Loading

Што ўяўляе і на што мусіць быць накіраваны беларускі бізнес у эміграцыі? Гэтая тэма стала адной з абмеркаваных на дыскусійных платформах падчас сёлетняга фестываля абуджаных «Тутака». На фоне агульнага пагаршэння стаўлення да беларусаў у сувязі з развязанай Пуціным і Лукашэнка вайной, нашым суайчынікам у замежжы важна стварыць моцную ўплывовую супольнасць, лічыць сузаснавальніца арганізацыі «Беларуская супольнасць бізнесоўцаў», якая першапачаткова з’явілася ва Украіне, Наталля Красько.

Аляксандр Кныровіч, Наталля Красько, Васіліса Дзегцярэнка, Аляксей

18% людзей, эміграваўшых з Беларусі, адносяць сябе да прадпрымальніцкага класу, у той час як на Радзіме такіх каля 4,4%. Такія лічбы прывёў вядучы дыскусійнай панэлі Аляксандр Кныровіч. Але каго можна лічыць беларускім бізнэсам, асабліва калі браць пад увагу тую акалічнасць, што беларусы вельмі лёгка асімілююцца і не маюць такіх традыцый зямляцтваў у замежжы як шэраг іншых народаў.

Беларускім бізнесам варта лічыць той, які быў рэлакаваны з Беларусі, лічыць Наталля Красько. «Калі браць па вызначэнні, то беларускі бізнес гэта бізнес, які мае ў Беларусі адчыненыя прадпрыемствы і сюды выязджае, рэлакуецца, стварае свае філіялы, стварае свае аддзяленні і г.д. У нас унікальная сітуацыя і мы, па сутнасці, будуем тут новае грамадства».

А вось як адказала на пытанне, каго лічыць беларускім бізнесам у замежжы Васіліса Дзегцярэнка, кампанія якой займаецца лагістыкай. «Як вызначыць, ці мой бізнес беларускі ці не? Маёй фірме ў лістападзе будзе 14 гадоў. Я павінна была выступаць на канферэнцыі, прысвечанай лагістыцы паміж Польшчай і Украінай, і ў апошні момант я атрымала адмову ва ўдзеле, таму што мая фірма беларуская, беларуска-польская. Таму адказ адназначны – мой бізнес беларускі, таму што я беларуска, таму што ў мяне працуе 40-50% людзей беларусаў».

Пагаршэнне стаўлення да беларусаў, і ў прыватнасці да беларускага бізнесу ў Польшчы адчувалі за апошні час многія. Паводле Васілісы Дзегцярэнка, раней беларуская нацыянальнасць дазваляла лягчэй наладжваць кантакты і працаваць. «Зараз польскі ўрад спрабуе працягнуць у санкцыйныя пакеты тое, каб беларускія грамадзяне не маглі адкрываць тут транспартныя фірмы. Для мяне гэта прыкра, і я пра гэта размаўляю з палякамі».

У сваю чаргу бізнэсовец Аляксей, які валодае гасцініцай і рэстаранам у Беластоку, адзначае, што зараз адносіны да беларусаў і беларускага бізнесу сталі лепш пасля рэзкага пагаршэння ў пачатку расійска-ўкраінскай вайны.

Важна быць часткай свайго грамадства, нават знаходзячыся за мяжой, і будаваць яго, грунтуючыся на самаарганізацыі, упэўнена Наталля Красько. Яна распавяла Радыё Ўнэт пра ствараемую зараз у Польшчы «Беларускую супольнасць бізнесмэнаў», скарочана БСБ, і задачы, якія збіраецца вырашаць гэта асацыяцыя.

«Зараз ёсць запыт на грамадства і ён застаецца. Людзі вымушана выязджаюць. Ёсць у нас суполка ва Украіне, ёсць у Польшчы, ёсць у Літве. Гэта жывыя суполкі. Будуем з нізоў. У нас самаарганізацыя, самакіраванне на тое, каб людзі ўключаліся і самі ініцыявалі… На сённяшні дзень тое, што яны ініцыююць, гэта жаданне сустрэцца, абмяняцца досведам, досведам вядзення бізнеса ў Польшчы, у прыватнасці. Запрасіць экспертаў, запрасіць польскіх экспертаў, польскі бізнес. Мы самі нешта арганізуем тут. Такія пакуль запыты, таму што перыяд адаптацыі, але хацелася б, каб мы выраслі далей на сумесны прадукт. Пакуль я гэта раблю ў межах праекта з ЕБРР. Мы робім такую анлайн-кансультацыю, дзе кансультанты збіраюцца і яны распрацоўваюць такі прадукт для нашага БСБ, і гэта выклікае такія моцныя эмоцыі, таму што кансультанты ў сваёй практыцы кансалтынгавай не будуць партнёрыцца, яны не ведаюць як гэта. А ў грамадскім праекце яны ўбачылі, адчулі, паспрабавалі. Калі мы далей разам з будзем такія сумесныя дзеянні рабіць… То бок нешта зрабілі разам. Пакуль я прапаную, напрыклад, у нас гадавіна БСБ, хто гатовы паўдзельнічаць? Альбо мы ўдзельнічаем у выстаўцы, хто як валанцёр прыйдзе? І так у нас ствараецца такая часовая каманда, людзі ўкладваюцца як валанцёры, і гэта выклікае моцныя эмоцыі.Далей мы, магчыма, створым фільм пра беларускі бізнес, альбо пойдзем выступім на праграме для польскага тэлебачання, альбо запросім палякаў, зробім пляцоўку сумесна з іх супольнасцю».

 

Comments are closed.