Loading

У грузінскім Батумі адкрыліся адразу дзве беларускія школы. Гэта так званая «школка» – школа выходнага дня. Яе першыя заняткі адбыліся 14 кастрычніка і будуць праходзіць штосуботу. А заняткі звычайнай агульнаадукацыйнай школы пачаліся напярэдадні і будуць адбывацца цягам тыдня. Пра тое, як ствараліся гэтыя школы, як там арганізаваны адукацыйны працэс і якія праблемы дасюль маюць беларусы ў Грузіі ў плане адукацыі паразмаўлялі са стваральніцай беларускай шматфункцыянальнай прасторы «АкСяродак» і дырэктаркай двух беларускіх школаў у Батумі Аксанай Акуневіч.

Аксана Акуневіч

— Калі мы прыехалі ў Аджарыю паўтара года таму, запыты ад беларусаў былі абсалютна розныя. Калі я ехала ў Батумі, мне падавалася, што ў мяне будзе месца працы, мы створым новую школу. Для гэтага мяне запрашалі. Пакуль я даехала, аказалася, што ўяўленні нават трох асноўных сем’яў, якія хацелі стварыць гэтую школу, разыходзіліся абсалютна. Адна сям’я бачыла такую абсалютна акадэмічную школу пра веды. Адна сям’я хацела, каб дзеці найменш напружваліся. І яшчэ адна сям’я – каб найменш напружваліся бацькі.

У Грузіі за стандартамі ёсць унікальная сітуацыя. Я такой больш нідзе не сустракала. Гэта так званыя сектары. Гэтая адукацыя, магчыма, першапачаткова была для нацыянальных меншасцяў. Сектар навучаецца па праграме той краіны, з якой выхадцы. Напрыклад, іранскі сектар навучаецца па іранскай праграме, турэцкі сектар – па турэцкай праграме. Пасля (пачатку) вайны быў створаны ўкраінскі сектар і навучаецца цалкам па ўкраінскай праграме і нават адзнакі ў атэстаце ўкраінскай сістэмы ацэньвання.

На жаль, нам пакуль не атрымалася стварыць беларускі сектар. Хаця, мы не губляем надзеі. Нам у Міністэрстве адукацыі сказалі, што звычайна гэта займае гады тры. Але пакуль што ў нас не атрымалася нават распачаць. Галоўная праблема звязана з тым, што, хутчэй за ўсё, сучасныя ўлады Беларусі не будуць зацікаўленыя ў стварэнні менавіта беларускага сектара. Тым больш, што ёсць расійскі сектар, дзе навучаюцца па расійскіх праграмах.

Але наша школа – гэта падвоеная школа, беларуска-грузінская. І дзеці засвойваюць праграму як грузінскую, так і беларускую. Яны навучаюцца на роднай – беларускай, мове, а ўжо атэстоўвацца будуць па тых класічных кантрольных, якія пішуць грузінскія дзеці. Зараз нашыя самыя старэйшыя дзеці – гэта шосты клас. У Грузі навучаюцца 12 гадоў. І нават, калі нам за наступныя шэсць гадоў не атрымаецца стварыць беларускі сектар, мы разлічваем, што нашы дзеці атрымаюць грузінскі атэстат.

Мы спрабуем шукаць розныя варыянты рашэнняў. На мінулым тыдні ў Грузіі была спадарыня Аліна Коўшык (прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета ў пытаннях нацыянальнага адраджэння – РУ). І на сустрэчы з ёй мы падымалі прапанову пра тое, што, калі ўжо плануюць альтэрнатыўныя пашпарты, то магчыма, каб зрабілі альтэрнатыўную атэстацыю для беларусаў. Альбо паспрыялі для стварэння беларускага сектара ў Грузіі. Не ведаю, чым скончацца гэтыя перамовы Пераходнага кабінету, але спадзяемся на нейкае станоўчае рашэнне.

— Як адбываецца сам навучальны працэс? Беларусы навучаюцца па-беларуску, альбо нейкія асобныя прадметы толькі выкладаюцца на нашай мове?

— Адметнасць у тым, што ў нас тая ж матэматыка, фізіка, чалавек і свет таксама вывучаюцца на беларускай мове. То бок, беларускі кампанент – гэта беларуская мова, беларуская літаратура, матэматыка, чалавек і свет, гісторыя і культура Беларусі, у старэйшых класах дадаецца яшчэ фізіка, біялогія, геаграфія, хімія. А на грузінскіх занятках яны вывучаюць грузінскую мову, у гэтым годзе французскую мову, шахматы і культуру і гісторыю Грузіі. Калі дзеці нармальна будуць засвойваць тры мовы, мы дадамо яшчэ ангельскую ў гэтым годзе.

У грузінскіх школах вывучэнне ангельскай мовы абавязковае. Таму ніякім чынам нельга прайсці міма яе, як і міма вывучэння шахмат. Гэта абавязковыя прадметы. Лічыцца, што шахматы добра развіваюць матэматычнае мысленне, прасторавае мысленне. Цікава, што шахматы, як прадмет, плён далі моцны. Я размаўляла на турнірах з нашымі беларускімі моцнымі падлеткамі, хто ў Беларусі ў 12-13 год былі дарослымі майстрамі спорту, іх тут абыгрывалі нават дзяўчаты. Таму, я думаю, што гэта быў тут такі спосаб вырашэння праблемы з фізічна-матэматычным навучаннем.

На сённяшні дзень ёсць два праекты. Ёсць праект «Школка» – дадатковая суботняя адукацыя. Гэта такія школкі, як, напрыклад, у Польшчы ёсць сетка. І, калі нам прапанавалі далучыцца да сеткі школкаў, я зрабіла апытанку ў нашых батумскіх чаціках. Прыкладна разлічвала на чалавек 30-35. Гэта адпавядае мінімальнаму польскаму патрабаванню для адкрыцця класа. І вось у мінулую суботу ў нас былі першыя заняткі. І, ведаеце, мы ў прыемным шоку. Да нас прыйшло 70 дзяцей. І я так бачу, па тым, як мне пішуць бацькі, гэта не канчатковая лічба.

З платнай школай сітуацыя зусім іншая. Платная школа – тая, што афіцыйная, з’явілася ўжо пасля пачатку навучальнага года. І, суадносна, усе бацькі ўжо тым ці іншым чынам прыдумалі, як ім закрыць адукацыйныя патрэбы. Адпаведна, толькі тыя, для каго прынцыпова, каб дзеці навучаліся на беларускай мове, альбо тыя, хто пайшоў хоць куды і вынікі «хоць куды» ім не падабаюцца, зразумелі, што варта перайсці да нас. Сёння ў нас быў першы навучальны дзень і прыйшло шэсць вучняў. Шэсць вучняў праз месяц ад пачатку навучання – гэта ўжо добра. Яшчэ чатыры чакаюць пакуль скончыцца аплачаны тэрмін у іншых школах і пераходзяць да нас.
Кошт для бацькоў – гэта 300 лары беларуская частка і каля 200 лары грузінская. У суме гэта трошкі больш за 200 даляраў на месяц. Тое, што бясплатна – я бачу, што попыт вельмі вялікі. Беларусы – даволі асцярожная нацыя. Я ведаю, што большасць назірае. Гэта даволі лагічна і стратэгічна. Хутчэй а ўсё будзе больш бачна пасля новага году, калі ў людзей скончацца першыя траншы аплаты за іншыя платныя школы. Але мяне натхняе, што мне ўжо тэлефануюць і пытаюць ці можна запісацца на наступны год у першы клас.

Comments are closed.