Loading

6 лістапада Нацыянальная камісія па каштоўных паперах і фондавым рынку прыняла рашэнне ,  згодна з якім  некалькі прыватных прадпрыемстваў украінскіх алігархаў Канстанціна Жывагі, Ігара Каламойскага, Вячаслава Багуслаева і Канстанціна Грыгарышына пераходзяць пад кантроль і кіраванне дзяржавы.

Прымусовае адчужэнне закранула акцыі «Укрнафты», «Укртатнафты», «Матор Січ», «АўтаКрАЗ». З чым гэта звязана і ці ёсць у алігархаў магчымасць вярнуць сваю ўласнасць, гэтыя пытанні для радыё Ўнэт  пракаментаваў украінскі палітолаг і публіцыст Мікола Давыдзюк.

Тое, што адбылося нельга лічыць нацыяналізацыяй. Правільней сказаць, што на час вайны прадпрыемствы перададзеныя пад кіраванне  дзяржаве. І, як сказаў сакратар НРБА Аляксей Данілаў, пасля заканчэння вайны прадпрыемствы могуць вярнуцца да сваіх уласнікаў.

Раней гэтыя прадпрыемствы былі ўласнасцю дзяржавы. А зараз, калі яны наўмысна зрываюць дамоўленасці і працуюць на карысць краіны-захопніка, іх далейшая праца – гэта пытанне нацыянальнай бяспекі і абароназдольнасці Украіны.

Той жа Канстанцін Жывага зрываў дамоўленасці і не вяртаў дзяржаве грошы. Падобная сітуацыя з Багуслаевым, які перадаваў Расіі тэхналогіі і не вяртаў Украіне верталёты. Вядома, што Фірташ наўпрост атрымліваў грошы ад Пуціна.

Вось гэтая праца супраць інтарэсаў Украіны і стала нагодай для таго, каб часова перадаць кіраванне прадпрыемствамі дзяржаве і спыніць іх шкодную дзейнасць.

Ці вядома штосьці пра ўмовы, згодна з якімі  алігархі могуць вярнуць сваю ўласнасць пасля вайны?

Перад дзяржавай не стаіць пытанне змены ўласніка. Зараз важна змяніць менеджара. Пасля вайны гэтыя пытанні хутка будуць вырашаныя. Зараз жа важна, каб гэтыя прадпрыемствы больш не працавалі на карысць ворага.

Ці плануецца ўзбуджэнне крымінальных справаў супраць гэтых алігархаў?

Зараз нікога з іх ва Украіне няма. Фірташ у Аўстрыі, Жывага ў Манака на яхце з літарай Z, Каламойскі не зразумела дзе. Але ва ўсіх іх даўнія крымінальныя адносіны з украінскім правам.  Як павядуць сябе следчыя органы пакуль невядома, бо афіцыйных заяў датычна крымінальнага пераследу гэтых людзей не было.

Ці можна гэтае рашэнне Камісіі лічыць сігналам іншым алігархам прыгатавацца?  

Гэта не падобна на дэалігархізацыю. Першапачатковая задача адпаведнага рашэння – умацаванне абароназдольнасці краіны. Таксама пакуль не ўздымалася пытанне аб прыбытках. Але ў алігархаў ёсць права вырашыць гэтае пытанне праз гаспадарчы суд.

Прадпрыемствы не будуць спыняць. Яны працягнуць працаваць у звычайным рэжыме з захаваннем працоўных месцаў. Але галоўнае тое, што гэта праца будзе ўжо на карысць Украіне, а не акупантам.

Ці была нейкая зваротная сувязь ад алігархаў? Напрыклад, для Ігара Каламойскага гэта ўжо другі выпадак, калі яго прадпрыемства забірае дзяржава.

Варта адзначыць, што і першы выпадак з Каламойскім таксама не быў нацыяналізацыяй, а хутчэй канфіскацыяй. Бо той стан, у якім быў на той момант яго банк, ставіў пад пагрозу ўсю фінансавую сістэму Украіны.

Каламойскі і сам быў не супраць тады. Перадаў банк за сімвалічную адну грыўню, не забыўшыся перад гэтым вывесці 5 мільярдаў даляраў. Таму даўгі банка значна перавышалі  капіталізацыю.

Афіцыйна і публічна ніводны з алігархаў сітуацыю не пракаментаваў. Хутчэй за ўсё, яны наўпрост кантактуюць з Офісам прэзідэнта.

Ці будзе ажыццяўляцца грамадска-палітычны кантроль над кіраваннем дзяржавай гэтымі прадпрыемствамі?

Што тычыцца грамадскага кантролю зараз, то пакуль наўрад ён будзе публічным. Але гэта натуральна ва ўмовах вайны. Ёсць інфармацыя, якую зараз не магчыма раскрываць з пытанняў бяспекі. Але СБУ, паліцыя і іншыя органы, безумоўна, будуць кантраляваць усе працэсы на прадпрыемствах. Да таго ж, персанал ніхто не звальняе. Гэта значыць, што алігархі будуць мець магчымасць маніторыць сітуацыю.

Comments are closed.