Loading

Дабрачынны фонд «Вільна Білорусь» апошнімі днямі надае асаблівую увагу сем’ям беларусаў, якія загінулі за свабоду Украіны і Беларусі. І зараз, напярэдадні калядных і навагодніх святаў, ён падрыхтаваў сем’ям беларускіх герояў шэраг святочных сурпрызаў. Акрамя таго, фонд «Вільна Білорусь» стаў удзельнікам валанцёрскай прэміі гэтага года ва Украіне. Пра актыўнаці дабрачыннага фонду «Вільна Білорусь» у канцы года распавядае ягоны кіраўнік Аляксей Францкевіч.

— Кожная з сем’яў загінулых герояў, якія жывуць ва Украіне і ў якіх ёсць дзеці, атрымалі прадуктовыя наборы. Таксама дзеці атрымалі цукеркі. Спадзяюся, што сёння ад Святога Мікалая яны атрымаюць яшчэ і кнігі. Да нас звярнулася адна беларуска, у якой ёсць свая друкарня, займаецца выданнем кніг. Яна паабяцала, што ў дзень Свтога Мікалая дзеці атрымаюць яшчэ адзін падарунак – кнігі. 

— А ці можаце вы назваць тых герояў, дзеці якіх атрымалі падарункі? 

— Гэта сям’я «Папіка» – Вадзіма Шатрова, «Волата» – Івана Марчука, «Ганса» – Змітра Рубашэўскага і «Сябро» – Васіля Парфянкова. У Парфянкова ў сям’і засталося трое дзяцей, у  «Ганса» дачка трохгадовая, у «Волата» таксама дачка трохгадовая і ў «Папіка» засталіся двое дзяцей. Гэтыя сем’і атрымалі дапамогу. І надалей яны таксама будуць яе атрымліваць. Мы будзем ім дапамагаць. 

— Ваш фонд стаў даволі вядомым ва Украіне і вашу дзейнасць заўважыла ўкраінскае грамадства. Ці можаце вы распавесці пра свой удзел у апошнім мерапрыемстве, на якое былі запрошаныя? 

— Насамрэч – у двух мерапрыемствах. Першае – гэта быў ХІ Форум развіцця грамадзянскай супольнасці, які адбываўся ў Кіеве. А таксама я прысутнічаў на ўручэнні валанцёрскай прэміі ад ініцыятывы Еўрамайдан SOS. 

На ХІ Форуме сабралася вельмі шмат людзей.  Гэта прадстаўнікі грамадскасці, валанцёрскіх ініцыятыў, арганізацыяў, донараў, фондаў. Гэты форум – гэта такая пляцоўка, дзе ёсць магчымасць сустрэцца са сваімі сябрамі, з партнёрамі, з кімсьці пазнаёміцца. Гэта новыя кантакты, гэта досвед, гэта дзелавыя кантакты. Мы пазнаёміліся з прадстаўнікамі фондаў, з іншымі арганізацыямі, з якімі, я спадзяюся, у будучыні ў нас будуць добрыя адносіны. 

А другое мерапрыемста – гэта ванцёрская прэмія. Гэта ўсё адбылося ў Дзень валанцёра. Дзясятая цырымонія ўзнагароджання. Гэтую цырымонію распачалі з 2014 года і кожны год звычайным людзям, якія робяць незвычайныя справы, у канцы года ўручалі ўзнагароды – прэмію «Валанцёр года». 

— Зараз ва Украіне неадназначнае стаўлене да беларусаў. Як на мерапрыемствах, дзе вам удалося пабыць, ставіліся да таго, што вы – дабрачынны фонд, створаны беларусамі? 

— Сёлета адмовіліся ад прызоў, першых месцаў. Бо пасля паўнамаштабнага ўварвання ўся Украіна – гэта такі валанцёрскі цэнтр. Шмат людзей валанцёраць, шмат добрых і магутных справаў робяць. Таму сабраліся, каб адзін аднаго павіншаваць. З вітальным словам выступіла Аляксандра Матвійчук – гэта заснавальніца Еўрамайдан SOS і лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру за 2021 год. 

— Калі вярнуцца да Форуму грамадзянскай супольнасці, вы сказалі, што вы там завялі новыя знаёмствы. Якія яшчэ праекты ў вас зарадзіліся падчас гэтых сустрэчаў? 

— Там вельмі шмат было ініцыятываў, арганізацыяў, з якімі мы даўно супрацоўнічаем, гэта нашыя партнёры. І таму там вельмі добрае стаўленне. Спадзяюся, што наступным разам на такой пляцоўцы будзе больш прадстаўнікоў беларускіх арганізацыяў. 

Напрамкаў працы вельмі шмат. Ва Украіне ідзе вайна. У нас падвоеная акупацыя ў Беларусі. Таму знаёмствы патрэбныя. Мы пазнаёміліся з фондамі, у якіх ёсць грантавыя праграмы. Мы пазнаёміліся з арганізацыямі, у якіх іншыя напрамкі, з якімі можна супрацоўнічаць, пачынаючы ад псіхалагічнай дапамогі, рэабілітацыі. Таму – гэта вельмі добра, што ў нас з’яўляюцца новыя партнёры, з якімі можна будзе зрабіць больш добрых справаў і дапамагчы большай колькасці людзей. І ў першую чаргу – гэта беларусы. 

Comments are closed.