Loading

Расія спрабуе нанесці Украіне гуманітарнае паражэнне, пазбаўляючы мірных жыхароў доступу да электрычнасці і вады. Нават заўважныя перамогі Украіны на фронце не могуць хутка спыніць гэтыя праблемы. Польскае грамадства павінна быць гатова і далей дапамагаць украінскім жанчынам і дзецям.

Хела Мазурак – полька, жыве ў Польшчы, да вайны некалькі разоў наведвала Украіну як турыстка. Яе бацька некалькі гадоў працаваў у польскай фірме ва Украіне. Хела ў такім узросце, калі не кожны чалавек цікавіцца палітыкай, але ў выпадку Украіны дзяўчынка пастаянна адсочвае, што адбываецца ў краіне-суседцы. Некалькі дзён таму ёй споўнілася 17 гадоў, і сёлета яна папрасіла замест падарункаў грошы, якімі вырашыла падтрымаць Украіну. Яна прыняла рашэнне накіраваць сродкі на дапамогу 5-гадоваму Івану з-пад Херсона. Хела ўзбуджана расказвае, што маці хлопчыка загінула падчас ваенных дзеянняў, што зараз яго выхоўвае толькі бацька, і так званыя «унутраныя перасяленцы» без сродкаў на існаванне апынуліся ў Белай Царкве. Пра гісторыю хлопчыка яна даведалася нядаўна, ад сваіх украінскі сяброў, і зараз да яго едуць цёплыя рэчы, цацкі і цукеркі, набытыя за «падарункавыя» грошы дзяўчынкі. Магчыма, праз некалькі дзён Хела па інтэрнэце ўбачыць хлопчыка і яго рэакцыю на падарункі з Польшчы. Дзяўчынка не сумняецца, што трэба дапамагаць Украіне і што такую дапамогу не варта спыняць:

«Трэба памятаць, што вайна ва Украіне не скончылася, там яшчэ засталіся людзі, якія маюць патрэбу ў дапамозе, залежаць ад яе, асабліва церпяць дзеці, сем’і, якія вымушаны былі раздзяліцца».

Пазіцыя Хелы кантрастуе з тымі, хто кажа, што ўжо стаміўся ад Украіны і ўкраінскіх уцекачоў. Магчыма, такіх нашых суайчыннікаў няшмат, але іх заявы чуваць усё гучней. Ва Украіне пасля 2014 года я часта чуў іранічнае выказванне, што больш за ўсё стаміліся ад вайны тыя, хто яе не зведаў. Сёння ў Польшчы найбольш актыўна выступаюць супраць дапамогі тыя, хто яе не аказваў. Многія з іх не хаваюць сваёй прарасійскасці. Яны лічаць, што тэма ўкраінскіх уцекачоў можа падзяліць польскае грамадства, што палякі павераць у тое, што ўкраінцы займаюць іх працоўныя месцы, ствараюць чэргі да дактароў і забіраюць грошы на сацыяльную дапамогу. Яны лічаць, што мы не разумеем, што праблема ўцекачоў – гэта не віна Украіны, а вынік расійскай агрэсіі супраць гэтай краіны.

Большасць нашых суседзяў-украінцаў, якія прыехалі ў Польшчу пасля 24 лютага, дакладна не збіраліся пакідаць родны дом, і Польшча для іх не краіна мары Эльдарада, а прытулак, дзе яны не столькі хочуць перачакаць вайну, колькі хоць на хвіліну адпачыць. Дастаткова паглядзець, колькі ўкраінскіх жанчын і дзяцей вярнуліся ў свае гарады, калі на момант падалося, што ва Украіне стала спакайней. Нягледзячы на ракетныя абстрэлы і пастаянную паветраную трывогу, мільёны ўкраінскіх семʼяў спрабавалі і спрабуюць жыць ва ўмовах, якія для кожнага з нас былі б экстрэмальнымі. Адсутнасць электрычнасці і вады – гэта не адсутнасць доступу да раскошы, а немагчымасць функцыянаваць у нармальным рэжыме. Гэта пагроза для жыцця дарослых і дзяцей. Ці можаце вы ўявіць сабе жыццё ў гарадах, дзе электрычнасць падаецца ўсяго на некалькі гадзін у суткі, дзе не працуе вадаправод і няма сувязі? Справа не толькі ў выжыванні ва ўласным доме, але і ў немагчымасці працаваць і вучыцца. Як у такіх умовах могуць працаваць бальніцы, дамы састарэлых, дзіцячыя садкі, крамы ці іншыя ўстановы?

Расіяне паслядоўна і мэтанакіравана знішчаюць энергетычную інфраструктуру Украіны, што прыводзіць да гуманітарнай катастрофы неймавернага маштабу. Расія, якая раней часта ў палітычных мэтах выкарыстоўвала масавыя рэпрэсіі, дэпартацыю мільёнаў людзей, прымусовую працу і нават голад, зараз супраць Украіны прымяняе энергетычны тэрор. Гэта яшчэ адна форма генацыду з боку рускіх. Напярэдадні зімы пуцінскія салдаты знішчаюць украінскія цеплаэлектрастанцыі і пакідаюць мільёны людзей без электрычнасці, вады і цяпла. Некалькі дзён таму ва ўкраінскай сталіцы ў адзін момант 430 тысяч кватэр засталіся без святла! Ніхто не ведаў, колькі часу можа спатрэбіцца на аднаўленне падачы электраэнергіі: гадзіны ці тыдні. Ці можам мы ў нашых цёплых польскіх кватэрах уявіць сабе наступствы такіх дзеянняў расіян?

На жаль, такія дзеянні Пуціна зноў могуць прымусіць украінскіх жанчын з дзецьмі шукаць спакойнага месца ў нашай краіне. Шмат сігналаў ужо сведчыць пра тое, што ўкраінцы шукаюць жыллё ў Польшчы, каб пераседзець гэты складаны зімовы час. Не будзем закрываць нашыя сэрцы, не будзем закрываць нашыя дзверы. Давайце памятаць, што сваякі тых, хто зараз прыязджае да нас, на фронце спыняюць расійскія мары аб аднаўленні імперыі. Яны спыняюць і знішчаюць ворага, які, хоць многія ў гэта не вераць, мае планы і на нашу краіну.

Калі гэта разумее 17-гадовая дзяўчына, то і ўсё грамадства павінна гэта разумець. Гэта павінен разумець і наш палітычны клас – незалежна ад унутраных расколаў і будучых выбараў. Тэма вайны і дапамогі Украіне не павінна быць элементам палітычнага гандлю і палітычных разборак. Гэта тая справа, якая, калі не можа нас аб’яднаць, то, прынамсі, не павінна нас падзяляць.

Павел Бабаловіч

Comments are closed.