Loading

Мінае яшчэ адзін год змагання за дэмакратычныя змены ў Беларусі. 2023 год быў поўны самых розных падзей у дэмакратычнай супольнасці. Але ці набліжае нас час да тых самых зменаў. Пра гэта мы гутарым з беларускім палітолагам Паўлам Усавым.

Сцісла асноўнае з размовы: 

— Ці стала беларуская дэмакратычная супольнасць за гэты год бліжэй да перамогі дэмакратыі ў сваёй краіне? 

— На сёняшні дзень няма ніякіх нагод казаць, што дэмакратычная супольнасць ці апазіцыя наблізілася да нейкіх перамен. Больш за тое – гэтыя перспектывы аддаліліся на нявызначаны перыяд і абсалютна ніяк не звязаныя з тым, наколькі будзе актыўнаю апазіцыя. Бо працэсы ўнутры Беларусі і вакол Беларусі на сёняшні дзень вырашаюцца зусім іншымі фактарамі. Перш за ўсё, канешне, падзеямі ва Украіне і палітыкай Расіі. І ад таго, як будуць разгортвацца падзеі ва Украіне і як будуць разгортвацца падзеі ў самой Расіі, безумоўна, будзе залежаць, у якім накірунку будуць развівацца палітычныя працэсы ў Беларусі і якую ролю будзе мець апазіцыя. 

Другім пытаннем у гэтым кантэксце з’яўляецца – у якім стане знаходзіцца сёння апазіцыя. Можна сказаць, што яна ў той ці іншай ступені ўваходзіць у той стан, у якім існавала да 2020 года. На жаль, губляючы давер і падтрымку і сутыкаючыся з тымі ж самымі праблемамі, з якімі апазіцыя сутыкалася да 2020 году, толькі маштабы значна большыя. 

— Цягам гэтага года ўвесь час адбываюцца нейкія рухі, нейкія падзеі, сустрэчы. Ці ўсе яны марныя, ці гэта ўвогуле працэс дзеля працэсу? 

— У гэтым пытанні адразу можна знайсці адказ. Калі б аглядальнікі, якія сочаць за тым, што адбываецца ўнутры апазіцыі, сочаць за дзейнасцю апазіцыі, бачылі сур’ёзны сэнс гэтых крокаў і нейкі вынік гэтых крокаў, то такія пытанні проста не ўзнікалі б.  Не ўзнікалі бы сумневы, не ўзнікала б пэўная скептычная ацэнка такой дзейнасці. 

Больш за тое, рэгулярныя гэтыя сустрэчы, візіты, ваяжы пачынаюць ствараць зусім іншую рэакцыю, зусім іншыя ацэнкі. На фоне рэпрэсій унутры Беларусі, на фоне тэрору, на фоне пагаршэння сітуацыі ўзнікае больш такая раздражняльная і негатыўная рэакцыя. Людзі адчуваюць, што такія візіты і пафасныя сустрэчы нічога не даюць для грамадскай супольнасці і не кансалідуюць саму апазіцыю. Бо на фоне гэтых візітаў і ваяжоў маем дачыненні з крызісам, са скандаламі, з расколамі, з узаемнымі прэтэнзіямі, якія ствараюць негатыўнае стаўленне да апазіцыі і разуменне таго, што, калі не адбудзецца нейкіх  грунтоўных змен у працы апазіцыйных  структур, то гэта прывядзе да распаду дэмакратычнай супольнасці. 

— Змены ж нібыта адбываюцца – зараз ідуць спробы стварэння ўжо трэцяга складу Каардынацыйнай Рады. Як вы ацэньваеце патрэбу ў гэтым органе і ягоную ролю ў дэмакратычнай супольнасці?

— У дэмакратычнай супольнасці павінна быць раўнавага ў тых структурах, якія з’явіліся, хаця і са спазненнем, пасля 2020 году. Неабходны ўнутраны баланс і самакантроль, які да сёняшнага моманту адсутнічае. А якраз прысутнічае спроба манапалізацыі ўсёй апазіццыйнай прасторы і падпарадкавання гэтай прасторы групе вакол Святланы Ціханоўскай. Групе, якая складаецца з прадстаўнікоў «старой апазіцыі», якая намагаецца максімальна абмежаваць вонкавыя ўплывы і захаваць сваю манапольную прысутнасць у атачэнні Ціханоўскай.

Каардынацыйная Рада –  кепская ці добрая, эфектыўная ці неэфектыўная, тым не менш, стварала нейкую прастору для публічнай крытыкі і стварэння, прынамсі, нейкіх умоў для альтэрнатыўнага палітычнага дыскурсу. Тое, што мы зараз назіраем вакол Каардынацыйнай Рады – скандалы, нейкія папулістычныя заявы – сведчанне даволі сур’ёзнай барацьбы за кантроль над гэтай пляцоўкай. І гэты кантроль будзе ажыццяўляцца праз рэалізацыю тых  ці іншых механізмаў умоўных выбараў Каардынацыйнай Рады трэцяга складу. Фактычна мы маем дачыненне з працэсам перасоўвання тых практык, якія існуюць у аўтарытарнай сістэме ў Беларусі на палітычныя практыкі ў дэмакратычнай супольнасці. 

— У канцы мінулага месяца ў Кіеве адбылася канферэнцыя, якую ладзіў Полк імя Кастуся Каліноўскага. Ён заклікаў туды і прадстаўнікоў і Офіса Святланы Ціханоўскай, і іншых афіляваных  і створаных ім структураў. Наколькі гэтая нарада аказалася плённаю, ці сапраўды яна неяк аб’яднала розныя накірункі апазіцыйнай дзейнасці? 

— Падчас падрыхтоўкі канферэнцыі ніякай мэты нейкага аб’яднання не ставілася. Тым больш, што нешта аб’яднаць у сёняшняй сітуацыі, калі мы кажам пра нейкія беларускія апазіцыйныя структуры, проста немагчыма. Супярэчнасцяў на сёняшні момант, як персанальных, індывідуальных, міжасабовых, так і ідэалагічных значна больш, чым агульных кропак, на якіх  можна было б пра нешта дамаўляцца. 

І нават гэтая канферэнцыя паказала, што дамоўленасці нічога не вартыя. Бо першапачаткова былі дасягнутыя дамоўленасці адносна афіцыйнага падпісання дакументаў, а ў апошні момант аказалася, што прадстаўнікі Офіса і Кабінета гэтыя дамоўленасці праігнаравалі. Такія падыходы кажуць пра тое, што ніколі беларуская апазіцыя не створыць нечага сур’ёзнага, што магло б працаваць і прыносіць плён. 

Сыходзячы з гэтага, можна сказаць, што ніякага палітычнага выніку ад гэтай канферэнцыі не будзе. Бо ўжо амаль месяц прайшоў з моманту гэтай канферэнцыі, ніякіх тэхнічных сустрэч, ні далейшай працы над нейкімі дакументамі ці над нейкай стратэгіяй не вядзецца і, хутчэй за ўсё, не будзе весціся. Падкрэслю, што, на жаль, у беларускай апазіцыі адсутнічае палітычныя воля да дасягнення нейкіх супольных мэтаў. 

Захаванне вось гэтай манаполіі і адзінага ўмоўнага палітычнага прадстаўніцтва прымушае і штурхае Офіс да таго, каб  максімальна нейтралізаваць любыя іншыя палітычныя цэнтры і мінімалізаваць уласную прысутнасць у гэтых праектах. Каб не дзяліцца, так бы мовіць, легітымнасцю. Чэрпаць уласную легітымнасць з іншых крыніцаў, узмацняць уласную манаполію, але падрываць развіццё  нейкіх іншых ініцыятываў.

— Калі браць вайсковы складнік – наколькі ў яго ёсць  шансы паўдзельнічаць у змене сітуацыі ў Беларусі? 

— На сёняшні момант немагчыма паўплываць на сітуацыію ў Беларусі ніякім чынам. Полк Каліноўскага ды іншыя вайсковыя стуктуры, якія зараз знаходзяцца ва Укране – гэта не крытычная маса людзей, якія маглі б нейкім чынам паўплываць на сітуацыю ў Беларусі. Такая магчымасць можа з’явіцца толькі з прычыны калапсу Расійскай Федэрацыі – яе паразы ў вайне, а таксама развалу рэжыму. У бліжэйшы час такой сітуацыі не складзецца. 

Так ці інакш, гэтыя вайсковыя структуры падпарадкаваныя вайсковаму і палітычнаму кіраўніцтву Украіны, яны не маюць аўтаноміі ў сваіх дзеяннях. Наўрад ці Украіна, нават, калі падзеі будуць развівацца ў пазітыўным для Украіны накірунку, будзе зацікаўленая ў пашырэнні канфлікту і пераносе нейкіх вайсковых дзеянняў на тэрыторыю Беларусі. Тым больш у гэтым не будзе зацікаўленасці з боку Захаду. 

— Нядаўна Офіс Святланы Ціханоўскай апублікаваў стратэгію таго, што будзе рабіць апазіцыя, калі раптам адбудуцца змены ў Беларусі. Наколькі гэты дакумент рэальны для ажыццяўлення? 

— Гэты дакумент не рэальны для ажыццяўлення з тае простае прычыны, што ён напісаны на сітуацыю «тут і цяпер». То бок, што б Офіс Ціханоўскай рабіў, калі б яны заўтра-паслязаўтра раптоўна прыйшлі да ўлады. Гэтая стратэгія прапісаная на абсалютна ідэальны варыянт прыходу да ўлады – усё прыгожа і казачна. 

Умовы для пераменаў праз год, праз два, тым больш праз пяць гадоў будуць зусім іншыя. І гэта азначае, што будзе патрэбная зусім іншая стратэгія, зусім іншыя падыходы да кіравання краінай. 

— Якія трэба зрабіць крокі беларускай дэмакратычнай супольнасці, каб рухацца да пераменаў? 

— Давайце сыходзіць з таго, што на сёняшні дзень апазіцыя, якая б яна там не была, не ў стане ўплываць на тое, што адбываецца ў Беларусі. Усе магчымасці для мабілізацыі грамадства былі вычарпаныя ў 2021 годзе. На сёняшні момант улада цалкам кантралюе палітычную і інфармацыйную прастору, а рэпрэсіі, тэрор набылі такі маштаб, што ніякія заклікі, асабліва без наяўнасці нейкіх цэнтралізаваных, скаардынаваных структур унутры Беларусі, проста немагчымыя. 

Акрамя гэтага Беларусь зараз знаходзіцца яшчэ і пад вонкавым парасонам з боку Расіі, якая таксама забяспечвае стабільнасць і дае пэўныя гарантыі для існуючага рэжыму. Таму ўсё завязана на вайну і на тое, як гэтая вайна скончыцца. 

Тое, што магла б зрабіць апазіцыя ў такіх умовах – гэта захоўваць давер і аўтарытэт у вачах беларусаў, захоўваць патэнцыял, захоўваць ідэю і вобраз універсальнага дабра, універсальнай палітычнай і маральнай альтэрнатывы існуючаму рэжыму. Каб людзі бачылі,  што тыя, хто прадстаўляе апазіцыю, лепшыя ад тых, хто знаходзіцца ва ўладзе, яны не карумпаваныя, яны дбаюць пра інтарэсы людзей, а не пра ўласныя інтарэсы. Вось адзінае, што можа  зрабіць апазіцыя – захоўваць свой маральны аўтарытэт і захоўваць вобраз альтэрнатывы, лепшай для Беларусі.  

Гэты вобраз вельмі інтэнсіўна ў апошнія месяцы разбураецца, якраз, дзякуючы таму, што няма дадатковых сродкаў кантроля, дадатковых сродкаў унутранай адказнасці ў дачыненні тых людзей, якія ўзялі на сябе прадстаўніцтва беларускага грамадства. І я не ўпэўнены ў тым, што з гэтага замкнёнага кола, з той крытычнай сітуацыі, у якой апынуліся апазіцыйныя структуры, ім удасца выйсці. 

Цалкам размову з Паўлам Усавым слухайце ў плэеры ніжэй: 

Comments are closed.