Loading

У Варшаве адбыўся аматарскі футбольны турнір, арганізаваны Беларускім домам. Спаборніцтвы былі прысвечаныя дню нараджэння футбаліста-палітвязня Аляксандра Івуліна і прыцягнулі не толькі фанатаў, але і такіх вядомых дзеячаў беларускага футболу, як легендарны Аляксандр Хацкевіч і лепшы бамбардзір чэмпіяната Беларусі-2019 Ілля Шкурын.

Падрабязней пра мерапрыемства мы пагаварылі з суарганізатарам спаборніцтваў Антосем Лагвінцом і былым футбольным арбітрам Віталём Аніхімоўскім, якія таксама выйшлі на поле ў якасці гульцоў. 

Ідэя турніру ўзнікла ў Антося Лагвінца на пачатку лета як спосаб падтрымаць і павіншаваць з народзінамі Аляксандра Івуліна — беларускага журналіста, аўтара праекта “ЧестнОК” і гульца футбольнага клуба «Крумкачы». Ён быў затрыманы 3 чэрвеня 2021 года, а 19 студзеня прыгавораны да двух гадоў калоніі, дзе і знаходзіцца зараз.

Першапачаткова планавалася сабраць 6-8 каманд, з якімі ў Лагвінца былі сувязі, але калі адкрылі форму рэгістрацыі, колькасць жадаючых прыняць удзел у спаборніцтвах пачала расці вельмі імкліва. У выніку за месяц атрымалася сабраць 16 каманд-удзельнікаў і яшчэ некалькі запасных па ўсёй Польшчы. Адбору фактычна не было: за кубак змагаліся тыя, хто пацвердзіў свой удзел да пачатку лёсавання, якое прайшло ў Беларускім Доме 7 жніўня. Па меркаванні арганізатараў, лёсаванне ўдалося правесці на вышэйшым за АБФФ узроўні.

Удзел у турніры прынялі наступныя каманды: Dzieciuki United, ATAM, Białe Żubry, Qwerty, Сборная НАУ-ЧЛ, Team Ivulin, Банда Кривцова, Тун-Тун WORSHAwa, ФК Хумра, BLM, РУХавік, Playball, БЕЛСАТ, Зубры Падляшша, Падбярозавікі, BSSF. Большасць з іх знаходзіцца ў Варшаве, але былі і госці з іншых гарадоў, напрыклад, гданьская каманда Białe Żubry, у складзе якой гуляе прафесійная беларуская футбалістка — адзіная жанчына сярод гульцоў. Першынство ў кубку ўзяла дружына Беларускага фонду спартовай салідарнасці BSSF, у складзе якой гулялі прафесійныя беларускія і ўкраінскія футбалісты, трэнеры і спартовыя мэнэджэры.

«Як аматар, я лічу, што ўдзельнікам было цікава гуляць супраць такіх зорак, пабачыць іх як роўных сабе на футбольным полі, і таксама быць побач з імі, чакаючы сваіх матчаў, мець магчымасць з імі паразмаўляць, зрабіць здымак, таму вельмі добра, што гэтыя гульцы з’явіліся.»

Віталь Аніхімоўскі кажа, што спачатку планаваў адпрацаваць турнір у якасці арбітра, але непасрэдна перад тым, як дамовіцца наконт судзейства, ён атрымаў прапанову прыняць удзел у спаборніцтве ў якасці гульца. Аніхімоўскі мяркуе, што галоўная мэта турніру — прыцягнуць увагу да таго, што ў Беларусі зараз болей за тысячу палітвязняў, у якіх няма магчымасці гуляць у футбол ці проста глядзець матчы.

Віталь атрымаў шмат асабістых паведамленняў ад наведвальнікаў турніру, у якіх яны выказвалі захапленне мерапрыемствам і шкадавалі, што такую імпрэзу — з бел-чырвона-белымі сцягамі, фаерамі і поўнымі фанатаў трыбунамі — пакуль што немагчыма арганізаваць у Мінску. Так, напрыклад, цягам апошніх двух гадоў футбольныя фанаты Беларусі па відавочных прычынах байкатуюць усе матчы вышэйшай лігі. Але поспех Кубку Івуліна дае надзею на тое, што такі турнір неўзабаве можна будзе правесці і ў Беларусі, лічыць Аніхімоўскі.

«Калі адбывалася ўзнагароджанне, калі нас папрасілі сфатаграфавацца, я ўбачыў такую колькасць фотаапаратаў, якую не бачыў на матчах Вышэйшай лігі, напэўна, ніколі. Убачыў цікаўнасць людзей да гэтага мерапрыемства, свабодных, прыгожых беларусаў, кожны з якіх ёсць асобай, кожны мог праявіць сябе… На жаль, апошнія гады ў Беларусі мы моцна пакутуем, таму што людзі забітыя пад плінтус і не могуць паказаць свае сапраўдныя жаданні, эмоцыі. А тут мы ўбачылі шчырасць, тое, чаго не хапае, і гэта дапамагае верыць у тое, што вельмі хутка ўсё памяняецца, таму што нас вельмі шмат насамрэч, і калі мы можам зладзіць такі турнір у Варшаве, то мы зможам усё. Я ў гэтым проста не сумняваюся.»

Comments are closed.