У кастрычніку ЗША скарацілі дапамогу Украіне на 93,5% у параўнанні з пачаткам года. За апошні месяц Вашынгтон выдзеліў Кіеву толькі 200 тысяч долараў. Пра гэта паведамляе партал Ukraine Battle Map са спасылкам на Міністэрства абароны ЗША. А выданне The New York Times піша, што дзясяткі тысяч баявых снарадаў, якія абяцалі Кіеву, атрымае Ізраіль.
Пра тое, ці ўзброены канфлікт на Блізкім Усходзе адцягвае ўвагу Захаду ад вайны ва Украіне, паразмаўлялі з палітолагам Яўгенам Магдам.
Сцісла ў размове:
- Скарачэнне амерыканскай дапамогі адбылося праз канфлікт у Палаце прадстаўнікоў, дзе дамінуе Рэспубліканская партыя. І гэтае рашэнне было прынятае Кангрэсам ЗША яшчэ да нападу ХАМАС на Ізраіль. Тым больш варта памятаць, што вайсковая дапамога надаецца рашэннем менавіта амерыканскага прэзідэнта. Таму нічога крытычнага для Украіны ў цяперашняй сітуацыі няма.
- У нядаўнім тэлезвароце Джо Байдэн даў зразумець, што ставіць на адзін узровень ХАМАС і Пуціна, і што ЗША будзе дапамагаць Украіне, Ізраілю і Тайваню. Амерыканскі прэзідэнт адправіў бюджэтную заяўку на дапамогу ў 100 млрд долараў. Нам гэтая сума падаецца астранамічнай, але для федэральнага бюджэту яна такой не з’яўляецца.
- Малаверагодна, што Ліван ці Іран далучацца да канфлікту паміж ХАМАС і Ізраілем. Егіпет і Іярданія, якія маюць мірную дамову з Іерусалімам, усімі спосабамі дэманструюць, што яны не будуць уключацца ў вайну. Да таго ж Ізраіль мае сціслыя стасункі з ЗША. Таму, я вельмі сумняюся, што цяперашні канфлікт на Блізкім Усходзе перарасце ў Трэцюю сусветную вайну.
Comments are closed.