Loading

Флагман беларускага футбола ў выгнанні каманда «Пагоня» з лікам 0:1 саступіла варшаўскай дружыне «Варсовія» у рамках Кубку Польшчы.

Менавіта «Варсовія» была першым клубам легенды польскага футбола, нападніка іспанскай «Барселоны» Роберта Левандоўскага. І яна ж стала апошнім супернікам нашай дружыны ў сёлетнім кубку.

Пра тое, чаму нашыя не змаглі перамагчы польскіх юніёраў, якія далейшыя планы ў «Пагоні» і ці не адправяць цяпер Івуліна і каманду збіраць камяні ў палі за такія вынікі, у эфіры радыё Ўнэт паразмаўлялі з футбалістамі «Пагоні» Антосем Лагвінцом і Змітром Хведаруком.

Сцісла ў размове:

  • Мы ж беларусы – самая міралюбная і сяброўская нацыя. Мы ведалі, што цудоўная юнацкая футбольная школа «Варсовія» выхавала Роберта Левандоўскага і мы не хацелі зламіць баявы дух гэтых хлопцаў. Мы хацелі даць адчуць ім смак перамогі і, магчыма, пасля з гэтай каманды выйдуць рабяты, якія будуць гуляць за Барселону ці Арсенал. А іх прафесійны рост пачнецца з перамогі над намі.
  • Мы даволі выпадкова патрапілі ў Кубак Польшчы. У мінулым годзе ў нас была ініцыятыва зарэгістраваць футбольную асацыяцыю «Пагоня» і заявіцца ў восьмы дывізіён польскага чэмпіянату. Але праблема ў тым, што паводле правілаў у камандах ніжэйшых ліг могуць гуляць толькі два замежнікі. Мы папрасілі зрабіць выключэнне, але федэрацыя адмовілася. А сёлета мы гулялі таварыскі матч з камандай восьмага дывізіёна і перамаглі 5:1. За гульнёй назіраў функцыянер польскай футбольнай асацыяцыі. Ён запытаў чаму мы не гуляем у чэмпіянаце, мы патлумачылі сітуацыю і нам пайшлі насустрач, зарэгістраваўшы ў кубку.
  • Да сёлетняга турніру мы, калі шчыра, не былі падрыхтаваныя, бо ўдзел у кубку стаў поўнай нечаканасцю. Але цяпер, дзякуючы такому досведу, у нас будзе магчымасць цэлы год рыхтаваць каманду, збіраць у яе беларускіх футбалістаў, ствараць менеджмент, плюс мы плануем знайсці добрага трэнера. Наша задача: стаць сапраўднай беларускай камандай для дыяспары.
  • Цікава, што ў Польшчы ўжо ёсць каманды, якія выступаюць у чэмпіянаце і складаюцца з легіянераў. У Кракаве цалкам інтэрнацыянальная дружына гуляе ўжо чацвёрты год, у Варшаве міжнародная каманда выступае другі сезон. Мы звязаліся з імі і даведаліся, якім чынам можна абысці рэгламент.

Поўную размову слухайцн ў плэеры ніжэй.

 

Comments are closed.