Loading

У Берліне на канферэнцыі парламенцкіх груп «За дэмакратычную Беларусь» абвясцілі пра стварэнне адпаведнага Альянсу.  У форуме парламентарыяў узяла ўдзел і лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская. Падрабязнасці пра сустрэчу дэпутатаў, якія ўваходзяць у парламенцкія групы «За дэмакратычную Беларусь» і мэты стварэння Альянсу  радыё Ўнэт распавёў дарадца Офісу Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і міжпарламенцкай супрацы Анатоль Лябедзька. 

Крыху гісторыі: у 2020 годзе былі тры парламенты, дзе былі створаныя групы «За дэмакратычную Беларусь», сёння іх ужо 21, і мы дадаем сюды дэлегацыю па Беларусі Еўрапейскага парламента – 22 суб’екты. На гэтым прамежку часу – тры гады, мы працавалі больш на двухбаковым узроўні. Але зараз адчуваецца неабходнасць стварэння такой парасонавай арганізацыі, якая будзе мець нейкія пункты і планы супольнай дзейнасці, не толькі на двухбаковым узроўні, але з удзелам усяго Альянса груп «За дэмакратычную Беларусь». 

Вось дзеля гэтага мы і сустрэліся ў Берліне. Была вельмі пазітыўнная, канструктыўная і эфектыўная сустрэча, дыскусія. Па факце якой мы канстатуем, што ў нас і дэ-факта, і дэ-юрэ ўжо ёсць Альянс груп «За дэмакратычную Беларусь». 

Галоўная наша мэта – гэта ўступленне Беларусі ў Еўрапейскі Саюз. Еўрапейскі Саюз ад Лісабона да Віцебска, Луганска, Тбілісі, Кішынёва – вось гэта, як мэта. А разам будзем вырашаць шэраг важных задач. Напрыклад, як стварыць па Беларусі шырокую міжнародную кааліцыю, важным складнікам якой з’яўляецца парламенцкая. Таксама ставім задачу, натуральна, спыніць пераслед апанентаў рэжыма ў Беларусі, вызваліць палітычных вязняў, аказваць усю магчымую дапамогу для тых, хто зараз у вязніцах – у турмах і калоніях. 

Адной з задачаў разглядаецца таксама дапамога Беларусі рыхтавацца да таго часу, калі Беларусь стане дэмакратыяй і нармальнай еўрапейскай краінай, а не дыктатурай. Гэта азначае, што рыхтуем рэформы, рыхтуем праект Канстытуцыі новай Беларусі, рыхтуем праекты законаў, працуем над кадравым рэзервам для новай Беларусі. 

Прыцягненне да адказнасці тых, хто здзяйсняў злачынствы ў Беларусі – гэта таксама адна з задач, якая стаіць перад Альянсам. Натуральна, што гучалі самыя розыя ідэі, прапановы. Мы створым палітычны календар Беларусі, дзе будуць пазначаныя важныя даты і мерапрыемствы, якія мы будзем ладзіць у наступным годзе. 

А найбліжэйшы пункт гэтага календара – гэта 12-13 лістапада – Дзень міжнароднай салідарнасці з Беларуссю. І некаторыя ўдзельнікі Альянсу ўжо заявілі, што яны будуць рабіць пэўныя мерапрыемствы. Як мінімум – гэта праца ў сацыяльных сетках. З’явяцца новыя «хросныя» для палітычных вязняў. Ці, напрыклад, як у той жа Малдове, у Кішынёве, яны збіраюцца пайсці да беларускай амбасады і там правесці такую акцыю, якая нагадае пра палітвязняў у Беларусі, чаго не было на працягу дзесяцігоддзяў у той самай Малдове. 

Гэта, калі каротка абазначыць мэты, задачы і вынікі сустрэчы, якая завершылася стварэннем Альянсу групаў «За дэмакратычную Беларусь».  

Як чальцы Альянсу прымалі выступ Святланы Ціханоўскай? 

Святлана Ціханоўская выступала і з вітальным словам, і з прамовай. Стоадсоткава, яе абсалютна паўсюль успрымаюць з вялікай цікавасцю. Гэта без усялякага перабольшвання. Канешне, яна гаварыла пра еўрапейскую перспектыву, яна гаварыла пра неабходнасць падтрымкі Беларусі. Яна казала пра палітычных вязняў. Яна казала пра адказнасць – і персанальную, і Лукашэнкі, і такіх структураў, як КДБ ці ГУБАЗіК. Так што гэта такі грунтоўны выступ, які быў успрыняты з велічэзнай цікавасцю. 

Але фідбэкам было, як я казаў, што і парламентары давалі розныя ідэі, прапановы. Напрыклад, дэпутат з Люксембурга, ён жа прадстаўляў і Парламенцкую асамблею Рады Еўропы – магчыма слухачы памятаюць, што ПАРЕ прыняла вялікі даклад аб беларусах, якія змушаныя былі пакінуць Беларусь – і вось  зараз мы плануем правесці такі івэнт з удзелам прадстаўнікоў групаў «За дэмакратычную Беларусь», каб абмеркаваць даклад, які прысвечаны сотням тысяч беларусаў, якія змушаныя былі пакінуць Беларусь, каб яго імплементаваць у нацыянальныя заканадаўствы. Вось гэта вельмі вострае пытанне, якое перыядычна ўзнікае ў той ці іншай еўрапейскай краіне. Таму ягоная гэтая прапанова была ўспрынята вельмі пазітыўна. І гэта якраз мерапрыемства, якое датычыць не двухбаковых стасункаў, а датычыць Альянсу груп «За дэмакратычную Беларусь». 

Наколькі гэтыя групы зараз уплывовыя ў сваіх парламентах і наколькі яны сапраўды могуць імплементаваць тыя дамоўленасці, якія дасягаюцца, у нацыянальныя заканадаўствы?

Сітуацыя розная. У любым выпадку – ці гэта некалькі дэпутатаў, як у той жа Грузіі, ці 62 дэпутаты, як у італьянскім парламенце, мы іх разглядаем, як такое прабеларускае лобі. Што датычыць, наколькі могуць уплываць на сітуацыю, гэта вельмі складана, але разам з тым мы можам прывесці, як прыклад, у Латвіі мы зрабілі ўсё магчымае, каб не прыраўнялі беларусаў да расіян у прававой прасторы Латвіі. Гэта канкрэтная сітуацыя. Там група адносна невялікая, але яны дабіліся гэтага выніку. Таксама ўзгадваем наш поспех у Літве, калі дэпутаты пераадолелі вета прэзідэнта Наўседы. Так што прыклады ёсць. І гэта даказвае, што групы могуць працаваць і ўжо на сёняшні дзень ёсць вынік. 

Не без удзелу дэпутатаў групы «За дэмакратычную Беларусь» зараз у Нямеччыне пасля шэрагу сустрэч таксама будуць пазітыўныя зрухі для беларусаў. Менш будзе клопату з дакументамі і Нямеччына гатова прызнаваць дзеючымі пратэрмінаваныя пашпарты беларусаў. Гэта вынік гэтай паездкі. І гэта таксама не без падтрымкі групы дэпутатаў «За дэмакратычную Беларусь» у нямецкім Бундэстагу. 

Цалкам размову з Анатолем Лябедзькам слухайце ў плэеры ніжэй:

 

Comments are closed.