Loading

5 кастрычніка ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень настаўніка. У гэты дзень у 1966 годзе прайшла парыжская канферэнцыя аб статусе педагогаў. Тады і быў падпісаны першы міжнародны дакумент, які вызначыў прававы статус работнікаў сферы адукацыі.

А ў 1994 годзе ЮНЕСКА абвясціла 5 кастрычніка Днём настаўнікаў.

Пра тое, як настаўнікі дапамагаюць дзецям захаваць самаідэнтычнасць у новай для іх краіне і чаму прафесія педагога губляе прэстыжнасць, распавяла дырэктар Школы пры Цэнтры беларускай салідарнасці Хэлена Нядзвецка.

Сцісла ў размове:

  • На сённяшні дзень Школа ЦБС – самая вялікая беларуская адукацыйная пляцоўка ў Польшчы. У нас вучыцца 260 дзетак (200 з Беларусі і 60 з Украіны). У школе працуе 16 педагогаў. Яны выкладаюць 12 прадметаў (сярод якіх беларуская і ангельская мовы, гітара, лепка з гліны, шахматы).
  • Працаваць з дзеткамі значна прасцей, чым з бацькамі. Ёсць такія дарослыя, якія кажуць, што мы ўсё робім няправільна і настаўнікі ў нас кепскія. Прычым гэтыя самыя незадаволеныя бацькі прыводзяць да нас сваіх дзетак ужо больш за два гады. Пытаемся, ці ёсць прапановы як палепшыць працу школы? Маўчаць.
  • У чэрвені мы адкрылі тры групы па вывучэнні беларускай мовы. У кожнай з іх па 10 дзетак. Адметна, што за чатыры месяцы існавання груп з іх не адсеялася ніводнай асобы. Цікава, што разам з беларусамі на моўныя заняткі ходзіць адзін хлопчык з Украіны.
  • Гэта цяжка прызнаць, але знайсці фінансаванне на беларускую мову значна больш складана, чым, напрыклад, на польскую. Сёння ўрокі роднай мовы ў школцы ЦБС спансуюць выключна беларускія айцішнікі. Ні айчынны бізнес у выгнанні, ні палітыкі нам не дапамагаюць.
  • Да нас у цэнтр нядаўна прыйшоў хлопчык, сям’я якога толькі пераехала з Беларусі. У верасні ён пайшоў у польскую школу. І калі я спытала як яму тут вучыцца, то дзяцёнак са здзіўленнем адказаў: «Вы не паверыце, але на мяне тут не крычаць».

Comments are closed.