Loading

Патэнцыял у беларускай адукацыі ў замежжы ёсць, але трэба абменьвацца досведам і напрацоўкамі. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі канферэнцыі, якія прайшла ў Беластоцкім універсітэце і называлася «Першы міжнародны дзень беларускай адукацыі». Удзел у ёй больш каля 80 чалавек як з Польшчы, так і з некаторых краін Еўропы.

Арганізатары мерапрыемства, якімі сярод іншых выступілі Беларускі дом у Варшаве, Беларускі саюз у Польшчы, парламенцкая група ў справах Беларусі, падкрэслівалі, што склікалі першую такую канферэнцыю для таго, каб спалучыць інтарэсы беларускай меншасці і беларускай дыяспары і агульнымі намаганнямі вырашаць паўсталыя апошнім часам праблемы. Больш за тое, было праяўлена жаданне падзяліцца досведам польскай эміграцыі – як яна стварала і арганізоўвала школы для дзяцей польскай дыяспары ў ЗША, Брытаніі, Іспаніі і іншых краінах.

Адной з агульных праблем для меншасці і дыяспары з’яўляецца тое, што дзяржава, якая ў першую чаргу павінна клапаціцца пра беларускую адукацыю ў замежжы, сама з’яўляецца акупаванай Расіяй. Таму разлічваць на афіцыйны Мінск беларусам за межамі краіны не прыходзіцца. Такім чынам стаўку трэба рабіць, перш за ўсё, на ўласныя сілы. Пра гэта, у прыватнасці, заявіў радыё Ўнэт кіраўнік Беларускага дому Алесь Зарэмбюк.

«У сённяшняй Беларусі знішчана беларуская адукацыя практычна, выкінута ў турмы ці на эміграцыю. Тут я маю на ўвазе і дзясяткі тысяч студэнтаў, і сотні выкладчыкаў. Мы бачым, што вельмі шмат беларусаў, на сённяшні дзень больш за 50 тысяч беларускіх дзетак, якія былі вымушаны разам з бацькамі пакінуць Беларусь, вучыцца ў Польшчы. Мы таксама маем каласальны досвед беларускай меншасці ў Польшчы, а таксама ўзорам для нас з’яўляецца досвед польскіх арганізацый па-за межамі Польшчы, польскай Палоніі, якія таксама дбаюць пра захаванне польскай культуры, традыцый, мовы. І для нас вельмі важна звязаць гэтых людзей, стварыць з гэтага сетку, каб абменьвацца лепшымі практыкамі, каб абменьвацца досведам, каб падтрымліваць адно аднаго, нягледзячы на тое, ці гэтыя беларусы пражываюць у Познані, ці Беластоку, ці ў Гданьску, ці ў Варшаве. І вельмі важна выпрацаваць механізмы добрай беларускай адукацыі як для самых маленькіх на ўзроўні дзіцячых садкоў, так для школьнікаў і пасля – вышэйшай адукацыі. Як раз мы бачылі прэзентацыю Вольнага беларускага ўніверсітэта, бачылі прэзентацыю ўстаноў дашкольных і школьных. Вельмі важна, каб беларусы, калі яны вырашаць заставацца жыць тут, каб яны заставаліся беларусамі, каб іх дзеці заставаліся беларусамі, каб праз тры пакаленні яны заставаліся беларусамі. А гэта магчыма толькі тады, калі будуць вось гэтыя асяродкі культуры, адукацыі, інтэграцыі беларускай. І вельмі важна рабіць гэта далей. А пасля гэты досвед і меншасці нашай беларускай з Падляшша, і нашай дыяспары ва ўсёй Польшчы і ва ўсёй Еўропе будзе вельмі патрэбны, каб аднавіць беларускую адукацыю ў нашай зрусіфікаванай Лукашэнкам краіне», – заявіў Алесь Зарэмбюк.

Алесь Зарэмбюк

Са сцверджаннем, што ў Беларусі мова цяперашняга рэжыму выключна руская, што таксама заўважыў прадстаўнік Вольнага беларускага ўніверсітэта Алесь Лагвінец, не спрачаўся ніхто. Выступоўца падкрэсліў, што вышэйшая адукацыя ў самой Беларусі знаходзіцца ў глыбокім крызісе, і там месца беларускай мовы няма.

«Сёння крызіс вышэйшай адукацыі ў Беларусі вялізарны. Адукацыя сапраўды вельмі моцна ідэалагізаваная. Такі прыклад прывяду. Ці існуе падручнік па ідэалогіі беларускай дзяржавы на беларускай мове? Няма, бо мова рэжыму, мова імперыі – расейская. Мова дэмакратыі, мова незалежнасці – беларуская. Гэта наша такое разуменне», – адзначыў Лагвінец.

Алесь Лагвінец

Многія выступоўцы падкрэслівалі, што беларуская мова і беларускамоўная адукацыя – гэта перашкода для распаўсюду ідэй «рускага міру». Менавіта таму ўсе прадстаўленыя адукацыйныя праекты дыяспары, якія апошнім часам паўсталі ў Польшчы, выключна беларускамоўныя. Аднак на сённяшні дзень ад рускамоўнасці вялікай колькасці эміграваўшых беларусаў не ўдаецца пазбавіцца. Таму, у адрозненні ад паланійных школ, дзе мэтай ставілася і ставіцца захаванне польскай мовы ў эміграцыі, для беларускіх эмігранцкіх ініцыятыў задачай часам стаіць навучанне роднай мове многіх беларускіх дзяцей, якія ў сям’і размаўляюць па-руску.

Таму вельмі важна, каб беларускія дзеці для захавання сваёй тоеснасці вывучалі не толькі мову і літаратуру, але і гісторыю, і культуру свайго народу. Нават калі б гэта было ў выглядзе суботніх школ. Менавіта іх стварэнне і з’яўляецца адным з выклікаў беларускай адукацыі для дыяспары ў Польшчы, заявіў дэпутат ці па-мясцоваму пасол у Сейме, у кампетэнцыю якога ўваходзяць пытанні звязаныя з Беларуссю і Палоніяй, Роберт Тышкевіч.

«Думаю, што ёсць два такія найважнейшыя выклікі: распаўсюдзіць стварэнне грамадскіх беларускіх школ, якія будуць вучыць дзяцей з беларускай эміграцыі мове, гісторыі, культуры. А другая найбольшая праблема – гэта праблема адпаведнага пошуку і атрымання фінансавага на з’яўленне такога тыпу пляцовак. Незалежная беларуская адукацыя не можа разлічваць на дапамогу беларускай дзяржавы, так як можа, напрыклад, разлічваць адукацыя польскай эміграцыі. Польская дзяржава падтрымлівае паланійныя школы па ўсім свеце. У такім выпадку мусяць падтрымаць беларускую адукацыю дзяржавы, у якіх знаходзіцца беларуская эміграцыя», – распавёў Роберт Тышкевіч.

Роберт Тышкевіч

Прадстаўленыя на канферэнцыі адукацыйныя ініцыятывы беларускай эміграцыі ў многім даказалі сваю трываласць і магчымасць далейшага развіцця. Прычым як тыя, якія самафінансуюцца, як напрыклад школа «Як дома», так і тыя, якія працуюць, дзякуючы атрыманню грошай ад старонніх арганізацый, як напрыклад «Беларуская школа ў Варшаве». Апошняя дарэчы плануе сёлета стварыць філіялы ў шэрагу гарадоў Польшчы з вялікай колькасцю беларусаў і вучыць дзяцей не толькі анлайн, але і афлайн.

Дарэчы, горад, дзе такі філіял не будзе створаны – Уроцлаў. І гэта таму, што тамтэйшая арганізацыя беларусаў, якая грунтуецца на адкрытасці і мае дэмакратычна абранае кіраўніцтва, здолела самастойна стварыць школу, за наведванне якой сваімі дзяцьмі эмігранты гатовы плаціць.

Таксама некаторыя выступоўцы лічылі важным, каб дзеці дыяспары маглі разам з дзецьмі меншасці вывучаць беларускую мову. Пакуль польскі закон падзяляе іх як грамадзян і не грамадзян Польшчы. Адзначым, што зараз ідзе збор подпісаў за змены ў гэты парадак.

У сваю чаргу перад беларускай меншасцю на Падляшшы сёння востра стаіць пытанне захавання беларускасці двух ліцэяў – у Гайнаўцы і Бельску-Падляшскім. Гэта адзіныя сярэднія навучальныя ўстановы ў Польшчы, дзе вывучаецца беларуская мова як прадмет. Новая трактоўка чыноўнікамі ад адукацыі закона, калі выпускны экзамен па беларускай мове можна не здаваць, прывядзе да страты гэтымі ліцэямі іх цяперашняга статуса, а значыць і беларускага духу ў іх. У які спосаб можа быць вырашана гэта праблема, распавёў Роберт Тышкевіч.

«Яна можа быць вырашана толькі ў адзін спосаб – мусіць быць вернуты абавязковы выпускны экзамен па беларускай мове і абавязковасць вывучэння беларускай мовы ў гэтых ліцэях. Бо ў інакшым выпадку гэтыя ліцэі страчваюць сэнс свайго існавання», – упэўнены дэпутат.

Варта адзначыць, што пасля падзей 2020 года і саўдзелу рэжыма Лукашэнкі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны, адукацыйныя пляцоўкі беларускай меншасці адмовіліся ад паездак у Беларусь і нейкай супрацы з тамтэйшымі дзяржаўнымі органамі ад адукацыі. Праўда, па сведчаннях некаторых, з боку прадстаўнікоў афіцыйнага Мінску спрабуюць аднавіць кантакты.

Цягам Першага міжнароднага дня беларускай адукацыі настаўнікі і выкладчыкі як з боку меншасці, так і дыяспары, прычым дыяспары не толькі беларускай, але і польскай падзяліліся сваімі напрацоўкамі арганізацыі навучання. Намецілася і супрацоўніцтва меншасных і дыяспарных адукацыйных ініцыятыў. Так, Непублічная падставовая школа імя Кірыла і Мяфодыя ў Беластоку, магчыма, прадставіць свае памяшканні для суботніх заняткаў беластоцкага філіяла «Беларускай школы ў Варшаве».

Comments are closed.