Loading

Некалькі месяцаў таму ў Варшаве адкрылася Беларуская школа. Праект існуе пры польскай Акадэміі добрай адукацыі. Дзеці тут вывучаюць беларускую мову, літаратуру і гісторыю, падцягваюць веды па матэматыцы, геаграфіі або англійскай мове. Ёсць у школе нават творчыя заняткі. Зрэшты, тут не толькі вучацца: сустракаюцца, знаёмяцца і разам адаптуюцца да новай рэчаіснасці ў эміграцыі.

«Школа выконвае ролю сацыялізацыі, – тлумачыць кіраўнік праекта Ягор Сурскі. – Працэс адаптацыі ў новай краіне не заўсёды просты. Не заўсёды ён праходзіць так, як мы сабе яго ўяўляем. Таму для нас вельмі важна стварыць для беларускіх дзяцей магчымасць пабыць у сваім моўным коле, у сваім асяродку. Праз гэтую прыязную атмасферу яны лепш інтэгруюцца і адаптуюцца да новага жыцця».

Стандартныя школьныя ўрокі часамі ператвараюцца тут у цікавую гульню і прастору для творчасці. Скажам, неўзабаве старэйшыя вучні ў межах дня самакіравання правядуць заняткі для малодшых. А ў дзень, калі мы робім гэты рэпартаж, для вучняў выступаюць Андрусь Такінданг і Акварэлія.

Далучыцца да заняткаў можна і анлайн. Беларускай літаратуры тут вучыць Васіль Дранько-Майсюк, мову выкладае Юлія Букштановіч, гісторыю – Ягор Сурскі, а грамадазнаўчыя дысцыпліны – філосаф Павел Баркоўскі.

– Спадар Павел, як адчуваеце сябе ў ролі настаўніка?

– Сапраўды, звычайна я працую ў вышэйшай школе. З дзецьмі працаваць не той каб цяжэй – інакш. Для кожнага дзіцёнка трэба шукаць падыходы.

– З увагі на сённяшнія падзеі, якімі прынцыпамі кіруецеся ў навучанні?

– З аднаго боку, мы спрабуем працаваць па беларускіх праграмах, каб дзеці маглі вяртацца ў Беларусь і не адставаць ад сверстнікаў. Натуральна, мы пазбягаем усіх ідэалагічных кампанентаў, якія ёсць у беларускай школе, і не заплюшчваем вочы на вострыя пытанні сучаснасці.

Вялікі рэпартаж з Беларускай школы пры Акадэміі добрай адукацыі слухайце ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.