Loading

Цэнтр беларускай культуры, які ад новага году мусіць з’явіцца ў Беластоку, зацікаўлены ў шчыльным супрацоўніцтве з прадстаўнікамі дыяспары, распавёў на сустрэчы з беларусамі-эмігрантамі ў хабе «Новая зямля» дырэктар культурніцкай установы Анатоль Вап.

Злева направа: Анатоль Вап, Алег Латышонак, Зміцер Косцін.

Інфармацыя аб стварэнні ў Беластоку Цэнтра беларускай культуры была распаўсюджана 15 лістапада, калі маршалак Падляшскага ваяводства Артур Касіцкі распавядаў пра праект бюджэта рэгіёна на наступны год. Днём пазней на адмысловай прэс-канферэнцыі ён адзначыў, што на функцыянаванне новай культурніцкай установы адмыслова закладзены 1,5 млн злотых, а яшчэ 1,5 млн злотых – на падрыхтоўку адпаведнага будынка.

Паводле Анатоля Вапа, які будзе займаць свой пост да вызначэння пастаяннага дырэктара Цэнтра, новая ўстанова спачатку будзе працаваць, маючы некалькі пакояў на вуліцы Кіліньскага, дзе калісьці месцілася ваяводская бібліятэка. А потым, пасля рамонту будынку былой медыцынскай вучэльні на вуліцы Чацкага, пераедзе туды. Гэты пераезд павінны адбыцца не пазней за пачатак 2025 года.

Асноўная праца, імаверна, пачнецца праз два месяцы, бліжэй да лютага, і пэўна адной з самых важных і патрабучай сур’ёзнай падрыхтоўкі акцый стане святкаванне Дня Волі 25 сакавіка. Гэта дата без перабольшання самая важная як для беларусаў з меншасці, так і з дыяспары. Але і акрамя таго, паводле спадара Анатоля, ёсць вялікая надзея, што Цэнтр беларускай культуры стане супольнай установай для абедзвюх груп беларусаў.

«Цэнтр, думаю, доўга будзе адзінай такой установай у Падляшскім ваяводстве. Будзем займацца ўсім, што датычыць культуры і беларускай мовы. На нашу думку, гэта будзе наша супольная ўстанова культуры – беларускай меншасці і дыяспары. Між іншым таму тут з вамі сустрэча. Чым будзем займацца, што будзем рабіць – гэта залежыць выключна ад нас».

Сярод планаў дзейнасці Цэнтра беларускай культуры – выдаваць кніжкі на беларускай і на польскай мовах, стварыць бібліятэку, для якой ужо маецца больш за 12 тысяч кніг, папулярызаваць беларускую мову, праводзіць канцэрты, даследаваць матэрыяльную культуру беларусаў Падляшша. Таксама для дыяспары можа быць арганізаванае навучанне польскай мове. Паколькі з Беларусі выязджае ўсё больш людзей і адпаведна, усё больш новых беларусаў з’яўляецца ў Беластоку, то для іх не будзе залішнім інфармацыйна-кансультацыйны цэнтр.

«Тут мы падумалі пра вас, што такі цэнтр будзе вам патрэбны. Там можна будзе даведацца як афармляць дакументы. Можам рабіць сустрэчы з працаўнікамі маршалкоўскай управы, горада Беластока ці Падляшскага ваяводства. Пры цэнтры будзе дзейнічаць рада, якая будзе паказваць накірункі дзейнасці гэтай установы культуры. Яна будзе складацца з прадстаўнікоў беларускіх арганізацый нашага ваяводства, ну і вядома, прадстаўнікі арганізатара – маршалкоўскай управы».

За тое, каб у Беластоку паўстаў Цэнтр беларускай культуры, беларуская меншасць выступала больш за два дзесяцігоддзі, распавеў прысутным у хабе прафесар беластоцкага ўніверсітэта Алег Латышонак. І на кожных выбарах у мясцовыя органы ўлады гэтая ідэя агучвалася. На жаль, палітычнае шчасце не ўсміхалася беларусам на Падляшшы – вылучэнцы ад іх выбарчых камітэтаў ніколі не бралі больш за 15% галасоў, што не дазваляла правесці свайго дэпутата. Аднак, калі беларусы ішлі ў органы ўлады разам з іншымі, значна больш уплывовымі палітычнымі аб’яднаннямі, то ім удавалася туды прайсці. У выніку трое дэпутатаў-беларусаў ад розных партыйных кааліцый сталі праваднікамі ідэі стварэння Цэнтра беларускай культуры, якога апошні год актыўна дабіваўся адмыслова створаны для дасягнення гэтай мэты саюз 12 беларускіх арганізацый – як існуючых на Падляшшы здаўна, так і створаных за апошнія гады. Старшынёй гэтага аб’яднання і з’яўляецца спадар Алег.

Адказваючы на пытанні нашага радыё ён распавёў пра некаторыя акалічнасці галасавання ў ваяводскім сейміку.

«У сейміку апазіцыя, якая цяпер будзе пры ўладзе ў цэлай Польшчы, не надта хацела ўсё гэта ўхваліць. Апазіцыя казала «не цяпер, а калі мы прыйдзем да ўлады, то мы гэта зробім». Не казалі, што гэта не трэба. Думаю, што менавіта цвёрдае стаўленне радных-беларусаў, якія былі ў апазіцыі да цяперашняй маршалкоўскай управы, але сказалі, што будуць «за», зрабілі вялікі штуршок да таго, каб радныя перадумалі і прагаласавалі «за». Было 20 – «за» і тры, якія «ўстрымаліся».

Пасля выступаў Анатоля Вапа, Алега Латышонка і вядучага сустрэчу журналіста Зміцера Косціна, былі адказы на пытанні прысутных, заслуханы іх прапановы па напаўненні Цэнтра беларускай культуры дзейнасцю. Затым спадар Анатоль падзяліўся з намі сваімі ўражаннямі ад сустрэчы.

 — Вельмі задаволены. Мы планавалі арганізаваць вось такую сустрэчу, але тут яны самі адазваліся. Трэба толькі было скарыстацца такой магчымасцю. Я думаю, гэта першая наша сустрэча і размова пра культуру беларусаў у Беластоку, на Беласточчыне. Я тут многа цікавага пачуў. З’явіліся ідэі, магчымасці супрацоўніцтва, першыя планы, што можам разам рабіць.

 — Першыя планы якія?

— Хаця бы пра тэатр, пра выдавецкую дзейнасць. пра святкаванне 25 сакавіка. Тут ужо былі канкрэтныя прапановы і канкрэтныя размовы. Я думаю, яшчэ некалькі сустрэч і будзе нам лягчэй працаваць разам.

Comments are closed.