Loading

Святлана Ціханоўская накіравалася з візітам у Германію. «Мне выпаў гонар выступіць у панядзелак вечарам з прамовай аб свабодзе па запрашэнні Фонду Фрыдрыха Наўмана», – напісала лідар дэмакратычнай Беларусі ў Твітары. Таксама Святлана Ціханоўская сустрэнецца з парламентарыямі, прадстаўнікамі ўрада Германіі і мясцовымі беларусамі.

Напярэдадні гэтага візіту радыё Ўнэт пагаварыла з прадстаўніком беларускай дыяспары ў Германіі, адным з кіраўнікоў праекту «Народныя амбасады» Міхаілам Рубіным. Ён быў удзельнікам другой канферэнцыі беларусаў свету, якая ў гэтыя выхадныя прайшла ў Вільні.

Міхаіл Рубін. Крыніца: hromadske.radio

— З якімі прапановамі і чаканнямі Вы прыехалі на канферэнцыю ў Вільню?

— Яшчэ перад падзеямі 2020 года, калі пачаліся першыя арышты, я быў запрошаны, як муніцыпальны дэпутат з Франкфурта выступіць на самай першай акцыі беларусаў, тады яшчэ не было дыяспары беларускай у Франкфурце, і з таго часу не магу адысці ад гэтай тэмы. Я фактычна атрымаў назад сваю Радзіму. І калі параўноўваць дзве канферэнцыі, першую амаль год таму і сённяшнюю, то рыторыка змянілася і гэта добра. Калі год таму мы ўсё яшчэ глядзелі на дыяспары, як на донараў і разважалі пра тое, што дыяспары могуць даць дэмакратычнаму грамадству, а самае галоўнае, чым могуць дапамагчы сітуацыі ўнутры краіны, то зараз вектар мяняецца. Мы нарэшце звярнулі ўвагу на дыяспары і задаем пытанне: чым мы можам дапамагчы дыяспарам. Мы сёння бачым, што не стае камунікацыі, што не хапае медыйных рэсурсаў. І трэба на гэта працаваць, каб дапамагчы дыяспарам стаць зноў такімі, каб яны маглі дапамагаць сваёй Радзіме, а асабліва пасля, у пераходны перыяд. І спадзяюся, гэтыя паўтара дні, праведзеныя ў Вільні, нам дапамогуць некаторыя гэтыя праблемы вырашыць.

— А якія праблемы дыяспары трэба вырашаць?

— Дыяспара – гэта шматбаковае паняцце, яны такія розныя. Маленькія дыяспары маюць у першую чаргу праблемы фінансавыя, праблемы памяшканняў, структуры. І такіх дыяспар большасць. У нас ёсць вялікія дыяспары, і я хачу прывесці як прыклад, дыяспаральную Асацыяцыю «Разам» з Германіі, якой яшчэ два з паловай гады таму не існавала. А зараз гэта вялізная арганізацыя са сваім памяшканнем, штабам, з наёмнымі работнікамі, якія робяць вельмі шмат праектаў. І вось гэтыя арганізацыі маюць усе розныя праблемы. Калі мы іх аб’яднаем разам, я ўжо чуў размовы пра так званы «дыяспарны парасон», то вырашаць праблемы будзе прасцей. Я спадзяюся, такую ролю можа іграць рэфармаваная Каардынацыйная Рада.

— А што тычыцца дыяспары ў Германіі? Як яна за два-два з паловай гады змяніла беларускі ландшафт у краіне?

— У Германія таксама беларуская дыяспара вельмі розная. У нас ёсць, як я яго называю «монстр», вялікая Асацыяцыя «Разам», якая практычна прысутнічае ва ўсіх рэгіёнах Германіі, але ў нас ёсць яшчэ іншыя дыяспаральныя арганізацыі, напрыклад, у Мюнхене вельмі шмат арганізацый, якія займаюцца культурнымі праектамі, ёсць асобная арганізацыя таксама культурнага напрамку, якая працуе ў зямлі, дзе я жыву. Структура розная, але мы ўсе разам. У Германіі ўжо было дзве сустрэчы дыяспары, дзе мы ўсе збіраліся разам, абмяркоўвалі нашы праблемы. А часам толькі бачылі такія праблемы на сустрэчах. Вось як сёння, канферэнцыя толькі пачалася, а ўжо былі аголеныя, многія праблемы, і Германія не выключэнне. Такія сустрэчы дазваляюць нам убачыць праблемы, і потым іх разам вырашаць.

— А рэальна ўплываць на нямецкіх палітыкаў вы можаце?

— Імкнемся. У Германіі ў нас унікальная сітуацыя, дзе паралельна з дыяспарамі, асабліва з нашай Асацыяцыяй «Разам» працуе наша народная амбасада. Мы не падмяняем адно аднаго, а дапаўняем. Народная амбасада ўзяла на сябе больш палітычную працу, працу па інфармаванні. Асацыяцыя – больш рэальную працу з бежанцамі, інфармацыйную працу таксама з палітыкамі, але яна менш займаецца вострымі палітычнымі пытаннямі. Мы ж, як народная амбасада, можам сабе гэта дазволіць, у тым ліку прамую крытыку дзеючага ўрада. Напрыклад, калі Ангела Меркель пасля тэлефоннай размовы назвала беларускага ўзурпатара «прэзідэнтам», мы былі першымі, хто ёй указаў на гэта адкрыта. Было паведамленне для прэсы, і прэса гэта падхапіла і ўсюды на медыйнай нямецкай прасторы на наступны дзень была інфармацыя, што мы выступаем з крытыкай і просім кіраўніка нашай краіны не называць чалавека, які захапіў уладу, «прэзідэнтам». Да такіх прыкладаў адносіцца і праца, якую вядзе Анатоль Лябедзька. У арганізаваную нядаўна ў Германіі парламенцкую групу «За дэмакратычную Беларусь», увайшоў 21 дэпутат і што вельмі важна, гэта дэпутаты не толькі ад кіруючых партый. То бок, гэта такое ўнікальнае абʼяднанне ўсіх палітычных сіл у Германіі. Гэтую працу мы плануем весці далей праз народную амбасаду і Асацыяцыю «Разам». Якраз у панядзелак будзе першая сустрэча гэтай групы. Гэта праца ідзе і нам атрымоўваецца, калі не ўплываць на нямецкую палітыку, то быць унутры яе, у самым цэнтры нямецкай палітыкі з нашымі беларускімі праблемамі.

— Вы курыруеце праект народнай амбасады. Ці лічыце Вы яго паспяховым?

— Гэта ўнікальны праект, які развіўся па ініцыятыве беларусаў, якія даволі даўно жывуць у Германіі, некаторыя ўжо больш за палову свайго жыцця. Гэта людзі, якія ўжо трывала стаяць на нагах, маюць сувязь з Радзімай, нехта праз бізнэс, нехта праз сямʼю і сяброў. У 2020 годзе мы зразумелі, што мы можам зрабіць нашмат больш, менавіта выкарыстоўваючы вось гэтую ўнікальную сітуацыю, нашу інтэграцыю. Можа, для некаторых нават і занадта глыбокую інтэграцыю ў тых краінах, у якіх мы жывем. Многія з нас удзельнічалі ўжо ў грамадскім жыцці, у палітычным жыцці сваіх краін. І нам удалося наладзіць такі масток. Да гэтага часу народная амбасада была абсалютна незалежным валанцёрскім праектам, які патрабаваў ад нас у першую чаргу часу, які мы маглі патраціць на семʼі ці бізнес. Я вельмі рады, што зараз народная амбасада ўжо вырасла да такой ступені, што мы стараемся структурыравацца, каб усё ж зразумець сваё месца ўнутры шырокай беларускай апазіцыі і быць не толькі месцам уваходу, а і актыўным удзельнікам усіх падзей, якія зараз адбываюцца не толькі ў нас на радзіме, але і глабальнай медыяпрасторы.

—Вы ўжо ўзгадалі візіт Святланы Ціханоўскай у Германію. Акрамя сустрэчы парламенцкай групы «За дэмакратычную Беларусь», якія яшчэ мерапрыемствы запланаваны, у тым ліку з удзелам дыяспары?

— Вядома будзе сустрэча і з арганізацыяй «Разам» і з дыяспарай. Будзе вельмі шмат сустрэч у Бундэстагу. Не толькі з групай «За дэмакратычную Беларусь». Але самым галоўным пунктам візіту будзе прамова Святланы Ціханоўскай у панядзелак перад Брандэнбургскай брамай, у цэнтры Берліна, у вельмі гістарычнай зале для Германіі. Гэта лічыцца палітычнай падзеяй года. Так званая «Прамова за свабоду». З гэтай прамовай выступалі прэзідэнты шмат краін, кіраўнікі ўрадаў, Жанна Нямцова пасля забойства яе бацькі. Гэта вельмі ганаровае права для нашай беларускай апазіцыі, грамадзянскай супольнасці, таму што Святлана Ціханоўская, як прызнаны лідар, будзе звяртацца з такой прамовай, не толькі да нямецкага палітычнага ландшафту, але і да ўсёй Еўропы. Будзе вельмі шмат палітыкаў, мерапрыемстваў, якія спадарожнічаюць, і вядома народная амбасада прыме ў гэтым актыўны ўдзел. Гэта будзе вельмі магутная медыйная падзея для Германіі.

— Асабістае пытанне: Вы ўжо колькі гадоў жывеце ў Германіі, ці думалі Вы, што калісьці актыўна ўключыцеся ў барацьбу за Вольную Беларусь? І што беларусы будуць такія актыўныя за мяжой?

— Не, не мог сабе ўявіць, і гэта, напэўна, наша шчасце ў няшчасці. Калі шчыра, я бы лепш і спакайней жыў без гэтай сітуацыі. Так, апошнія два з паловай гады маё жыццё недзе ўзбагаціла вось гэтая трагедыя, прынесла новых сяброў, новыя фарбы. Няхай яны не такія радасныя, але жыццё ажывілася. І гэта таксама мая асабістая недзе трагедыя, якую я спрабую зараз выправіць. Калі раней у мяне пыталіся, адкуль я родам, я гаварыў з Віцебска, то адказ быў адразу «О, Марк Шагал». Цяпер, калі я кажу, што я з Беларусі з Віцебска, – адказ: «О, Лукашэнка». І вось менавіта, гэта я хачу выправіць, менавіта ў гэта я інвестую зараз свой час і матэрыяльныя рэсурсы. І мы ўсе разам зробім так, што, калі будуць казаць, пра Беларусь, зноў будуць узгадваць Марка Шагала, а не тырана, які зараз захапіў уладу ў краіне.

Comments are closed.