Loading

У Варшаве 13 верасня прайшоў марш супраць ксенафобіі ў дачыненні да беларусаў і украінцаў. Нагодай стаў нядаўні напад на кампанію украінцаў і беларусаў у адным з раёнаў Варшавы. Шэсце арганізавалі жыхары гэтага раёна.

Удзельнікі мерапрыемства адзначылі, што трэба салідарызавацца і падтрымліваць тых, каму патрэбна дапамога, а ксенафобскім поглядам не месца ў сучасным грамадстве.

«Гэта такі антырасісцкі пратэст, бо група ўкраінцаў і беларусаў была атакавана толькі таму [што яны замежнікі]. Мы супраць гэтага, таму і нашае шэсце называецца „Марш супраць нянавісці“».

Не менш за палову ўдзельнікаў марша былі палякамі. Яны ўсе адназначна падтрымліваюць уцекачоў з Беларусі і Украіны, але меркаванні наконт сітуацыі з ксенафобіяй ў Польшчы падзяліліся: хтосьці кажа, што гэта сур’ёзная праблема, іншыя супярэчаць, што ніколі не бачылі ў сваім асяроддзі праяў нянавісці да іншаземцаў.

Беларусы, што далучыліся да маршу, каб падтрымаць усіх, хто быў вымушаны пакінуць дом, кажуць, што пакуль не сутыкаліся асабіста з ксенафобіяй у Польшчы. Некаторыя з іх выказваюцца з паразуменнем наконт магчымых негатыўных настрояў у мясцовых жыхароў:

«Зразумела, што не ўсім падабаюцца ўцекачы, тым больш у такіх колькасцях. Плюс часта эканамічную сітуацыю асацыююць з вайной, з уцекачамі.»

Comments are closed.