Loading

У Варшаве ў суботу прайшла прэзентацыя папярэдняга дакладу Народнага антыкрызіснага ўпраўлення аб пераследзе рэжымам Лукашэнкі беларусаў, якія пражываюць за межамі Беларусі.

Кіраўнік НАУ Павел Латушка прадэманстраваў матэрыялы, які не толькі сістэматызуюць інфармацыю аб рэпрэсіўных дзеяннях рэжыму, але таксама прапануюць шляхі супрацьдзеяння рэпрэсіўным захадам. Сярод такіх наступстваў немагчымасць атрымання некаторых дакументаў, неабходных для навучання ў заходніх ВНУ, працаўладкавання ці, часам, атрымання ВНЖ. Таксама былі ўзгаданыя і сітуацыі, калі рэжым Лукашэнкі наўмысна распачынае крымінальную справу супраць чалавека, што ў выніку вядзе да дадатковых праверак гэтай асобы ў краіне знаходжання, ці нават часовага затрымання беларусаў за межамі да высвятлення прычын крымінальнага пераследу ў Беларусі. У гэтым кантэксце вельмі важным быў удзел у пасяджэнні прадстаўнікоў розных краінаў.

Павел Латушка: «Гэта была першая спроба сістэматызацыі збору інфармацыі аб характару гэтых рэпрэсій, накірунках гэтых рэпрэсій, дзеля таго, каб на падставе гэтага аналізу выпрацаваць прапановы супрацьдзеяння на ўзроўні краін, урадаў, адпаведных прававых сістэмаў, дзе знаходзяцца грамадзяне Беларусі».

Як падкрэсліў падчас свайго выступу юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк, яго калегі ўжо на першасным этапе збору інфармацыі зафіксавалі і сістэматызавалі 15 відаў парушэння правоў, дыскрымінацыі і рэпрэсій у дачыненні да беларусаў, сярод іх затрыманні пры перасячэнні мяжы і пры атрыманні віз, перашкоды для ўдзелу ў выбарах, завочны крымінальны пераслед і канфіскацыя маёмасці палітычных эмігрантаў, знішчэнне маёмасці і арышт родных.

«Дагэтуль усе чулі пра сістэмную дыскрымінацыю, зневажанне правоў чалавека, рэпрэсіі, катаванні беларусаў, якія знаходзяцца ў Беларусі. А мы ўздымаем пытанні пра зневажанні правоў чалавека, дыскрымінацыю, рэпрэсіі ў дачыненні да тых беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой Беларусі. І быццам бы здаецца камусьці, што гэта робіць іх недатыкальнымі для Лукашэнкі, але мы паказваем, што гэта не так, што спробы пераследу робяцца, што гэты пераслед ідзе ўжо тры гады і распаўсюджваецца на сотні тысяч людзей. Самае сур’ёзнае, напэўна, гэта крымінальныя справы, калі чалавек не мае магчымасці сябе абараняць. Калі нават адвакат, які быццам бы павінен яго абараняць, не выходзіць з ім на сувязь. Наступствы самыя сур’ёзныя, гэта канфіскацыя маёмасці, гэта немагчымасць вяртацца ў Беларусь, гэта перспектыва пазбаўлення грамадзянства».

Comments are closed.