Loading

Міжнародны крымінальны суд у Гаазе пачаў расследаваць падрыў дамбы Кахоўскай ГЭС, які прывёў да катастрафічных наступстваў. Пра гэта ў сваім вячэрнім паведамленні 11 чэрвеня расказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. А Арганізацыя аб’яднаных нацый заявіла, што пасля падрыву Кахоўскай ГЭС доступу да пітной вады няма прыкладна ў 700 тысяч украінцаў.

Асноўныя наступствы гэтага падрыву, якія будуць уплываць на Украіну яшчэ некалькі гадоў, а можа і дзесяцігоддзяў, гэта наступствы экалагічныя. Эколаг, эксперт рабочай групы па даследаванні экалагічных наступстваў вайны ва Украіне Яўген Сіманаў кажа, што пакуль што цалкам маштабы катастрофы ацаніць складана, больш-менш дакладныя даныя будуць даступныя экспертам прыкладна праз тыдзень пасля катастрофы. Па яго словах, асноўны ўдар прыняла адна з найбольш каштоўных прыродных зон Украіны.

«Ужо зразумела, што яна (паводка) закране, так ці інакш, амаль два дзясяткі, прыродаахоўных тэрыторый, таму што гэта адна з найбольш каштоўных ва Украіне прыродных зон, дзе вельмі шмат рэдкіх відаў флоры, фаўны, рэдкіх ландшафтаў. Там тры нацыянальныя паркі, Чарнаморскі біясферны запаведнік, паўтара дзесятка заказнікаў і гэтак далей».

Па словах эксперта, шмат якія віды жывёлаў на гэтых тэрыторыях увогуле ўжо 70 гадоў не бачылі і натуральных паводак, бо яны проста сразаліся каскадам дамбаў вышэй па плыні ракі.

«Мы ўбачым, як вялікія папуляцыі жывёл і раслін будуць знішчаны або вымешчаны з гэтай тэрыторыі. Цяпер мы ўжо бачым, што вадаплаўныя птушкі, якія сёлета адгняздаваліся па берагах Дняпра, страцілі свае гнёзды, кладкі і птушанят. І, адпаведна, колькасць іх паменшыцца. Мы бачым масавую гібель не здолеўшых уцячы ад паводкі дробных грызуноў. Тыя, хто можа, уцякае, часта ў нязвыклыя для іх месцы, дзе яны таксама могуць загінуць. Маштаб жа гэтага далей вельмі складана прадказальны».

Тым не менш, эксперт адзначае, што менавіта вышэй па плыні ракі, на месцы Кахоўскага водасховішча чакаюцца асноўныя негатыўныя наступствы прарыву дамбы.

«Нас нават больш хвалюе тое, што адбываецца вышэй па плыні ў доўгатэрміновым плане, таму што яно менш відавочнае і, магчыма, будзе мець больш доўгатэрміновы эфект. На месцы вадасховішча ўзнікне пустэча. На дне вадахсовішча ляжыць сямідзесяцігадовы запас наносаў, прынесеных ракой з прамысловых раёнаў Украіны. Большасць гэтых наносаў – гэта мелкадысперсныя ілы, якія высахнуць і ўтвораць пыл. Гэты пыл змяшчае, верагодна, вялікую колькасць яшчэ і тэхнагенных забруджвальнікаў з прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, якія скідалі адкіды вышэй па плыні ў папярэднія 70 гадоў. Гэты пыл будзе развіваць вецер, вялікі вецер, таму што там вялікая адкрытая мясцовасць. Узнікнуць і будуць узмацняцца пылавыя буры. Таму вельмі важна, каб на гэтай тэрыторыі былі засеяны нейкія мясцовыя віды раслін. Тэрыторыя гэтая ўрадлівая, хоць і атрутная».

Яўген Сіманаў кажа, што мясцовае насельніцтва таксама чакае вельмі жорсткая адаптацыя да новых умоваў. Чакаецца значнае пагаршэнне клімату ў рэгіёне, таму ўжо зараз варта думаць, як гэтыя наступствы змякчаць. Пры гэтым, па словах эксперта, хутчэй за ўсё сур’ёзна разглядаць пытанне аднаўлення водасховішча – не варта. Яўген Сіманаў кажа, што створанае сем дзесяцігоддзяў таму водасховішча, было адным з найгоршых у былым Савецкім Саюзе па экалагічных, сацыяльных і тэхнічных параметрах і ўжо даўно ў асяроддзі экспертаў існавала пытанне – што з гэтым водасховішчам рабіць далей.

«Людзей шкада, прыроду шкада. Вось вадасховішча, як тэхнічны аб’ект, мне асабіста зусім не шкада. Бо колькі жыву, столькі чую, што яго трэба нейкім чынам ліквідаваць. Я думаю, што яго аднаўленне і эканамічна не мае сэнсу і сацыяльна мала апраўданае. Так, вядома, лепш не тое, каб нават адаптавацца да пустэчы, якая зʼявілася, а проста будаваць далей жыццё на аснове сучасных эфектыўных рашэнняў, а не тэхналогій сярэдзіны XX стагоддзя, створаных у савецкай каманднай сістэме».

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.