Loading

Першыя тры гарады ў Польшчы – Гданьск, Варшаву і Беласток наведаў у межах еўрапейскага тура легендарны гурт N.R.M. Трое музыкантаў аднаўляюць паўнацэнную музычную дзейнасць калектыва і хочуць зноў стаць квартэтам. Разам з тым беларуская публіка ў Польшчы ўжо сустракае іх «на ўра», слухаючы як новыя, так і старыя кампазіцыі.

У Беластоку N.R.M. не быў з 2011 года, распавёў фронтмэн гурта Піт Паўлаў. Менавіта ў той час музыканты пачалі сваю дзейнасць утрох, калі калектыў пакінуў Лявон Вольскі. Паводле Паўлава, тады яны былі ў «страшным стрэсе», хоць беластоцкая публіка вельмі прыязна да іх ставілася і канцэрт прайшоў выдатна.

«Але прайшоў час і зараз мы напісалі новыя песні. На жаль, мы не можам выконваць толькі новыя песні, таму што людзі не знайшлі ў сябе энергію іх палюбіць, нават паслухаць. Некаторыя песні людзі проста ніколі не чулі. І яны прыходзяць на канцэрт і кажуць:«Якія класныя песні! Чаму мы іх не чулі?». Яны ёсць на ўсіх носьбітах, іх можна паслухаць», – распавёў Піт Паўлаў.

Такім чынам выступленні ў Гданьску, Варшаве і Беластоку змяшчалі ўвесь спектр музычнай палітры N.R.M.

«Мы хацелі пачаць абкатваць новы альбом, але рэальнасць выглядае крыху па-іншаму. Людзі вельмі хочуць чуць старыя песні. Таму з новага альбому некаторая частка песень і з папярэдняга альбому некаторая частка песень. І са старых добрых песень пэўная таксама колькасць. У нас такая ўраўнаважаная на наш погляд праграма. Пры тым, што мы так даўно не ігралі, што яна не аднастайная. Там «дзікі метал» і самыя панкавыя песні і песенкі мелядовыя. То бок уся палітра гучання N.R.M». – адзначыў фронтмэн.

Зараз гурт знаходзіцца ў эміграцыі. Піт Паўлаў выехаў з Беларусі апошнім – каля сямі месяцаў таму. Іншыя – Алезіс Дзямідовіч і Васіль Ярмоленка – у замежжы ўжо год. Пры гэтым перапынак у канцэртах быў каля двух гадоў, праўда, за гэты час творчая актыўнасць не спынялася.

«За гэтыя два гады прастоя канцэртнага я напісаў амаль што пяць альбомаў поўных. Мы з N.R.M. напісалі новы альбом. І вось зараз яго трэба скончыць толькі. Матэрыял гатовы, бубны і басы награныя. Таму засталося ў некаторых песнях дапісаць гітаркі, у некаторых песнях перапісаць вакалы. Але песні ўжо гатовыя. Гэта будзе паўнавартасны альбом новы. Проста каб яго скончыць, трэба сродкі. Але самае галоўнае, што патрэбны час, таму што тут мы ўсе вымушаны працаваць. Тут няма такога, каб мы маглі заняцца толькі гэтым. У нас няма творчага гранта ці яшчэ чаго. А я да таго ж падпісаў кантракт з Польскім тэлебачаннем, я працую штодня як журналіст на Польскім тэлебачанні. Я вымушаны кожны дзень хадзіць на працу, не тое, што вымушаны – мне падабаецца гэта праца, яна дае мне магчымасць на годнае жыццё», – распавёў Піт Паўлаў.

Падрабязны рэпартаж слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.