Loading

Гарналыжны сезон у Закапанэ афіцыйна адкрыты. Тысячы палякаў штогод едуць на мясцовыя схілы падчас зімовых вакацый, а беларусы, якія жывуць у Польшчы, пакрысе пераймаюць традыцыі адпачынку і таксама пазначаюць Закапанэ як месца, куды варта прыехаць. Тым больш, што асвоіць мясцовыя гарналыжныя трасы дапамогуць свае людзі. Другі сезон у Закапанэ працуе інструктарам былы работнік «Беларуськалія» Дзмітрый Кудзелевіч. У размове з радыё Ўнэт ён расказаў, як патрапіў у гарналыжную школу, і даў парады тым, хто плануе сёлета адпачынак на польскім курорце.

— Дзмітрый, а якое зараз надвор’е ў Закапанэ?

— Зараз надвор’е ў Закапанэ цудоўнае, каля нуля, сонейкая, ясна. Карацей, пагода.

— Сезон ужо адкрыўся. Твае прагнозы, якім ён будзе?

— Сезон будзе доўгім. Бо ён пачаўся раней,чым у мінулыя гады. Зіма сюды прыйшла і ўсе задаволеныя. Турысты паехалі, таму  15 снежня тут ужо адкрылі сезон.

— А раскажы, як ты сам у Закапанэ патрапіў? 

— 20 гадоў я працаваў у Беларусі шахцёрам, працаваў пад зямлёй, на прадпрыемстве “Беларуськалій”. І ва ўсіх шахцёраў у нас быў доўгі адпачынак. І дзесьці ў пачатку 2000-га года я паехаў да Букавеля ва Украіну і там адвучыўся на інструктара па горных лыжах. Штогод я ездзіў туды на ўсю зіму, адпачываў і адначасова працаваў інструктарам.

— То бок асноўная праца ў цябе была пад зямлёй, а хобі над зямлёй?

— Так, гэта была кампенсацыя, я быў вельмі задаволены, як склаўся лёс, што звязаў мяне з Букавелем.

— А дзе цяжэй працаваць? Пад зямлёй ці ў гарах?

— У шахце вельмі цяжкая праца, ты не бачыш белага свету, не бачыш людзей. Я зараз лічу, што гэта мая моцная памылка жыццёвая была.  Праца інструктарам сезонная, але тым не менш зарад бадзёрасці ты атрымліваеш на доўгі час.

— А 2020 год і падзеі ў Беларусі дазволі табе развітацца з “Беларуськаліем”… 

— Так, гэта таксама лёсавызначальны выпадак. Я, калі апынуўся ў Польшчы, то нічога акрамя шахты і горных лыж не ўмеў. Я ў Беларусі ў свой час вазіў групы турыстаў не толькі ў Букавель,  мы былі ў Аўстрыі, Швейцарыі. І тут, у Польшчы, мае здольнасці паспрыялі мне. Паехаў да Закапанэ, да адной школы зайшоў, да іншай, дакументы я ўсе неабходныя меў. І зараз працую тут ужо другі сезон.

— А дзе цябе шукаць у Закапанэ?    

Я працую ў Szkoła narciarska i snowboardowa  Szymaszkowa. Паляна Шымашкова гэта адзін з 10 гарналыжных курортаў Закапанэ, размешчаны за два ці тры кіламетры ад горада, там ёсць схіл для навучання, вельмі зручны для пачаткоўцаў і сем’яў з дзецьмі. У нас апроч школы ёсць гатэлі, сучасныя пад’ёмнікі, пункты пракату, спартовыя крамы. Але цэнтральны пункт гэта гарналыжная школа, бо гэта брама да зімовага адпачынку.  У нашай школе штогод працуюць ад 80 да 100 чалавек, сярод іх шмат палякаў, ёсць украінцы, але я адзіны беларус. Канфліктаў паміж намі няма, атмасфера вельмі дружалюбная.

Фота: facebook.com/SzkolaSzymoszkowa

— А хто твае асноўныя кліенты?

— Кліенты з Польшчы, Славакіі, Ізраіля, Вялікабрытаніі і беларусы ёсць. Людзі, якія прыходзяць вучыцца, яны змяняюцца на вачах: дарослыя перад інструктарам становяцца як дзеці, а дзеці як дарослыя. Кіраўнікі прадпрыемстваў, сур’ёзныя бізнесмены слухаюць цябе як першакласнікі. А да дзяцей патрэбны да кожнага свой падыход. Была нават гісторыя, што адзін мой калега адмовіўся працаваць з дзецьмі пасля другога занятку, бо яны яго не слухаліся, тады я ўзяў гэтых дзяцей, уключыў такога “строгага дзядзьку” і навучанне пайшло.

— Для тых людзей, якія ніколі ў Закапанэ не былі і збіраюцца туды зараз, твае парады?

— Проста прыязджайце. Не трэба думаць пра нейкія акалічнасці, усё ёсць на месцы: пракат, атэлі на любы густ і кашалёк. Прапановы можаце паглядзець на афіцыйных сайтах, а можаце пісаць наўпрост да мяне.  Я дам парады і нават дапамагу падабраць падыходзячы адпачынак. Горныя лыжы такія ж бяспечныя як і шахматы, але трэба прайсці навучанне. Я таксама калісьці вучыўся сам, але гэта не тое. Лепш вучыцца ў прафесіяналаў.

Фота: facebook.com/SzkolaSzymoszkowa

— Колькі мінімальны курс навучання для навічкоў?

— Мая парада—два заняткі з інстуктарам. А  далей ужо глядзець, як атрымліваецца. Заняткі ёсць групавыя і індывідуальныя. Групавыя, зразумела, танней. Працягласць—ад гадзіны.

— Калі лепш ехаць у Закапанэ, каб не патрапіць у натоўп?

— Ехаць можна ў любы час. Можна пасяліцца ці ў цэнтры ці на ўскрайку. Як толькі ёсць вольны час ці вольныя дні, можна сядаць у аўто і прыязджаць. Так, хутка пачнуцца вакацыі, але тут у Польшчы яны ў розных ваяводствах у розны час, аж да канца лютага, таму няма сэнсу чакаць, калі ўсе раз’едуцца. Сезон доўжыцца дзесьці да сярэдзіны сакавіка, прынамсі летась так было.

Фота: facebook.com/SzkolaSzymoszkowa

Поўную размову з Дзмітрыем Кудзелевічам слухайце нижэй.

Comments are closed.