Першая беларуская анлайн-школа ва Украіне пачынае новы навучальны год. Пра тое, як працуе ўстанова, што прапануе сваім вучням і за які кошт жыве – у размове з яе заснавальніцай і кіраўніцай, спявачкай і акторкай Анастасіяй Шпакоўскай.
— Школа стваралася ў кастрычніку 2020 года ў сувязі з тым, што я са сваімі дзецьмі вымушаная была з’ехаць з Беларусі праз палітычны пераслед. Я апынулася ў Кіеве, дзе шукала для сваіх дзяцей школу, у якой будзе магчымасць для маіх беларускіх дзяцей захаваць прадметы беларускага вектару.
Зразумела, што ў Кіеве такой школы я не знайшла і вырашыла зрабіць такую школу сама. Напрыканцы кастрычніка мы пачалі паўнавартасна існаваць. Супрацоўнічаем мы з украінскай школай Мідгард, якая выдае нашым вучням атэстацыю дзяржаўнага ўзору Украіны. І нашы вучні з дапамогай нашых беларускіх рэпрэсаваных настаўнікаў працягваюць вывучаць беларускія прадметы, такія як беларуская мова, літаратура, гісторыя Беларусі, гісторыя беларускага мастацтва і ўрокі дабрыні з Маляванычам – з Аляксандрам Ждановічам, нашым улюбёным акторам.
Вось так мы існуем. І чацвёрты навучальны год у нас пачынаецца 11 верасня. Зараз мы яшчэ прымаем заяўкі. Можна далучыцца да нашай школы і пачаць паўнавартасную адукацыю з захаваннем беларускага вектару прадметаў.
— Ваша школа называецца «Першая беларуская анлайн-школа ва Украіне». Але мы ведаем, што зараз сітуацыя такая, што многія нават украінцы з’ехалі з Украіны і, тым больш, тыя, у каго ёсць дзеці. Фізічна вашыя вучні знаходзяцца ва Украіне, ці ў розных іншых краінах?
— Увесь сэнс стварэння і існавання гэтай школы ў тым, што да нас далучаюцца беларускія дзеці з усяго свету. Мы проста на падставе ўкраінскай адукацыі выжаем атэстацыю дзяржаўнага ўзору Украіны. Але ж дзеці ў нас з больш за 17 краінаў свету. Таму мы не прывязаныя да тэрыторыі.
Так – ёсць у нас прывязанасць да ўкраінскіх настаўнікаў, якія выкладаюць украінскі вектар прадметаў. І мы перажылі ўжо шмат складанасцяў і прыстасаваліся існаваць ва ўмовах вайны. І падчас паветранай трывогі, і ўжо нашы настаўнікі з бомбасховішчаў выкладаюць заняткі. Мы прыстасаваліся ўжо, здаецца, да ўсяго. Першасна мы перажылі кавід, а зараз мы перажываем вайну.
— А ці можна казаць, колькі ў вас зараз навучаецца вучняў?
— У гэтым годзе школу скончылі больш за 20 вучняў, мы выдалі атэстаты. І зараз ідзе яшчэ набор, і будзе ісці. Мы маем практыку набіраць і пасярод навучальнага году. І мы плануем, што дзесьці 65-70 чалавек у нас на пачатак ужо будзе зноўку.
— Агульны базіс прадметаў дакладнага, прыродазнаўчага цыклу ў вас базуецца і выкладаецца на ўкраінскай мове?
— Выкладаецца на ўкраінскай мове, але ж нашыя ўкраінскія настаўнікі разумеюць, што яны выкладаюць для беларускіх дзяцей і часам пераходзяць на зразумелую для іх мову. І гэта больш адаптаваная ўкраінская мова. Складанасцяў ніякіх няма.
Адзіная складанасць, з якой мы сутыкнуліся – гэта мы больш не набіраем дзяцей менавіта ў 11-й клас. Таму што нашыя дзеці не паспяваюць за адзін навучальны год падрыхтавацца да дзяржаўных экзаменаў, у якіх абавязкова трэба будзе здаваць і ўкраінскую мову, і гісторыю Украіны. І за адзін год гэта зрабіць немагчыма. 11-ы клас у нашай школе працуе, але ён працуе толькі для вучняў, якія ў нашай школе скончылі 10-ы клас. А ў астатнім дзецям падабаецца, мова прыгожая і ніякіх праблемаў не было за ўвесь час існавання.
— У вас у раскладзе ёсць расійская мова і часам у абмеркаваннях можна пачуць такія думкі – навошта ў беларускай школе ва Украіне расійская мова?
— На гэты кшталт я магу толькі дадаць, што расійская мова і расійская літаратура вывучаецца па жаданні. Гэта не абавязковыя прадметы. І я спадзяюся, што ўсялякія спрэчкі наконт гэтага на гэтым моманце мы можам і скончыць.
— Якія крыніцы фінансавання існавання вашай школы вы выкарыстоўваеце?
— На жаль, ніякіх. Ніводны фонд, ніводнае стварэнне, якое падтрымлівае адукацыю беларускіх дзяцей, не падтрымлівае школу. Адмовы ў нас былі адусюль, куды мы звярталіся. І праз гэта мы вымушаныя зрабіць нашу школу платнай, каб аплочваць паслугі Мідгарда і каб плаціць нашым настаўнікам.
Але ж мы ўсімі сіламі стараемся стрымаць гэты мінімальны кошт – гэта 150 еўра на месяц каштуе навучанне ў нашай школе. Але ж, шчыра кажучы, гэта вельмі складана, таму што грошай нам не хапае. Падтрымкі ў нас, на жаль, няма. Хаця, гэта адзіная школа, якая дае паўнавартасную адукацыю з атэстацыяй дзяржаўнага ўзору і з захаваннем беларускага вектару прадметаў, якая працуе ўжо чацвёрты год.
— Якія тлумачэнні, калі вы звяртаецеся да нейкіх донарскіх арганізацыяў, чаму вам адмаўляюць?
— Зараз такі час, што беларускія дзеці нікому не патрэбныя. Чаму адмаўляюць міжнародныя арганізацыі – для мяне зразумела. Таму што беларусы зараз прыраўноўваюцца да расійцаў і беларускія дзеці, атрымліваецца, таксама. А вось чаму адмаўляюць беларускія арганізацыі, якія створаныя, каб дапамагаць беларускім дзецям – аб гэтым я планую распавесці больш падрабязна, з фактамі, з перапіскамі. Вынесці гэта ўсё ў такую агульную прастору, каб гэта не былі проста мае нейкія там словы, каб гэта ўсё было пацверджана фактамі.
Мне незразумела. Проста ў галаве не ўкладаецца – проста людзі цікаваяцца, што ды як, і потым кажуць: «ну не, не можам дапамагчы». Гэта, калі агульна казаць. Але ж я хачу ўсе гэтыя перапіскі выкласці, каб людзі самі зрабілі нейкія свае высновы, што адбываецца, чаму адбываецца. Каб гэта не выглядала проста маім нейкім эмацыйным выказваннем. Я разумею, што ўсе гэтыя арганізацыі проста працуюць на сябе і ў сваіх інтарэсах.
— А ці ёсць у вас нейкія рахункі, на якія, калі ёсць ахвочыя дапамагаць, маглі б данаціць, ахвяраваць неяк?
— На нашым сайце byschool.com.ua ёсць усе кантакты. Можна зайсці на сайт і ўсю гэтую інфармацыю пабачыць. Можна звярнуцца да мяне асабіста, можна звярнуцца да нашых адміністратараў. Мы заўсёды адкрытыя для такіх прапановаў, гатовыя супрацоўнічаць на любых умовах. Гатовыя да ўсяго, толькі б, каб наша школа працягвала сваё існаванне.
Comments are closed.