«Вынікі саміту добрыя, але калі б было запрашэнне, яны былі б ідэальнымі». Пра гэта Уладзімір Зяленскі заявіў падчас супольнай прэс-канферэнцыі з генсакратаром NATO Енсам Столтэнбергам.
У Вільні лідары краін альянсу пацвердзілі, што Украіна стане чальцом NATO, але канкрэтныя тэрміны не агучылі. Вядома, што Кіеў далучыцца да вайскова-палітычнага блоку па спрошчанай схеме.
Віленскі саміт, сумесны сняданак Ціханоўскай з міністаркамі абароны краін NATO і «вагнэраўцаў» у Беларусі, у эфіры радыё Ўнэт абмеркавалі ўкраінскі палітолаг Яўген Магда і спецыяліст па нацыянальнай бяспецы Аляксандр Казак.
Сцісла ў размове:
- NATO зацікаўлена не толькі Украінай, але і Беларуссю. Пабудаваць стабільную архітэктуру бяспекі ўсходняга флангу без Беларусі альбо без пэўнай лаяльнасці Мінску, проста немагчыма.
- Сняданак Ціханоўскай з міністаркамі абароны краін NATO не мае нейкага вызначальнага характару. Але на такіх мерапрыемствах выбудоўваюцца кантакты. Святлане, па вялікім рахунку, засталося два гады ў якасці прэзідэнта-электа і наступныя выбары ў Беларусі пройдуць, відавочна, без яе. І тут пытанне: што Ціханоўская будзе рабіць далей?
- Ёсць адчуванне, што NATO правяло аперацыю пад прыкрыццём. Яны шмат казалі пра тое, што можа атрымаць ці не атрымаць Украіна, а ў гэты час праводзілі перамовы з Рэджэпам Эрдаганам. У выніку Турцыя пагадзілася на ўступленне Швецыя ў альянс.
- Прыгожыну патрэбная палітычная прывязка. Чым ён будзе займацца ў Мінску? Трэнаваць «вагнэраўцаў»? Здабываць торф? Ці арганізоўваць кулінарныя конкурсы на найсмачнейшы дранік? Усё гэта яму нецікава, таму і рабіць у Беларусі яму няма чаго.
Comments are closed.