Loading

Беларускі дабраахвотнік батальёна «Волат» палка імя Кастуся Каліноўскага Аляксандр Клачко з пазыўным «Кусь» у вялікай размове з радыё Ўнэт разважае пра сумленне, страх, маральны выбар і каштоўнасці.

У БРСМ атрымліваў падзякі і граматы «за актыўную жыццёвую пазіцыю», а ў 2020-м за яе ж – пратакол

Апошнія два гады ў Беларусі я працаваў у сферы таксі, быў кіраўніком філіялу «7220» у горадзе Баранавічы. Усе выбары я галасаваў супраць Лукашэнкі. Супраць усіх галасаваў. У 2019 годзе Лукашэнка і пуцін пачалі падпісваць «дарожныя мапы». Мне што не спадабалася – вызначаўся лёс краіны. Тады Павел Севярынец арганізоўваў у Мінску акцыі, і я ў 2019 годзе першы раз за апошнія 18 гадоў (паехаў у Мінск, пабачыць, што там адбываецца). Бо апошні раз быў на плошчы Кастрычніцкай 9 верасня 2001 года. Мне было тады 18 гадоў. Тады быў такі кандыдат ад апазіцыі Ганчарык, я яго падтрымліваў. Пасля тых падзеяў я расчараваўся і ў апазіцыі. І ў Лукашэнку не бачыў нічога добрага.

На чыгунку ўладкаваўся, 12 гадоў там працаваў. Нават удзельнічаў у выбарчых камісіях. У БРСМе вельмі актыўна сабе вёў. У палітыцы непасрэдна я не агітаваў. Мы там займаліся такімі момантамі – сіроцкаму прытулку дапамагалі, нейкія экскурсіі рабілі, нейкія сцэнкі ставілі, у нейкіх конкурсах удзельнічалі – такое вось цікавае жыццё, насамрэч, мне падабалася вось гэта. За што мне давалі ад БРСМа нейкія падзякі, грамата, памятаю, нават ад выканкама была. Гэта нікому не патрэбная мёртвая арганізацыя, але ў нас там быў такі касцяк – чалавек 5-6.

У 2020 годзе я па-сутнасці рабіў тое самае, толькі супраць рэжыму Лукашэнкі, у палітычнай сферы. Відэа, нейкія акцыі, нейкія ідэі. І за гэта ў 2020 годзе я атрымаў пратакол – «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі». У свой час падзякі былі за грамадзянскую актыўнасць, а тут мне за актыўную грамадзянскую пазіцыію – пратакол.

Супраць Лукашэнкі я асэнсавана стаў дзейнічаць вясной 2020 года. Для мяне гэта быў каранавірус – гэта такі вось пазл, якога не хапала. Для мяне стала зразумела, што ўсе галіны грамадства, звязаныя з уладай, пранізаныя хлуснёй. Каранавірус мне гэта паказаў. І тут яшчэ кранула мяне асабіста праз майго дзеда, яму тады было 86 гадоў, ён захварэў на каранавірус. То бок, для мяне вочы расплюшчыліся менавіта праз каранавірус.

Ціханоўскага я ніколі не ўспрымаў як палітыка. Я яго больш як блогера ўспрымаў. І на гэтай блогерскай дзейнасці яго і затрымалі. 18 ліпеня – гэта такі рубікон для мяне. Усе ранейшыя падзеі, якія я апісаў – крытыка была на кухні, сярод сяброў, знаёмых. А 18 ліпеня я ўжо «заднім розумам» па-памяці звязваю гэта з тым, што 16 ліпеня аб’ядналіся тры штабы. 18 ліпеня я ўпершыню ў сваім Інстаграме апублікаваў пост, у якім я выказаў свае адносіны да рэжыму Лукашэнкі.

І вось апублікаваў гэты пост, нічога не здарылася. І далей у мяне проста гэтая публічнасць – як яна была ў Беларусі, так яна засталася ў эміграцыі, так яна засталася і ў Палку Каліноўскага на вайне.

Галоўная думка: ці ў час я з’ехаў?

Мяне ўпершыню затрымалі праз тры месяцы пасля выбараў. Гэта было 8 лістапада 2020 года. Мы сабраліся на чаяванне ў мікрараёне Бараўкі горада Баранавічы. Пад’ехаў аўтобус. З яго выйшлі 15 пераапранутых карнікаў. Я пачаў сыходзіць. За мной пайшоў адзін мент, так пузаценькі. Я проста, ужо сыходзячы, адыйшоўшы метраў 20 ад мянтоў, яму кажу «Вы не правы». І ён такі: «Ах, так?», мяне пад локаць і «прайдзём», вярнуў мяне назад, мяне там пачалі дапытваць.

Потым я пайшоў у рэдакцыю (газеты Інтэкс-Прэс) і даў першае ў сваім жыцці інтэрв’ю. Мне было страшна. Там нават фотаздымак – я такі спалоханы, як верабей нейкі, якога толькі выпусцілі з няволі. Я даў інтэрв’ю, да якога мне нават сёння няма чаго дадаць.

Я сказаў, што я 9 жніўня быў у Мінску. Я сказаў, што Лукашэнка заўжды фальсіфікаваў выбары, але ён іх раней перамагаў, а зараз ён сфальсіфікаваў, і ён прайграў гэтыя выбары.

Мой знаёмы ў мяне прасіў параду. Ён быў сведкам фальсіфікацыі. На ягоным участку Ціханоўская фактычна ў 4-5 разоў больш за Лукашэнку набрала галасоў. А намалявалі пратакол ліпавы, у якім яна прайграла яму ў 14 разоў. Ён ехаў дадому – ён плакаў. Ён кажа да мяне «што рабіць?». Я кажу: «Пішы заяву ў пракуратуру». А ён мне кажа: «У мяне праца добрая, аклад добры, жонка, сям’я, кватэра ў крэдыт. Я не хачу гэта ўсё згубіць. Я буду маўчаць. Калі ты аб гэтым камусьці скажаш, я буду ад гэтага адмаўляцца». І ён замаўчаў. Замаўчаў, каб не рызыкаваць асабістым дабрабытам.

Мая знаёмая тройчы папляскала ў далоні 10 жніўня ў Баранавічах – апынулася на падлозе аўтазака на спіне. Запомніла, што аўтазак быў новенькі чысценькі і берац быў такі ж новенькі чысценькі, які мент паставіў ён на грудзі, таму што не мог торбачку вырваць. Яна потым расказвала, што потым, калі іх на аўтазаку прывезлі да баранавіцкай турмы – калідор з супрацоўнікаў таго СІЗА і, кажа, хлопцаў білі няшчадна. Я кажу – раскажыце, як гэта было. А яна кажа: «Саша, я не хачу гэта ўсё ўзгадваць. Мне вельмі цяжка эмацыйна. Я хачу гэта ўсё забыць». І так і не расказала. Толькі ў канцы мне сказала: «Саша, здымі, калі ласка, стужачку белую з рукі – гэта небяспечна, цябе за яе затрымаюць, паб’юць, кінуць у турму». І ў яе ў вачах быў такі жах. І яна пасля гэтага замаўчала таксама.

Калі мяне затрымалі, я сеў у аўтобус і думаю: «Зараз мяне затрымліваюць, што там будзе – невядома. Потым я выйду з турмы. І я стану такім, як яны? Замаўчу? Ці не?» Калі я даў інтэрв’ю, мне потым юрыстка, якая мне дапамагала, сказала, што я сабе нашкодзіў гэтым інтэрв’ю. Я кажу: «Дык я ж не для сябе рабіў, я каб людзей узняць». Яна адказала: «Не дараслі вы яшчэ, каб людзей узнімаць».

І 18 снежня раніцай, у 6.30, я дома не начаваў, а да мяне прыйшлі трое ў балаклавах. Была мая маці, яна праз вакно гэта бачыла. Яна паведаміла пра гэта мне, і больш дадому я ўжо не заходзіў. Потым я толькі даведаўся ў гэты дзень, што адначасова прыйшлі да маіх знаёмых, у якіх я быў напярэдадні. То бок, яны не па чарзе прыходзілі, яны арганізавалі цэлую групу людзей, якія адначасова да мяне прыйшлі, да гэтага прыйшлі – ён не адчыніў дзверы, тады яшчэ дзверы не ламалі, да іншага хлопца прыйшлі, у яго забралі ноўтбук, два тэлефоны і потым яшчэ выклікалі ў крымінальны вышук, ён там паліграф праходзіў. То бок, я зразумеў, што яны за мной сачылі.

Я звязаў, што ўсе гэтыя мерапрыемствы па маю душу. Паўдня я думаў, што мне пагражае, што мне рабіць. І ў выніку я прыняў рашэнні з’язджаць. Я на таксі паехаў на мяжу літоўскую, вымкнуўшы ўсе тэлефоны. У мяне не было літоўскай візы. Адзінае, што я ведаў, што ёсць гуманітарны калідор, праз які можна трапіць у Літву без візы.

Мне памежніца беларуская кажа: «Вас літоўцы не пусцяць». Я кажу: «Вы мяне прапусціце, а там я паспрабую». І вось з таго моманту, 18 снежня ўвечары, слова «паспрабую» – гэта адзін з маіх дэвізаў, якіх я прытрымліваюся па жыцці. То бок, не факт, што атрымаецца, але я паспрабую. Калі я не паспрабую, то не атрымаецца нічога.

Я паспрабаваў, літоўцы мяне прапусцілі. Мне начальнік змены сказаў: «Дык ты ж дэзерцір – сваіх таварышаў кінуў, трэба было браць у рукі збою, ісці ў лес і партызаніць». Я кажу: «Ну так, магчыма, я дэзерцір». Было пачуццё віны. Шмат маіх на мяне пакрыўдзіліся, што я з’ехаў, што кінуў іх.

Мабыць яшчэ 9 месяцаў было адчуванне віны. Яно праяўлялася ў думцы «Ці своечасова я з’ехаў?». То бок, я разумеў, што, калі нічога не памяняецца, я ўсё роўна з’еду з краіны. Але пытанне: ці зацягнулася пятля так моцна каля шыі? Я хацеў, каб яна зацягнулася максімальна, дзейнічаць да тых пор. І, калі ўжо вось-вось будзе немагчыма з яе вырвацца, у гэты момант выслізнуць і тады выехаць. І я думаў, ці гэты момант быў зараз, ці ён мог яшчэ месяц пачакаць.

Калі пачалася вайна, я зразумеў: гэта шанец!

У Вільні перад вайной са мной здарыліся дзве гісторыі, якія паўплывалі на маё рашэнне паехаць на вайну. Першая адбылася ў так званым беларускім «замку», дзе беларускія ўцекачы першы час жывуць. У гэтым «замку» праходзіла лекцыя літоўца Томаса Венцлавы. Ён дысідэнт. Ён расказваў пра літоўскую незалежнасць, як яна здабывалася, як яна страчвалася за апошнія 100 гадоў. І ў канцы ягонага расказу я задаў пытанне: што вы параіце беларусам сёння, каб вызваліць Беларусь?

Потым на маю працу прыходзіў удзельнік падзей каля віленскай тэлевежы – была якраз гадавіна тых падзеяў. І ў канцы я яму задаў такое ж пытанне. І абодва яны кожны на прыкладзе сваёй гістарычнай эпохі адказалі прыкладна адно і тое ж: змагацца за незалежнасць можна дзесяцігоддзямі і беспаспяхова, а незалежнасць прыходзіць тады, калі ў гісторыі наступаюць такія моманты, што гегемоны, якія забралі незалежнасць тваёй краіны, слабеюць.

Потым пачынаецца вайна, і ў мяне складаецца пазл: гэта шанец! Галоўны вораг Беларусі – не Лукашэнка, а імперская Расія.

На прыняццё рашэння мне спатрэбілася два дні. Я пачаў думаць пра гэта 27 лютага. Я думаў, што, калі я зараз не зраблю нейкае дзеянне – то я складу рукі і стану як большасць людзей, якія займаюцца сваімі асабістымі пытаннямі і кажуць, што мы ні на што не ўплываем.

У мяне было 7 прычын, каб не ехаць на вайну, якія я для сябе налічыў. Было разуменне, што гэта вайна і там забіваюць; у мяне была праца, якую я мог згубіць; у мяне быў працоўны від на жыхарства, калі мяне звальняюць – я губляю падставы на знаходжанне ў Літве; у мяне там дзяўчына з двума дзецьмі, я за яе адказны; я кватэру арандую – яна не зможа адна пражыць у гэтай кватэры, бо трэба шмат плаціць і дваім зарабляць. Я ўжо не кажу пра хваляванне за мяне блізкіх мне людзей.

Апошні момант, які паўплываў на маё рашэнне – я ўспомніў свайго знаёмага, які апераваў тымі ж катэгорыямі, якімі зараз для сябе апераваў я, каб не ехаць. І я падумаў: а чым я буду адрознівацца ад яго, калі гэтыя прычыны паўплываюць на маё рашэнне і я праз іх не паеду на вайну? Чым я буду адрознівацца ад таго чалавека, які стаў сведкам злачынства – фальсіфікацыі выбараў, плакаў, бо ён разумеў, што Ціханоўская перамагла, але пры гэтым ён сказаў «я не хачу рызыкаваць тым, што я маю».

Я выпадкова даведаўся, што мае знаёмыя беларусы ў Вільні запісаліся дабраахвотнікамі ва ўкраінскую амбасаду ў Вільні. Я пайшоў туды 2-га сакавіка і запісаўся. І 3-га сакавіка мне патэлефанавалі, што праз 4 гадзіны мы выязджаем. У 16 гадзін я паехаў на вайну.

Адзіны мой страх: ці пакажуць як у аўтамаце памяняць магазін

Я ніколі не любіў вайну, я ніколі не бачыў сябе вайскоўцам і не служыў у войску. Я разумеў, што гэта неабходнасць. Адзіны галоўны страх, які ў мяне быў: я прыязджаю, мне даюць у рукі аўтамат, я ўступаю там у нейкі гарадскі бой, у мяне скончваецца магазін з патронамі, і я не ведаю, як магазін памяняць. Думаў: божачкі, толькі б быў час, каб мне паказалі, як магазін памяняць, бо, ну як гэта – што я з пустым магазінам там буду рабіць?

Я, калі апынуўся ў Кіеве, у мяне ўнутры ўсё роўна, гладка. І мне стала эмацыйна прасцей, чым у Вільні. Я зразумеў, што я ў патрэбным месцы, у патрэбны час.

Першы бой

Першае маё баявое – гэта бой за сяло Лазавое. Гэта сяло, якое было пад акупацыяй расійцаў. Яно знаходзіцца на мяжы Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей. Гэта была агульнавайсковая аперацыя з удзелам УСУ. Наша задача была – захапіць гэтае сяло і перадаць яго потым жаўнерам УСУ для ўтрымання.

Удзел у аперацыі быў дабраахвотны. Нам прарочылі з гэтай аперацыі 10-20 «трунаў». Тыя дабраахвотнікі, якія пайшлі на гэтую аперацыю, потым сталі асновай батальёну «Волат». Аперацыя была вельмі складаная, доўжылася 25 гадзін.

Быў марш-кідок, фарсаванне ракі, поле, якое за расійцамі, лес, у якім былі расцяжкі і міны – мы там гуськом проста праходзілі ўсё гэта да ўзлеску, за якім пачыналася гэтая вёсачка. Сяло мы ўзялі. Потым гадзіны чатыры мы былі пад абстрэлам. Нас проста расійцы расстрэльвалі там з танка з недасяжнай для нас адлегласці. Мы ўзялі трох палонных расійскіх.

Мы думалі, што ўночы будзе контратака расійцаў. Памятаю, думаў, што не дажыву да раніцы. Але ўвечары пасля гэтага чатырохгадзіннага абстрэлу мы атрымалі загад пакінуць пазіцыі і вяртацца за раку.

Я зразумеў тады, што вайна – гэта, наперш, пот, потым ужо кроў. І самае цяжкае, нас там з «Брэстам» было толькі 7 чалавек, мы ўшасцёх неслі насілкі, якія трэба васьмярым несці. Якімі б моцнымі там хто не быў – «Дзядзька», «Мыш», загінулы потым у Бахмуце, яны такія не слабыя хлопцы, але ім таксама было цяжка.

Над намі міны пераляталі за раку. «Ваўкалака» тады кантузіла ў той момант, калі мы да ракі неслі з аднаго боку, а ён з таго боку з групай ішоў нам на дапамогу.

Калі б не паехаў працягваць дакументы, пайшоў бы з хлопцамі, што загінулі пад Лісічанскам

Потым у мяне быў Лісічанск. Я называю яго «першы Лісічанск». У мяне скончваўся працоўны дазвол на жыхарства ў Літве і мне трэба было з’язджаць у Вільню, каб яго працягнуць. Мая фірма працягвала мне дакументы на жыхарства ў Вільні, але трэба было там фізічна быць.

Але праз паўтара дні перадышкі ў Кіеве быў выезд на Лісічанск. Я проста не мог не паехаць. Таму я плюнуў на гэтыя тэрміны і паехаў. Там мы каля двух тыдняў яшчэ прабылі ў Лісічанску. У сам Севераданецк я не трапіў. Адзінае. Што мы з «Папікам» ахоўвалі двое содняў пераправу.

А мы ж былі незадаволеныя – мы прыехалі ваяваць, а нас не ўзялі ў Севераданецк. І «Брэст» аднекуль гэта даведаўся і ўжо дарогаю ў Кіеў кажа: «Хлопцы, зараз адпачнем там тыдзень, і ў наступнае баявое тыя, хто не быў зараз у Севераданецку, будуць першыя». Мы такія: «О! Клас! Цудоўна! Мы так хацелі».

І вось 23-га (чэрвеня 2022 году) хлопцы ўвечары паехалі ў бок Лісічанска з Кіева. 24-га раніцай мне пацвердзілі, што мой кантракт скасаваны, бо інакш не выедзеш. Я ў той жа дзень у абед выехаў у бок Вільні і на наступны дзень 25-га, як быў увечары ў Вільні. А 26-га хлопцы загінулі ў баі пад Лісічанскам. «Брэст», «Папік» з майго аддзялення, «Клешч» з майго аддзялення трапіў у палон, лёс яго невядомы, «Сябро» загінуў, «Атам» загінуў і «Тромблі» трапіў у палон. Я разумею, што, калі б я не вярнуўся ў Літву дакументы рабіць, я бы пайшоў з «Папікам» і з «Кляшчом». Гэта былі людзі, з якімі я пачынаў сябраваць.

«Беларусаў загадана не браць»

Калі я прыехаў ва Украіну, я адразу сутыкнуўся з негатывам да сябе, як да беларуса. Мяне проста высадзілі з аўтобуса. Ветліва ўсё было, добра. Калі мы ў Явараве перасаджваліся, каб ехаць ужо на іншых аўтобусах на базу (а я ехаў з замежнікамі – амерыканцы, харваты, нарвежцы, грузіны), украінскі афіцэр запытвае мяне: «А вы – беларус?» Я кажу: «Так, беларус». А ён кажа: «Прабачце, нічога асабістага, з сённяшняга дня беларусам нельга».

Я ўчора выехаў ад украінскай амбасады ў Вільні, сёння я прыехаў а 6-й раніцы ва Украіну, і я ўжо не магу трапіць. Я звязаўся з амбасадай, мне кажуць: «Ну так, вяртайцеся назад, такія вось правілы, памяняліся – беларусаў загадана не браць».

Потым дружыннікі мяне там зачапілі, прывезлі ў штаб АТО, там выклікалі 6 паліцэйскіх з аўтаматамі, потым у СБУ завезлі праверылі мяне, потым у ваенкамат. На наступны дзень я даведаўся, што ў Явараве ў цэнтры прыёму ўцекачоў «захраслі» яшчэ пяць беларусаў, трое з іх з Вільні ехалі таксама раней за мяне.

Яны ўжо звязаліся з Варшавай – цяпер гэта рэкрутынгавы цэнтр палка Каліноўскага, і праз Варшаву пачалі прабіваць пошук, як трапіць у Кіеў. І потым за намі заехалі з Варшавы беларусы-дабраахвотнікі і праз львоўскі чыгуначны вакзал 8 сакавіка мы апынуліся ў Кіеве, у беларускай роце. Тады была рота. 9 сакавіка нас сабралі, у тым ліку там «Брэст» быў, і зрабілі заяву, што фармуецца полк Каліноўскага.

Пра інтэрв’ю «Янкі» аб «казачных замках» пра вызваленне Беларусі палком Каліноўскага

Я паехаў ва Украіну тады, і зараз, і ўвесь гэты час я змагаюся за вызваленне Беларусі. Гэта мая прынцыповая пазіцыя і адрозненне ад «Янкі». Прынамсі, у рыторыцы, якую я пачуў у тым інтэрв’ю, што Беларускі дабраахвотніцкі корпус створаны, каб вызваліць Украіну.

Я падкрэсліваю і я гэта не хаваю: я прыехаў змагацца не за вызваленне Украіны, я прыехаў змагацца за вызваленне Беларусі. Проста ў гэтым накірунку мая мэта супадае з Украінай, дзякуй вялікі Украіне за гэта. Бо ў вызваленні Беларусі я бачу два этапы. Першы этап – гэта поўнае вызваленне тэрыторыі Украіны і параза Расіі ў гэтай вайне.

Вызваленне Украіны – гэта не галоўная мэта для мяне, гэта толькі палова. Мая галоўная мэта – вызваленне Беларусі, у адрозненне ад таго, што я чую ад «Янкі». Калі Расія прайграе, калі Расія не будзе падтрымліваць (Лукашэнку) і ўплываць на беларускія падзеі, у нас – у беларусаў, з’явіцца шанец 50:50, што мы зможам вызваліць Беларусь.

І я кажу беларусам: не чакайце полк Каліноўскага, не трэба! Я лічу, што падзеі павінны завіраваць унутры Беларусі. І мы – дабраахвотнікі, у тым ліку полк Каліноўскага, «Янкі», спадзяюся, не застанецца недзе там, што гэта немагчыма, і пойдзе дапамога, харугвы, дзе рыхтуюцца хлопцы, унутры краіны гэтае віраванне, і ўсе гэтыя ручаі эмігранцкія, якія гатовыя рызыкаваць здароўем і жыццём дзеля вызвалення Беларусі, – мы ўсе разам сцячэмся, аб’яднаемся, і мы прарвем, як плаціну, гэты рэжым Лукашэнкі!

Comments are closed.