Loading

Беларусь яшчэ больш наблізілася да Паўночнай Карэі і Саудаўскай Аравіі. Аляксандр Лукашэнка забараніў беларусам мець беспілотнікі. Цяпер увозіць, захоўваць і выкарыстоўваць дроны ў нашай краіне могуць толькі арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі. Цягам паўгода беларусы павінныя прадаць свае беспілотнікі арганізацыям ці бізнесоўцам.

Пра тое, чаму беларускія ўлады ўзяліся за дроны, якую ролю беспілотнікі адыгрываюць у вайне Расіі супраць Украіны, чаму з інфармацыйных радараў знікла назва «Bayraktar» і як Кіеў эфектыўна выкарыстоўвае супраць акупантаў драўляныя БПЛА, у эфіры радыё «Ўнэт» распавёў спецыяліст у беспілотніках, былы баец палка Каліноўскага Дзяніс.

Сцісла ў размове:

  • Беларускія ўлады баяцца, што ў падполлі пачнуць збіраць кастамныя (хатнія) БПЛА, пры дапамозе якіх можна будзе арганізоўваць нейкія правакацыі. Напрыклад, атакі на вайсковыя аэрадромы, аб’екты інфраструктуры.
  • Украінскі бок пераўзыходзіць Расію ў выкарыстанні БПЛА. Гаворка і пра эксплуатацыю дронаў, і пра тэхнічныя ноў-хаў. Атакі на крэйсер «Мінск», на Севастопаль паказваюць прафесіяналізм украінскага войска. Пры гэтым Кіеў часцяком выкарыстоўвае менавіта кастамныя БПЛА.
  • Байрактары ўжо адыгралі вялікую ролю ў вайне. Дзякуючы ім быў вызвалены, напрыклад, востраў Змяіны, было патоплена шмат дэсантных караблёў. Але з часам прыйшло разуменне, што прасцей і танней рабіць дроны ўласнымі рукамі і гэтыя БПЛА будуць працаваць на перадавой практычна з тым жа поспехам.
  • Ідэя Украіны выкарыстоўваць кардонныя дроны – проста космас. Папера – гэта не кампазітны матэрыял, адпаведна радары яе проста не бачаць. Такі дрон можна заўважыць толькі праз цеплавізар па нагрэтым рухавіку ці пачуць уласнымі вушамі. Збіць такі дрон можна толькі выпадкова.
  • Цяпер у Варшаве разам з камандай «Белрактар» мы распрацоўваем БПЛА, якія плануем пастаўляць ва Украіну для ЗСУ. Хлопцы добра прасунуліся ў сваёй справе. Дрон лятае, пакуль шумны, але мы працуем над гэтай праблемай. Важна, што ў нас атрымалася выйсці на пастаўшчыкоў неабходных дэталяў.

Comments are closed.