Loading

Даволі незвычайная ў цяперашняй сітуацыі акцыя прайшла ў канцы мінулага тыдня ў Кіеве. Памяць загінулых за Украіну беларусаў ушаноўвалі ўкраінскія школьнікі.

Вучні восьмых, дзявятых і дзясятых класаў спецыялізаванай школы № 49 з паглыбленым вывучэннем французскай мовы Шаўчэнкаўскага раёну горада Кіева разам са сваімі настаўнікамі зладзілі акцыю ўшанавання памяці беларусаў, якія загінулі за свабоду ва Украіне.  Суарганізатарамі акцыі памяці выступілі беларускі клуб  Lićviny з Вільні, прадстаўнікі беларускай дыяспары г. Беластоку і полк імя К. Каліноўскага

24 партрэты беларускіх герояў, што аддалі свае жыцці ва Украіне, пачынаючы ад Рэвалюцыі годнасці і аж да апошніх дзён паўнамаштабнай вайны школьнікі змясцілі на сцяну памяці, якою ад пачатку расійска-ўкраінскай вайны стала сцяна Міхайлаўскага залатаверхага манастыра ўздоўж вуліцы Трохсвяцкай у Кіеве.

Намесніца дырэктара 49-й школы спадарыня Алена распавяла пра тое, чаму ў школе зацікавіліся беларусамі, якія абараняюць Украіну.

— Шчыра кажучы, да гэтага нас заахвоціла наша валанцёрка, якая вучыцца таксама ў нашым класе – Лізанька, на жаль, зараз яна пераехала ў Польшчу. І яны зрабілі для школы такія невялікія падарункі – кампутары. І з гэтай дэлегацыяй валанцёраў прыязджалі якраз трое дзяўчат – Людміла, Вольга і Наталля, з Беларусі. І мы тады дамовіліся, ходзячы гэтаю вуліцай, гледзячы на гэта. Мы хадзілі ўшаноўваць памяць беларусаў, якія загінулі ў нас падчас Майдана. І мы дамовіліся пра тое, што мы зробім такую невялікую акцыю з дзецьмі з нашай школы – ушануем памяць людзей, якія ваююць за нашу вольную Украіну.

— Мы распавядалі. Таму што, насамрэч, стаўленне (спачатку) было агрэсіўнае. І зараз не ўсе разумеюць, што адбываецца там у Беларусі, і чаму Беларусь падтрымлівае Расію. Таму мы гаварылі. І, калі ў нас была гэтая дэлегацыя – валанцёры, у нас ёсць хлопчык такі маленькі, у першым класе. Ён, калі пачуў, што гэта з Беларусі – адразу так жахліва паглядзеў на іх. Але своечасова яму сказалі, што гэта тыя, хто супраць вайны, што яны супраць Расіі, а за Украіну. Тады ён супакоіўся. То бок, дзеці ведаюць пра ўсё. Дзеці, хоць яны і маленькія, але яны чуюць, чытаюць, бачаць. Таму мы вельмі ўдзячныя, што мы пазнаёміліся з такімі ваярамі. І спадзяемся, што надалей мы таксама працягнем такое нашае сяброўства з Палком Каліноўскага і з тымі, хто супраць вайны і хто за Украіну.

Дзеці падыйшлі да Міхайлаўскай плошчы, каб вырушыць да сцяны манастыра, дзе мы ўсе сустрэліся, і я пачаў спрабаваць паразмаўляць з юнымі ўдзельнікамі акцыі, імкнучыся высветліць у іх ці разумеюць яны, хто тыя людзі, партрэты якіх яны трымалі ў руках. Першым з іх аказаўся вучань 8-га класа Андрый:

— Не зусім разумею, што гэта за людзі. Але, людзі з Беларусі, якія перайшлі на бок Украіны і супраць улады Лукашэнкі.

— А на якім баку яны былі раней, да таго, як перайшлі?

— Раней, не ведаю, можа яны і не былі на баку Лукашэнкі. Можа яны і адразу перайшлі на бок Украіны.

— Як ты мяркуеш, чаму беларусы – у іх ёсць свая краіна, там свае праблемы, а яны прыехалі ваяваць ва Украіну?

— Таму што яны не хочуць каб Лукашэнка доўга сядзеў пры ўладзе. Яны хочуць свабоды, каб ісці бліжэй да Еўропы і не быць з Расіяй.

— А як вайна ва Украіне звязаная з гэтым?

— Калі Расія прайграе, то для праўлення Лукашэнкі гэта будзе вельмі кепска. І ён можа і не быць болей прэзідэнтам.

Акцыя, якую запланавалі на 10-ю гадзіну раніцы, адбылася на 2 гадзіны пазней. Калі дзеці і настаўнікі сабраліся каля Міхайлаўскай плошчы, на якой чакалася наведванне кіраўнікамі афрыканскіх краінаў, што ў той дзень якраз былі з візітамі ў Кіеве, пачуліся гукі паветранай трывогі. Дзеці мусілі бегчы ва ўкрыцці. Праз некалькі хвілін пасля таго, як школьнікі з партрэтамі беларускіх герояў у руках паспелі схавацца на найбліжэйшай станцыі метро, над Кіевам пачуліся выбухі.

Затое, ва ўкраінскіх школьнікаў было даволі шмат часу для зносінаў з ваяром батальёна «Волат» Палка імя Кастуся Каліноўскага Аляксандрам Клачко з пазыўным «Кусь», якога запрасілі да ўдзелу ў акцыі. Аляксандр распавядаў пра тое, што адбываецца зараз у Беларусі, чаму яно менавіта такім чынам адбываецца. Распавядаў Аляксандр і проста розныя баявыя моманты з гэтай вайны.

— Шчыра кажучы, для мяне кідалася ў вочы зусім не дзіцячая разважлівасць і ўдумлівасць тых, з кім я размаўляў. На жаль, іх дзяцінства апаліла развязаная Расіяй супраць іх радзімы вайна. І мне, калі я камунікаваў з падлеткамі, прыходзіла разуменне, што я размаўляю з дзецьмі вайны і бачанне рэчаіснасці ў іх ужо праз гэты ваенны фільтр. Але яно цалкам узважанае і слушнае.

— Гэта былі дабраахвотнікі з Беларусі, якія аддалі сваё жыццё або за тое, каб вызваліць сваю родную краіну, або за тое, каб абараніць чужых дзяцей, чужую сям’ю, чужую краіну.

— А ты лічыш, што Украіна для іх чужая краіна?

— Калі ён беларус, то, магчыма, і чужая. А магчыма і не. Я не ведаю.

— Ці ведаў ты раней, што беларусы ваююць у шэрагах Узброеных сілаў Украіны, што яны бароняць Украіну?

— Так! Ведаў! Я шмат глядзеў розных рэпартажаў пра замежных людзей з Беларусі, з Грузіі, нават з Чачні, якія прыязджалі ва Украіну ў 2014-м, пасля 2014-году абараніць Украіну.

— А ці ведаеш ты, якая яшчэ роля Беларусі, як дзяржавы?

— Я мяркую, што, калі беларусы, усё ж, змогуць, яны тут навучацца, яны будуць мець зброю, то будзе тое самае, што і з Белгарадскай народнай рэспублікай, — сказаў нам яшчэ адзін васьмікласнік Валадымыр Бярнацкі.

— Полк Каліноўскага – гэта полк, дзе ваююць беларускія ваяры на баку Украіны. Мы трымалі фота загінулых хлопцаў, якія з гэтага палка, — гаворыць вучаніца Ульяна.

А Сафійка падзялілася з намі сваім бачаннем беларускіх праблемаў:

— Мне здаецца, што беларусы ідуць ваяваць ва Украіну, таму што ім не падабаецца іхняя ўлада, ім не падабаецца сам Лукашэнка. Наколькі я ведаю, ён там ужо больш за 20 гадоў ва ўладзе Беларусі. Ім не падабаецца паглынанне Беларусі. Вось напрыклад, можна пабачыць, што, пасля таго, як у Беларусі зрабілі расійскую мову другой нацыянальнай, то на беларускай ужо амаль ніхто не гаворыць. І яны хочуць рабіць змены ў Беларусі, каб ім можна было нармальна жыць. І яны хочуць дапамагчы Украіне перамагчы Расію, каб яны маглі добра жыць.

Марыя вельмі грунтоўна заглыбілася ў пытанне чаму беларусы ваююць ва Украіне і намагаюцца наблізіць яе перамогу:

— Як я ведаю, гэта полк Каліноўскага, сфармаваны на пачатку паўнамаштабнага ўварвання з беларусаў, якія хацелі б абараняць Украіну, якія на маю думку, некаторыя з іх, адчуваюць правіну за тое, што Лукашэнка ды ягоны рэжым робіць усё для таго, каб стаць часткаю Расіі і расійскага рэжыму. Таму шмат хто з іх хоча вызваліць і сваю краіну. Для іх пайсці ва Украіну ваяваць – гэта частка плану для таго, каб здабыць перамогу ва Украіне над Расіяй і каб Пуцін не забраў Беларусь, каб ён не меў магчымасці кантраляваць Беларусь. Таму шмат хто з людзей, якія зараз служаць у палку, хочуць росквіту для сваёй краіны, хочуць, як і мы – украінцы, каб культура Беларусі, каб культура іхняга народу не загінула, каб іхняя мова не загінула. І я мяркую, што гэта добрая справа. Таму што мы – і ўкраінцы, і беларусы, хочам вызваліць свае краіны ад кантролю Расіі і быць вольнымі.

Аляксандр Клачко падзяліўся сваімі ўражаннямі пра падзею і пра настроі юных кіяўлян ды распавёў пра свае размовы з імі.

— Першае маё ўражанне, калі я пабачыў вось гэты клас украінскіх вучняў, якія выказалі жаданне прыйсці паслухаць пра загінулых беларускіх дабраахвотнікаў і павесіць партрэты – ушанаваць такім чынам іх памяць, мае пачуцці – гэта, першае: вельмі прыемна, а другое – мяне гэта вельмі здзівіла.

Упершыню я з такім сутыкаюся. Не ўсе дарослыя разумеюць, што адбываецца ў Беларусі. Нас – беларусаў, да канца не разумеюць многія. А тут дзеці-падлеткі, восьмы-дзявяты клас, там хтосьці з дзясятага класа, зацікавіліся гэтай тэмай. Я з імі трошкі паразмаўляў, і мне вельмі прыемна. Прыемна, што яны бачаць карціну маімі вачыма. То бок, быццам бы я са сваімі аднадумцамі сустрэўся.

Дарэчы, вось такая сустрэча, абмен меркаваннямі, адказы на нейкія пытанні, дыялог на гэтую тэму дазваляе ўкраінцам, украінскім вучням больш даведацца пра беларусаў, пра нашы мэты, пра нашы матывы. І мне, як беларусу, таксама вельмі цікава паслухаць іхнія думкі, іхнія меркаванні, даведацца, чаму яны зацікавіліся нашай тэматыкай, што іх так натхніла для ўдзелу ў гэтым мерапрыемстве.

— Я звярнуў увагу, што ты даволі доўга размаўляў з адным вучнем. Я так разумею – распавядаў яму сітуацыю ў Беларусі, ён нешта даволі актыўна запытваўся. Наколькі хлопец у тэме, наколькі ён цікавіцца?

— Так, гэтага хлопца завуць Вова. Мы размаўлялі на шмат якія рэчы, і, скажу так – тэма вайны была фонам. Калі коратка, то мы размаўлялі з ім пра сутнасць жыцця і пра тое, як заставацца годным чалавекам. Бо няма розніцы – ці ты ўкраінец, ці беларус, калі надыходзіць нейкая бяда, калі надыходзіць нейкая несправядлівасць, то, калі ты годны чалавек, ты зробіш так, як трэба. Не так, як зручна, не так, як бяспечна. Ты зробіш так, як трэба – пойдзеш на вайну, скажаш услых пра злачынства, з якім ты сутыкнуўся, а не проста адседзешся, таму што ты баішся рызыкаваць сваім здароўем, жыццём, альбо ты баішся страціць сваю працу.

Comments are closed.