Loading

Ва ўкраінскім Львове спыніў сваю дзейнасць Беларускі крызавы цэнтр. Але гэта не спыніла беларускіх актыўнасцяў у Львове. Цяпер там створаны дабрачынны фонд «Вольная Беларусь». Навошта былі патрэбныя такія змены, а таксама пра актыўнасць беларусаў у дапамозе Украіне распавядае кіраўнік фонду «Вольная Беларусь» Аляксей Францкевіч. 

Фота: Радыё Ўнэт.

«Беларускі крызавы цэнтр — гэта была ініцыятыва, якая пачалася ў выніку 2020 года, калі шмат беларусаў былі вымушаныя ўцякаць з Беларусі з-за палітычнага пераследу і мелі патрэбу тут у дапамозе. Калі пачалося паўнамаштабнае ўварванне Расійскай Федэрацыі, большасць беларусаў з’ехала з Украіны. Спачатку тыя з’язджалі, якія адчувалі страх. Потым частка з’ехала ўжо валанцёраў, якія насамрэч нешта рабілі, актыўных, таму што яны апынуліся ў складаных умовах — былі заблакаваныя карткі, былі праблемы з легалізацыяй, ну і плюс — тут, усё ж, небяспечна было. Мы запусцілі гарачую лінію, на якой па нумары тэлефона з намі мог звязацца кожны беларус, які апынуўся ў той ці іншай складай сітуацыі ва Украіне. Гэты нумар і зараз дзейнічае. Але мы пачалі дапамагаць часовым перасяленцам і Узброеным сілам Украіны. Для таго, каб сярэднестатыстычны ўкраінец ведаў і дакладна адрозніваў лукашыстаў і беларусаў. Тады з’явілася патрэба ў юрыдычным суб’екце. Таму мы зарэгістравалі дабрачынны фонд «Вольная Беларусь», на які можна было б збіраць сродкі. Ён скіраваны найперш на дапамогу УСУ ў справе перамогі над расійскім імперыялізмам, але ўсе тыя функцыі, якія выконваў крызавы цэнтр, мы за сабой пакінулі. Наша мэта — аб’яднаць усіх вольных беларусаў, каб яны з’ядналіся вакол Украіны і працавалі на перамогу.»

Фонд «Вольная Беларусь» ужо паспеў зрабіць нямала карысных справаў. 

«Кожны дзень мы дапамагаем Узброеным сілам Украіны, нашым батальёнам. Сёння мы адправілі тыя ж медычныя турнікеты батальёну «Тэрор». Па магчымасці мы супрацоўнічаем са шматлікімі мясцовымі грамадскімі арганізацыямі, фондамі, валанцёрамі. То бок, мы працуем з усімі, каб паказваць прысутнасць беларусаў. Гэта вельмі важна. І шкада, што інфармацыі пра гэта вельмі мала. Дзякуючы беларусам ва Украіну заехала 6 машын для вайсковых частак. Адну машыну ўвогуле беларус падараваў. Ён прыехаў сюды на беларускіх нумарах, а потым з’ехаў у Польшчу. Яна стаяла тут, і ён бескаштоўна яе перадаў, зараз ідзе пераафармленне, і яна пойдзе ў вайсковую частку УСУ. Тыдзень таму ў батальён «Волат» я сам асабіста завёз больш за тону гуманітарнай дапамогі. Зараз таксама збіраем дапамогу і бліжэйшымі днямі павязем на Запарожскі ці Херсонскі напрамак. І будзем гэта рабіць і далей. Хай звяртаюцца і дабраахвотнікі, і беларусы, у якіх ёсць нейкія праблемы. Будзем дапамагаць». 

Фота: Радыё Ўнэт.

Акрамя фонду «Вольная Беларусь» ва Львове ўжо некалькі месяцаў працуе Беларускі інфармацыйны цэнтр. Што ёсць асноўнай ягонай мэтай, акрэсліў Аляксей Францкевіч: 

«Вельмі важна даносіць свету, што беларусы таксама робяць усё для агульнай перамогі. Таму, калі вы нешта робіце ў Еўропе, калі вы дасылаеце ва Украіну гуманітарку, калі вы нешта шукаеце і дасылаеце для УСУ — калі ласка, дасылайце нам гэтую інфармацыю. Каб пра гэта ведаў увесь свет. У Тэлеграм-канале «Беларускі інфармацыйны цэнтр у Львове» вы можаце знайсці інфармацыю, куды дасылаць». 

На думку ўкраінскага журналіста, які супрацоўнічае з Беларускім інфармацыйным цэнтрам, Ігара Анташчака, інфармацыйная праца, якая тычыцца асвятлення ўдзелу беларусаў і іх пазіцыі ў вайне Расіі супраць Украіны, патрабуе значна большых намаганняў. 

«На жаль, зараз інфармацыйная палітыка ва Украіне, якая тычыцца Беларусі, трошкі кульгае. Мала ёсць спецыялізаваных выданняў, мала перадачаў, сюжэтаў на гэтую тэму, і тут патрэбна працаваць шмат, шмат намаганняў укладаць». 

Фота: асабісты архіў Аляксея Францкевіча.

«У нас ёсць тэлеграм-канал «БО “Вільна Білорусь”», найбліжэйшым часам мы зробім сайт і зробім старонку ў Фэйсбуку, дзе мы будзем паказваць сваю дзейнасць і будуць нумары рахункаў, куды можна ахвяраваць грошы. І там вы зможаце атрымаць інфармацыю пра тое, што патрэбна, што вы можаце знайсці. Мы будзем удзячныя ўсім, хто нешта зможа знайсці і нечым дапамагчы. Бо гэта сапраўды зараз важна!» — кажа Аляксей Францкевіч

Comments are closed.