Loading

500 дзён поўнамаштабнай вайны Расіі ва Украіне. Яна закранула ўсіх беларусаў: хтосьці раніцай 24 лютага прачнуўся ад выбухаў снарадаў у Кіеве, а хтосьці ў краіне, з якой ішлі танкі. У гэтыя дні мы разам з беларусамі з розных краін яшчэ раз узгадаем падзеі лютага 2022 года і раскажам, як змянілася іх жыццё з таго часу.

Ратуючыся ад палітычнага пераследу з боку лукашэнкаўскай улады, тысячы беларусаў знайшлі прытулак ва Украіне. Аднак уварванне расійскіх войскаў вымусіла многіх з іх зноў змяняць месца жыхарства. Так адбылося з сям’ёй журналісткі «Белсату» і грамадскай дзяячкі Марыі Грыц, якая цяпер жыве ў Беластоку. Што давялося ёй перажыць у першыя дні вайны, як яна бегла ад яе і як потым дапамагала ўкраінцам, Марыя распавяла радыё Ўнэт

— Мая гісторыя ва Украіне была звязана з тым, што мне трэба было бегчы з Беларусі, дзе мне ўжо пагражалі і турмой, і тым, што забяруць дзіцё ў прытулак. І я наіўна думала, што гэта ненадоўга. Хоць гэта быў ужо 2021 год, і людзі надоўга з’язджалі. Украіна была простым выбарам, каб калі што хутчэй можна было вярнуцца, бюракратычных перашкод было менш. Летам мы пераехалі, а зімой адбылося гэтае ўварванне. Мы жылі не ў самым Кіеве, а ў прыгарадзе. І акурат прыгарад гэты на бок дарогі на Беларусь. Гэта Бравары. Адзінае, што там было, гэта вайсковая часць. Яна была акурат перад маімі вокнамі. Не ўшчыльную, але там было менш за кіламетр. Я памятаю, што мы напярэдадні адкрылі курсы «Мова Нанова» у Кіеве. Нават размаўлялі, што мы збіраемся не столькі для таго, каб мову вывучаць, а гэта была такая тэрапеўтычная гісторыя, каб хаця б на пару гадзін не думаць пра вайну, таму што натуральна ўсе гаварылі пра вайну. І пры тым шмат хто не верыў, што гэта магчыма.

І вось мы адкрываем «Мову Нанова», дамаўляемся, што на наступныя заняткі будзем браць тэму Масленіцы, нам бліноў напякуць. І тут раптам я прачынаюся ад вельмі моцнага гука. Я падумала, што гэта ранняя навальніца. І ведаеце, было так спакойна: як бы людзі ні шалелі, а прырода сабе, колазварот часу ідзе. І раптам, калі адбыўся другі выбух, я ўжо зразумела, што гэта не навальніца. Я падыходжу да акна, было яшчэ цёмна, і бачу як гарыць гэтая вайсковая часць. Стала настолькі страшна, ажно не страшна. То бок я зразумела, што адбываецца і ўсё, а далей нібыта як на аўтапілоце, на аўтамаце ўсё адбывалася. Я пачала тэлефанаваць калегам, мы селі працаваць. Я памятаю, што гэта была чацвёртая гадзіна раніцы, а дванаццатай мне рэдактар сказаў «ідзі, пахадзі» і я вырашыла пайсці паглядзець, ці едуць танкі. Тады была інфармацыя, што з беларускага боку таксама адбываецца наступ. Я вырашыла, што пайду фатаграфаваць танкі. Ну а што рабіць?

Аказалася, што тады высадзіўся дэсант з іншага боку Кіева – у Ірпене, які моцна пацярпеў. І калі ўжо трэці раз прыляцеў снарад ці бомба, калі трэці раз была атака на гэтую вайсковую часць, настолькі моцна грымнула, а я была на вуліцы, бо пайшла за ежай для дзіцёнка, мне стала настолькі страшна, што ногі сталі ватныя. Я вярнулася. Мой муж з дзіцёнкам ужо спусціліся ў цокальны паверх. А ўкраінцы такія спецыфічныя людзі – яны гэты цокальны паверх пакуль не было вайны абсталявалі пад краму піва. І ў вельмі расслабленым настроі сядзелі ў гэтым цокальным паверсе. Прыйшоў гаспадар, раздаў піва, каб ніхто не хваляваўся.

Гэта быў вялікі дом і маленькі паверх, было страшна і незразумела, якія настроі будуць далей да таго, што мы з Беларусі, а з Беларусі таксама ідуць нейкія войскі. Нам ніхто нічога не казаў хоць увесь дом ведаў, што мы з Беларусі. Яны нам прыносілі штосьці кшталту гуманітарнай дапамогі: нейкія рэчы, цацкі для дзіцяці. Але каб раптам не здарылася нічога дрэннага, мы сабраліся ўжо пад вечар, і выехалі з Кіева, і тры дні мы ехалі да мяжы. Усе дарогі былі адным вялікім коркам, адным вялікім заторам.

Нягледзячы на тое, што мы абмяркоўвалі свае планы: на выпадак вайны ў нас быў план А, план Б, але, калі вайна пачалася, усё рассыпалася. Было нічога не зразумела. Я зразумела, што да такіх падзей проста немагчыма падрыхтавацца. Было незразумела, што рабіць і як.

Comments are closed.