Loading

У Дубічах Царкоўных, што ў Гайнаўскім павеце непадалёк ад мяжы з Беларуссю, 9 чэрвеня распачынаецца фестываль традыцыйнай беларускай культуры Soncahraj. На працягу месяца ў розных мясцовасцях Падляшскага ваяводства адбудуцца канцэрты, якія арганізатары пазіцыянуюць як аўтэнтычную беларускую музыку без сучаснай аранжыроўкі. Распавядае наш беластоцкі карэспандэнт Уладзімір Лапцэвіч.

Арганізатары фестываля Soncahraj пазначаюць яго як самую буйную лакальную фальклорную імпрэзу. Чатыры канцэрты, якія былі запланаваныя яшчэ напачатку падрыхтоўкі фестываля, паводле прадстаўніка фонду «Тутака» Зміцера Косціна, які акурат і займаўся іх арганізацыяй, будуць праведзены – некаторыя гурты ўжо прыехалі, хтосьці яшчэ ў дарозе, гмінныя цэнтры культуры таксама выконваюць узятыя на сябе ролі па дапамозе ў правядзенні імпрэз.

Першы канцэрт фестываля павінен распачацца а 17 гадзіне 9 чэрвеня ў Дубічах Царкоўных, што на Гайнаўшчыне, наступны 10 чэрвеня – у вёсцы Саколе Міхалоўскай гміне, а 18-га – у вёсцы Цеснае каля Супраслі непадалёк ад Беластока. Вялікі фінал запланаваны на 24 чэрвеня на Семяноўскім вадасховішчы ў вёсцы Бандары гміны Міхалова. Арганізатары разлічваюць на тое, што гледачоў прынамсі на першыя два канцэрты будзе досыць, улічваючы добрае надвор’е, пры якім прыемна пабыць на свежым паветры, і слухаючы народную музыку, паспяваць і патанцаваць. Кажа Зміцер Косцін.

«Што будзе адметнае? Напэўна, найбольшая адметнасць чым будуць розніцца бліжэйшыя тры канцэрты – выступы мясцовых калектываў. Гэта наша задума пачатковая каб прадстаўляць, аднаўляць, вяртаць да жыцця фальклор беларусаў Беласточчыны. Гуртоў, якія традыцыйным фальклорам займаюцца, засталося не так шмат. Тыя, якія ёсць, большасць з іх паволі ад старых песень, песень іх бацькоў, дзядоў адыходзяць. Таму што новая мода. Штогадовыя конкурсы, напрыклад, беларускай песні, якія арганізуе Беларускае грамадска-культурнае таварыства, там рыхтуюць штораз новыя песні, нярэдка аўтарскія. Таму адыходзіць гэты аўтэнтычны фальклор з гэтай тэрыторыі Беласточчыны кудысьці далёка, і маладзейшае пакаленне ўжо не чуе ані гэтых спеваў, ані ведае што, акрамя бяседных, шырокавядомых песень, былі таксама песні і вясельныя, і абрадавыя, жніўныя. Адным словам, гэта асноўнае, на што мы хочам звярнуць увагу», – распавёў арганізатар фестываля.

Павел Станкевіч і Зміцер Косцін

Такім чынам на першыя тры канцэрты, якія, адбудуцца сёння ў Дубічах Царкоўных, заўтра ў Саколе, а 18 чэрвеня – у вёсцы Цеснае каля Супраслі, што побач з Беластокам, дабірацца можна сваім альбо грамадскім транспартам. На заключны канцэрт 24 чэрвеня з Беластока ў вёску Бандары гміны Міхалова плануецца арганізаваць спецыяльны аўтобус. Як запэўніваюць арганізатары, чагосьці падобнага фестывалю Soncahraj у беларусаў у Польшчы яшчэ няма.

Comments are closed.