Loading

Народная амбсада Беларусі ў Ізраілі актыўна ўключылася ў дапамогу суайчыннікам, якія апынуліся ў краіне падчас ваеннага канфлікту і не могуць выехаць. Да прыкладу разам з Народным антыкрызісным упраўленнем разглядаецца магчымасць супрацоўніцтва з польскімі партнёрамі, каб забяспечыць эвакуацыю некалькіх сем’яў на бартах, арганізаваных польскім урадам. Таксама наладжана супрацоўніцтва з Народнымі амбасадамі Беларусі ў іншых краінах. Колькі чалавек ужо звярнулася па дапамогу і якія сёння ёсць бяспечныя шляхі пакінуць Ізраіль, радыё Ўнэт расказаў прадстаўнік Народнай амбасады ў Ізраілі Аляксандр Фруман.

— Мы не можам зрабіць сурʼёзныя рэчы, бо мы не амбасада з нейкімі будынкамі, дыпламатычнымі аўтамабілямі і сувязямі. Але ў беларусаў у Ізраілі ўзніклі праблемы і мы ўключыліся ў работу. Трэба размяжоўваць беларусаў: ёсць тыя, хто можа вярнуцца ў Беларусь, а ёсць палітычныя ўцекачы, якія жывуць у краінах Еўропы і не могуць вылецець у Беларусь. Мы хочам дапамагчы ўсім. Спрабуем зразумець, у каго рэйсы былі адменены, якая гэта прыкладна колькасць людзей, і з дапамогай Народных амбасад краін Еўропы арганізаваць эвакуацыю. Да прыкладу, звярнуцца ў МЗС іншых краін з просьбай выдзеліць адно-два месцы на эвакуацыйным рэйсе для такіх людзей з Беларусі.

— А колькі чалавек ужо да вас звярнулася?

— Больш за 10 чалавек.

— Я бачыла, што вы ўжо з Польшчай працуеце па гэтым пытанні. Ці ўдалося дасягнуць вынікаў?

— Яшчэ раз хачу падкрэсліць, што мы нічога нікому не абяцаем. Адначасова мы яшчэ раім людзям, якімі шляхамі можна выехаць з Ізраіля. Напрыклад, людзі з поўдня Ізраіля, з далёкага поўдня, мы раім, як можна пераправіцца на Сінайскі паўвостраў і адтуль ужо з Егіпта вылецець у бок Беларусі. Ці праз Кіпр, ці праз іншыя краіны, у якія яшчэ лётаюць самалёты.

Наконт Польшчы: кіраўнік НАУ Павел Латушка вядзе перамовы з польскім МЗС, просіць уключыць у эвакуацыйныя спісы беларусаў. У нас ёсць некалькі чалавек, якія знаходзяцца пад міжнароднай абаронай у Польшчы. Зразумела, што польскія ўлады перш за ўсё клапоцяцца пра сваіх грамадзян, якіх тут нямала. Бо польская нацыя, яна даволі рэлігійная, а ў Ізраілі знаходзяцца асноўныя хрысціянскія святыні. Таму вельмі шмат польскіх турыстаў, паломнікаў. Мы гэта разумеем. Павел Латушка падключыў усе свае сувязі, але пакуль вынікаў няма, на жаль.

Да тых, хто знаходзіцца пад міжнароднай абаронай, у нас асаблівае стаўленне. Ёсць ініцыятыва паспрабаваць праз дыяспары сабраць сродкі і набыць людзям білеты, паколькі цэны вельмі падскочылі. Шмат турыстаў, гасцей і працоўных хоча пакінуць Ізраіль. І тут я хачу сказаць, што ў расійскіх і беларускіх СМІ, якія звязаны з рэжымам, былі паведамленні, што ізраільцяне ўцякаюць з краіны, але гэта зусім не так. Усе, хто хоча выехаць, гэта менавіта турысты, госці і замежныя працаўнікі, таму цэны на білеты выраслі, і многія беларусы не могуць дазволіць сабе іх набыць. Але пакуль гэтая ініцыятыва яшчэ прапрацоўваецца.

— А раскажыце, якія опцыі ёсць для тых, у каго толькі беларускія пашпарты? Праз якія краіны можна выехаць? Ці патрабуюцца візы?

— Егіпет – гэта бязвізавая для беларусаў краіна. Ёсць памежны пераход «Эйлат-Таба», яго можна перасекчы. І я думаю, што з Шарм-аль-Шэйха ёсць якія-небудзь рэйсы ў Турцыю ці ў іншыя краіны, у Азербайджан, напрыклад. Але зноў жа, людзям, якія клапоцяцца пра сваю бяспеку і лічаць, што рэжым іх можна пераследаваць, лепш не ехаць праз скраіны СНД. Выбірайце лепш іншыя маршруты, напрыклад, праз Кіпр, які знаходзіцца вельмі блізка, таму я не думаю, што будзе высокі кошт білетаў. На жаль, буйны перавозчык WizzAir адмяняе палёты, і гэта самы буйны ўдар па перавозках.

— А чым яшчэ можа дапамагчы Народная амбасада беларусам? І як з вамі звязацца?

— Нас можна знайсці ў сацыяльных сетках – Народная амбасада Беларусі ў Ізраілі. Пісаць па ўсіх пытаннях можна на [email protected]. Мы можам кансультаваць па розных пытаннях. Напрыклад, я ўжо жыву 25 гадоў у Ізраілі, таму магу расказаць, як весці сябе падчас паветранай трывогі, у якой частцы Ізраіля зараз знаходзіцца больш бяспечна. Таму гэта любыя пытанні бяспекі. Мы ўжо прывыклі да такіх сітуацый, безумоўна, зараз крайняя ступень, такая вайна-вайна, але мы спрабуем дапамагчы. Можам перакласці якія-небудзь незразумелыя рэчы.

— Сёння яшчэ бачыла, што ізраільскія СМІ адрэагавалі на артыкул у «Мінскай праўдзе». А ці ў цэлым адсочвае Ізраіль рэакцыю беларусаў на тое, што адбываецца?

— Беларусь, безумоўна, не цэнтральная краіна, за якой сочаць у Ізраілі. Але безумоўна такія адыёзныя паведамленні, якое было ў «Мінскай праўдзе», адсочваюць. Мы бачылі таксама, што прапагандысцкі канал апублікаваў інфармацыю пра тое, што 40 забітых дзяцей гэта ўсё выдумка журналісткі, адбываецца такая «бучызацыя» усёй нашай трагедыі. Ужо выйшаў артыкул у адным з цэнтральных СМІ, пра тое, як рэжым Лукашэнкі рэагуе. Дарэчы, тут рэжым успрымаецца як адна з частак «восі зла». Мы таксама стараемся ўздымаць гэтую тэму і паказваць усю сутнасць беларускага рэжыму.

Comments are closed.