Loading

Некалькі тысяч чалавек сёлета звярнуліся з пытаннямі легалізацыі ў фонд «Акно на ўсход», які ўжо шмат гадоў працуе ў Беластоку. Пры гэтым колькасць грамадзян Беларусі, якія шукаюць самую разнастайную дапамогу ў Польшчы, ратуючыся ад рэпрэсій на радзіме, не змяншаецца, а з цягам часу толькі павялічваецца. Пра асаблівасці жыцця згодна з польскімі законамі распавяла прадстаўніца фонду Лізавета Міцкевіч.

Пытанні легалізацыі ў Польшчы для грамадзян Беларусі, зважаючы на палітычную сітуацыю ў роднай краіне, пэўна, яшчэ доўга будуць актуальныя. Тых, хто прыйшоў на сустрэчу ў хаб «Новая зямля», цікавіла, як правільна падавацца на від на жыхарства, ці ёсць магчымасць працягнуць гуманітарную візу, якія віды працоўнай дзейнасці дазволены пры разнастайных статусах знаходжання ў краіне, што рабіць, калі праца звязана з замежнымі камандзіроўкамі, а віза ўжо сканчваецца, як паўплываць на гаспадара кватэры, які не хоча вяртаць задатак, і так далей.

Наколькі часта прыехаўшыя ў Беласток звяртаюцца ў фонд, каб разабрацца ў праблемах прававога характару? Пра гэта радыё Ўнэт запытала пасля сустрэчы ў Лізаветы Міцкевіч.

Лізавета Міцкевіч

— Ад пачатку года да нас прыйшло некалькі тысяч чалавек плюс тэлефанаванні, якія паступаюць з усёй Польшчы. Зараз тэндэнцыя такая. Спачатку, у 2020 годзе людзі беглі і падаваліся на міжнародную абарону. Потым прыязджалі па гуманітарных візах, былі паслабленні з-за ковіда, бо дакументы аўтаматычна працягвалі сваё дзеянне. Але як мы ведаем, людзі лянівыя і ўсё робяць у апошні момант. І зараз усе экстранна пачынаюць рабіць дакументы. Мы стараемся дапамагчы, каб чалавек быў правільна легалізаваны, каб з 1 жніўня ўсе, хто тут знаходзіцца, знаходзіліся легальна. Уласна падача заявы з’яўляецца формай легалізацыі знаходжання. Рашэнне гэта ў даным выпадку другаснае, галоўнае – каб усе падаліся, легальна знаходзіліся і легальна працавалі.

Як не дзіўна, людзей прыязджае больш перад вераснем альбо калі нейкія дзіўныя законы прыдумаюць на тэрыторыі Беларусі.

— Вы не толькі беларусам аказваеце дапамогу, але і ўкраінцам, якія тут з’явіліся ў вялікай колькасці ад пачатку вайны. Каго зараз больш – беларусаў ці ўкраінцаў?

— У Беластоку больш грамадзян Беларусі, а па ўсёй краіне па-рознаму. Да нас у асноўным звяртаюцца беларусы. На самой справе няма ні аднаго чалавека, якому б мы адмовілі ў дапамозе. Калі нехта прыйдзе і папросіць дапамогі няважна на рускай мове, беларускай, украінскай, англійскай, на кожнай мы паспрабуем з ім дамовіцца і распавесці. Калі нечага мы не ведаем, то накіруем у тыя арганізацыі ці органы, якія займаюцца адпаведнай катэгорыяй грамадзян.

Так, у Беластоку грамадзян Беларусі больш. Вельмі вялікі працэнт грамадзян Украіны выехаў з тэрыторыі краіны. Калі браць мінулы год, то іх было каля 4 млн па ўсёй краіне, то цяпер каля мільёна. Але грамадзян Беларусі ў суме менш па ўсёй краіне, чым грамадзян Украіны. Таму да нас канкрэтна звяртаецца больш беларусаў.

— Беларусаў у 2023 годзе стала звяртацца менш, чым, напрыклад, у 2022 ці 2021?

— Мне падаецца, што кожны год да нас звяртаецца ўсё больш і больш. Нам падавалася, што хвалі будуць спадаць, але не, прыязджае людзей усё больш і больш менавіта з Беларусі. Зараз пачынаюць прыязджаць тыя, хто думаў у 2020 годзе, што ўсё гэта часова. Цяпер яны бачаць, што гэта «часова» зацягнулася, плюс пачынаюць прыменяцца рэпрэсіі да членаў сем’яў тых, хто ўжо пераехаў сюды. Таму вывозяцца родныя, а значыць колькасць людзей пачынае павялічвацца. Перавозяць і цётак, і дзядзькаў, і так далей, таму людзей менш не становіцца».

Сёлета Фонду «Акно на ўсход» спаўняецца 15 гадоў, больш за 10 гадоў пры ім працуе Цэнтр падтрымкі іншаземцаў. Як распавяла спадарыня Лізавета, праца гэтага цэнтра распачалася з падтрымкі студэнтаў з краін з-за ўсходняй мяжы Польшчы, бо гэта была галоўная катэгорыя людзей, якія тут знаходзіліся. Цяпер жа гэта ў асноўным грамадзяне Беларусі, якія сталі прыязджаць пасля 2020 года, а таксама грамадзяне Украіны, якія ратаваліся ад вайны.

Comments are closed.