Loading

У Варшаве прайшоў трэці форум беларускіх бізнесаў за мяжой. Мерапрыемства адбылося пры падтрымцы Еўрапейскага Саюза і фонда USAID. Былі запрошаныя палітыкі, эксперты і бізнесоўцы з розных краін, у тым ліку прадстаўнікі Дэпартамента гандлю ЗША.

Як распавёў віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (АВВА) Алесь Аляхновіч, гэты форум адзначаецца запускам адразу некалькіх праектаў і адным з галоўных, стаў запуск крэдытнага фонду, сродкі на які прадаставіў Еўрапейскі Саюз. Праект ініцыятывы Аляхновіч прапанаваў яшчэ на пасадзе дарадцы Святланы Ціханоўскай па эканамічных пытаннях, але спатрэбілася два гады, каб пераканаць еўрапейскіх партнёраў.

«Мы думалі над тым, каб Еўрапейскі Саюз фінансаваў фонд, які будзе гарантаваць замежным банкам зварот крэдытаў, выдадзеных беларускаму бізнесу. На дадзены момант гэтая ідэя крыху трансфармавалася. Імплементарам праграмы будзе польскі Банк развіцця. Пілотны праект будзе рэалізаваны ў Польшчы. І ён будзе бестэрміновы. Звычайна розныя праграмы падтрымкі для беларусаў дзейнічаць адзін-два гады. А тут праграма будзе працаваць, пакуль у гэтым фондзе будуць сродкі: то бок калі беларускія бізнесоўцы будуць сумленна вяртаць гэтыя сродкі, то яны будуць працаваць на карысць наступных і наступных удзельнікаў».

Алесь Аляхновіч

Яшчэ адным з адметных пунктаў мерапрыемства стала падпісанне мемарандума аб супрацы з Дэпартаментам гандлю Злучаных Штатаў Амерыкі. Па словах прэзідэнта Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой Яўгена Бурага, супрацоўніцтва складаецца з вялікай колькасці напрамкаў, больш падрабязная інфармацыя аб якіх з’явіцца пазней.

«Мы пачалі працу з Дэпартаментам гандлю ЗША ў траўні гэтага года, калі былі з візітам у Вашынгтоне. Гэта працяг гэтай працы. Мы выкладзем у адкрыты доступ усе пункты, якія там прапісаныя, але галоўнае, што гэтая будзе інстытуцыйная падтрымка. Не на нейкі невялікі праект, ці нейкі невялікі перыяд. Там ёсць некалькі накірункаў. Там ёсць адукацыйны складнік, падтрымка акрэдытацыі, якую мы робім для нашых сябраў».

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.