У аўторак у Варшаве адбылася сустрэча з сацыёлагам Андрэем Вардамацкім. Прафесар прадставіў даследаванне, якое ахоплівае перыяд з сярэдзіны 90-ых гадоў і да 2020 года. Апытваліся людзі, якія зараз знаходзяцца ўнутры краіны. Асноўны вынік – у беларускім грамадстве адбыўся сур’ёзны каштоўнасны зрух, прычым, калі ў перыяд з 90-ых па 2010 год ён ішоў паступова з роўнай прагрэсіяй, то ў апошнія дзесяць год змены былі вельмі рэзкімі і моцнымі. Абагульняючы даныя, можна казаць пра рух беларускага грамадства ўверх па вядомай пірамідзе Маслоў, альбо ад базавых патрэб да патрэб у самарэалізацыі і ўдзеле ў прыняцці рашэнняў.
«Адбылося фарміраванне чалавека, які арыентаваны на каштоўнасці «self expression» у значна большай ступені, чым гэта было да 2020 года. Працэс доўжыўся дзесяць год. І гэта ўжо зусім іншы чалавек – арыентаваны на каштоўнасці самарэалізацыі. Яна патрэбна ў любым відзе дзейнасці. Калі гэта чыноўнік, то ён таксама па-іншаму сябе паводзіць. Яму патрэбна інфармацыя іншая, розныя пункты гледжання. Але, што самае галоўнае, што чалавек, які знаходзіцца на вяршыні вось гэтай «піраміды Маслоў», ён адчувае патрэбу ва ўдзеле ў прыняцці рашэнняў, у тым ліку і палітычных».
Асноўнымі прычынамі такіх змен у грамадстве Андрэй Вардамацкі называе рэзкае павелічэнне людзей з вышэйшай адукацыяй, павелічэнне долі прыватнага бізнэсу ў эканоміцы, а таксама ўзнікненне груп людзей, якія канцэнтруюць у сябе гэтыя новыя ідэі. У асноўным гэта прадстаўнікі найноўшых сфер эканомікі, напрыклад добра вядомыя беларускія «айцішнікі».
Пры гэтым, як адзначыў сацыёлаг, такія змены ў грамадстве з’яўляюцца пастаяннымі. Ён дапускае, што выезд за межы вялікай колькасці высокакваліфікаваных і адукаваных людзей, можа паўплываць на агульную карціну, але неістотна. У цэлым, па ацэнцы вучонага, гэтыя змены з’яўляюцца сталымі і, нават нягледзячы на задушаны пратэст і ўвогуле свабоды ў краіне, аб нейкім адкаце гаворкі не ідзе.
Андрэй Вардамацкі таксама прадставіў і даследаванне прычын пратэсту. Самай важнай падставай працяглых пратэстаў і супрацьстаяння рэжыму Лукашэнкі, апытаныя назвалі менавіта гвалт з боку сілавікоў, а вось асноўная версія прапаганды, паводле якой людзі выйшлі на пратэсты нібыта праз агрэсіўную ў дачыненні да Беларусі дзейнасць заходніх дзяржаваў, апынулася на апошнім месцы. Як адзначыў Вардамацкі, гэта сведчыць аб высокай устойлівасці беларускага грамадства да прапаганды.
«Для таго, каб быў аналіз, трэба ведаць суадносную вагу кожнай з прычын. Вось гэты «violence after election» заняў лідзіруючае месца. Апытанне гэтае праводзілася не ў 2020, гэта ўжо было пазней. А вось недружалюбная дзейнасць краін Захаду ў дачыненні да Беларусі, то бок асноўная тэза афіцыйнай прапаганды, у масавай свядомасці выступіла як найменшая. Вось гэта, дарэчы, прыклад супрацьстаяння прапагандзе. Асноўны тэзіс прапаганды праз паўтары гады яго ўкаранення ў свядомасць, аказаўся найменш значным».
Comments are closed.