя, калі гэтая грамадска-палітычная актыўнасць будзе скіравана толькі на тое, каб даць магчымасць уладкавацца беларусам у тых краінах, дзе яны апынуліся. Калі гэтая актыўнасць не будзе скіравана на падтрымку беларусаў і беларускага супраціву ў Беларусі».

Андрэй Ягораў

«Палітычныя структуры даюць магчымасць абазначаць тую дапамогу, якая патрэбна ініцыятывам»,– заявіла Аліна Коўшык. У той жа час яна адзначыла, што ў многіх краінах дыяспары самафінансуюцца альбо карыстаюцца з мясцовага фінансавання. Перад сустрэчай у хабе госці мелі спатканне з кіраўніцтвам Беластока, дзе ставілі пытанні адносна фінансавай дапамогі беларусам. Адным з адказаў была прапанова падавацца на гранты, распавяла прадстаўніца Кабінета, падкрэсліўшы, што з боку кіраўніцтва горада ёсць дэкларацыя дапамогі.

Другое пытанне – магчымасць вывучаць беларускую мову прадстаўнікам дыяспары, а не толькі меншасці. На сустрэчы за адпаведныя змены ў заканадаўства праходзіў збор подпісаў. Акрамя таго Аліна Коўшык, пагадзілася з Алегам Латышонкам і адзначыла першачарговасць задачы захавання беларускамоўнасці ў мясцовых ліцэях. У тэму беларускамоўнага навучання спадар Алесь Лозка распавёў, што ёсць магчымасць адкрыць некалькі суботніх афлайн-школ у некаторых гарадах Польшчы.

Сярод новых ініцыятыў, якія расказвалі пра сваю дзейнасць, гістарычны клуб Beer&history, курсы «Мова Нанова», рэдакцыя інтэрнэт-выдання «Мост», хаб «Новая зямля». Да сустрэчы прымеркавалі і выставу алічбаваных копій малюнкаў палітзняволенага Паўла Севярынца. Адна з карцін была падаравана мэрыі Беластока. Пра тое, што зараз адбываецца з палітвязнем радыё Ўнэт распавёў Віталь Рымашэўскі.

«Агульна я магу сказаць, што яму зараз складана, таму што ён у такіх жа ўмовах, як і іншыя палітвязні-лідары. На яго аказваецца такі ціск, калонія стварае самыя неспрыяльныя ўмовы для яго знаходжання, і фізічна гэта вельмі складана. Па просьбе сваякоў мы не распавядаем больш, але сёння я заклікаў бы ўсіх слухачоў, прынамсі тых, хто з’яўляецца вернікам, да малітоўнай падтрымкі, а астатніх – да пасільнай падтрымкі беларускіх палітвязняў. Таму што сёння, як ніколі, патрэбна падтрымка іх сем’ям. Гэта можа быць фінансавая падтрымка ці проста дасыланне лістоў. Гэта вельмі істотна, і тое нямногае, што можам зрабіць мы».

Віталь Рымашэўскі

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.