Loading

Максім Фіёнік нарадзіўся ў незвычайнай сям’і. Яго бацька – гісторык і этнограф, заснавальнік вядомага «Музея малой айчыны» ў Студзіводах. Маці Максіма працуе дырэктарам у Доме культуры ў Бельску-Падляшскім. Сястра займаецца музыкай і грае на скрыпцы, а брат чытае на мясцовай гаворцы рэп!

Максім таксама захапляецца музыкай. Любіць падляшскія песні, спявае старадаўнія візантыйскія канты, але пакуль што яго галоўны занятак і абавязак – гэта вучоба. Адразу на двух кірунках Варшаўскага ўніверсітэта, дзе ён вывучае гісторыю і культуру Усходняй Еўропы, а з гэтага года яшчэ і беларусістыку: «Каб добра ведаць не толькі дыялект, але і літаратурную беларускую мову».

– Гэта мае другія studia, – сустракае нас Максім у будынку факультэта прыкладной лінгвістыкі, дзе ён вучыцца на першым курс беларускай філалогіі. 

– У нас вельмі цікавая група, амаль усе беларусы. Толькі мая сяброўка Іза полька. Ну і я таксама з Польшчы, але этнічны беларус. Не думаў, што будзе столькі людзей, дарэчы. Сёлета я заканчваю яшчэ арыенталістычны факультэт, буду ў ліпені абараняць сваю дыпломную працу пра Падляшскае ваяводства ў 1939-1941 гады – час, калі туды прыйшлі саветы. 

Усходнія даследаванні (SEW) – цікавы напрамак, можна многа даведацца пра палітыку, гісторыю, культуру, але чагосьці мне пры гэтым не хапала. Бо я, апрача гісторыі і культуры, вельмі цікаўлюся мовай. У нас на Падляшшы вельмі адметная сітуацыя. Мае бабуля і дзядуля гавораць на дыялекце, мае бацькі таксама вучылі мяне гаварыць на гэтым дыялекце. Таму я хацеў больш пазнаёміцца з сістэмай мовы.

Пра падляшскія гаворкі Максім нават чытаў даклад на Міжнароднай навуковай канферэнцыі, якая днямі праходзіла на кафедры беларусістыкі. Аказваецца, ёсць цэлыя суполкі ў інстаграме і фэйсбуку, дзе гуртуюцца амбасадары дыялектаў.

Падляшша – гэта не маналіт, – тлумачыць Максім. – На поўначы гэта амаль што літаратурная беларуская мова, але калі ты пераязджаеш раку Нарву і трапляеш у Бельск або Гайнаўку – гэта мова, як на Палессі. На поўначы людзі скажуць «ён», у нас – «вуон», а на поўдні –  «він».

Нашая мова мае будучыню. На ёй размаўляюць маладыя людзі, я са сваім сябрамі на ёй размаўляю. Цудоўна, што на нашым дыялекце выдаюцца розныя кнігі. І яны вельмі добра прадаюцца! Мова для беларусаў Падляшша – гэта вельмі важная рэч. Але самае галоўнае – захаваць нашую гаворку.

– Ты ж ведаеш зараз пра канфлікт, які адбыўся ў ліцэях у Гайнаўцы і ў Бельску? Ёсць пагроза, што беларуская мова там можа знікнуць з праграмы…

– Гэта было нечакана. Але калі я падумаў… Падаецца, што ў праграму можна было б дадаць сваіх рэгіянальных падляшскіх элементаў, каб для маладых людзей гэта было атракцыйна. Трэба казаць штосьці пра наш дыялект. Бо калі людзі вучацца толькі літаратурнай беларускай мове, якая трошкі адрозніваецца ад той, на якой размаўляюць у нашым павеце, то яны адчуваюць: гэта нешта другое. Думаю, што беларускасць можна развіваць у іншым напрамку, чым ён цяпер існуе ў школьнай праграме. Яна патрабуе рэформы. Гэта цяжка зрабіць, але трэба рэагаваць. Бо будзе сітуацыя такая, як цяпер.

– Максім, заканчваеш цяпер SEW. Праз два гады скончыш бакалаўрыят на беларусістыцы. Што далей?

– Варшава – гэта вельмі добры горад для студэнта. Тут многа чаго адбываецца. Пяць гадоў тут можна пражыць, але не больш. Я не звязваю сваю будучыню з Варшавай. Многа маіх сяброў вучыцца цяпер у Беластоку. Думаю, што яны таксама вернуцца ў Бельск. Для некаторых гэта можа быць дзіўна, бо Бельск – гэта гарадок з насельніцтвам 30 тысяч. Падаецца, што няма перспектыў. Але каб гэтыя перспектывы былі, то камусьці трэба застацца ў горадзе і нешта рабіць. Мая галоўная мара – каб нашая падляшская гаворка існавала і каб я прыйшоў праз 20 гадоў у Бельску ў кафэ і пагаварыў на дыялекце з людзьмі, значна маладзейшымі за мяне.

Comments are closed.