Loading

Музыку з дудой і доўгімі валасамі добра ведаюць у Гомелі. У Беларусі яму даводзілася выступаць разам з Алесем Чумаковым са Старога Ольсы ды іншымі выканаўцамі этна-фольк музыкі. Тады ўкраінскі музыка Аляксей Шкурапацкі жыў у Беларусі. Але вайна заспела яго 24 лютага 2022 года ў Кіеве. І пасля – гэтыя доўгія месяцы абстрэлаў, адключэння электрычнасці, валанцёрства, дапамогі вайскоўцам і ўцекачам. Прычым, дапамогі як матэрыяльнай, так і творчай. Пра тое, як ён апынуўся ў Беларусі, чаму мусіў вярнуцца ва Украіну і як для яго праходзіць гэтая вайна, мы паразмаўлялі з музыкам, дударом і мастацкім кіраўніком фолк-рок гурту FRAM Аляксеем (Clover) Шкурапацкім.

Пра сувязь з Беларуссю

Яшчэ, калі я жыў ва Украіне, мы з гуртом ездзілі на гастролі ў Беларусь. У Беларусі я пазнаёміўся з дзяўчынаю, мы пабраліся і я пераехаў у Гомель. Таму што мы вельмі хацелі дзіця, і ў Беларусі нам было больш магчымасцяў без праблемаў нарадзіць дзіця і выхаваць яго ў першыя часы.

Ва Украіне тады ўжо ішла вайна на Данбасе. Я сам з Луганска, яна беларуска. Вельмі няпэўнае было сацыяльнае становішча, вельмі шмат сумневаў, страхаў, ніхто тады не разумеў, што адбываецца. Таму выбарам была Беларусь. Але я збіраўся вяртацца ва Украіну, як толькі змагу.

Пра дзейнасць падчас вайны

Мне не падабаецца (назва) украіна-расійская вайна. Бо гэта такая канатацыя, што нібыта Расія ваюе з Украінай, Украіна ваюе з Расіяй. У нас ёсць расійскае ўварванне ва Украіну: Расія ўварвалася, Украіна абараняецца.

Пачатак паўнамаштабнага ўварвання я сустрэў такім чынам, што ў мяне ў двары, дзе я жыў у той час, а 5.30 раніцы выбухнула бомба. Зараз на фоне ўсіх падзеяў пра гэта мала гавораць, бо ў маштабах усяго, што адбылося – гэта такая драбнічка. Але ў Кіеве ў пэўных месцах выбухнулі загадзя закладзеныя бомбы.

Мы ўсталі і пачалі дзейнічаць. Я праз некалькі дзён пайшоў і здаў кроў, займаўся валантэрскай працай. Нешта куплялі для ваенкаматаў, камусьці дапамагалі. Потым пайшоў і паўгода працаваў валанцёрам у арганізацыі WCK. Мы жылі проста ў валанцёрскім штабе, нам прывозілі напаўпрыгатаваную, паўфабрыкатную ежу, мы гэта ўсё гатавалі, фасавалі і развозілі вайскоўцам, «ТРОшнікам», на вакзал, ва ўстановы.

А датычна творчага, то мы з гуртом напісалі такі зборнік бадзёрага панк-року ў падтрымку большай часткі цывільнага насельніцтва Украіны. Я асцерагаюся пісаць нешта на вайсковую тэму, бо я сам чалавек не вайсковы, не ўсю спецыфіку разумею і не хачу незнарок кагосьці пакрыўдзіць. У нас ёсць пэўны пасыл, які падыходзіць і вайскоўцам, і цывільным. Мы яго нясем. Што трэба трымацца, трэба змагацца, трэба бараніць сваё, трэба працягваць жыццё, не зважаючы ні на што. І разам з нашымі такімі фальклорна-рамантычнымі песнямі мы граем і гэты бадзёры панк-рок.

Апошнім часам мы хочам вярнуцца да рамантыкі, бо на гэты час усё, што мы хацелі сказаць, як мне здаецца, мы сказалі. Калі з’явяцца новыя думкі, мы зробім новыя песні пра гэта.

Пра сувязь з беларусамі ва Украіне

Я намагаюся падтрымліваць кантакты з беларусамі, якія жывуць у Кіеве, намагаюся, чым магу, дапамагаць. А яны мне таксама дапамагаюць.

Вы мусіце разумець, што ва Украіне зараз усе трохі на нервах праз тое, што адбываецца. І, калі, напрыклад, адбываецца чарговая паветраная атака з боку Беларусі, то ўзнікаюць такія абстрактныя і, на мой погляд, беззмястоўныя пытанні да беларусаў. Я ўсімі сіламі дапамагаю трымаць, скажам так, рэпутацыю беларусаў, якія нам дапамагаюць, якія за нас ваююць, абараняць беларусаў ва Украіне. Гэта адна з маіх задач.

Я жыў у Беларусі, я шмат чым абавязаны гэтай краіне. Я абавязаны ёй сынам. І мой лёс, як мне здаецца, ужо да канца жыцця бузе звязаны з Беларуссю.

Пра канцэрты на поўдні Украіны

У Мікалаеве, я мяркую, гэта будзе досыць вялікі канцэрт, бо там не так шмат усяго зараз адбываецца. Там будзе (21 ліпеня а 18-й гадзіне) адкрыты адроджаны культавы клуб X-Roads, які раней называўся расійскаю «Перекресток». І ў Адэсе ва ўстанове Heidrun – Norse Pub (23 ліпеня а 19-й гадзіне). Гэта паб у вікінгаўскім стылі. Я сябрую з уласнікамі і выступлю ў іх у Адэсе. Я яшчэ хацеў заехаць у Херсон. Але там людзі, якія адказваюць за культурніцкія захады ў Херсоне, былі вельмі ўдзячныя за тое, што я прапанаваў, але зараз ім не да арганізацыі чагосьці ў Херсоне, і я іх разумею. Проста няўчасная мая прысутнасць у Херсоне, не да мяне ім там.

Я праз творчую дзейнасць бываў амаль ва ўсіх вялікіх гарадах Украіны. І ва ўсіх вялікіх гарадах Украіны ў мяне ёсць сябры. І гэтым часам я намагаюся падтрымліваць гэтых сяброў чым магу. З грашыма зараз цяжка, таму я магу падтрымаць усіх, паводле маёй непасрэднай музычнай прафесіі – прыехаць, зайграць, падбадзёрыць, зматываваць працягваць жыццё і барацьбу.

Comments are closed.