Loading

У Варшаве ўзнавілі мурал «Дыджэі перамен». Гэта адбылося 18 верасня падчас імпрэзы «Плошча перамен», якая прайшла на базе Музея Вольнай Беларусі. Арганізатаркі імпрэзы, актывісткі Плошчы Перамен Юлія і Дзіяна распавялі пра значэнне Плошчы ў пратэстах 20-года.

Двор той самай Плошчы Перамен у Мінску аб’яднаў абсалютна розных людзей, якія выходзілі за тое, каб мець магчымасць зрабіць свой выбар, кажуць актывісткі. Але сама Плошча Перамен арганізавалася спантанна: ніхто з арганізатараў раней не меў такога досведу.

Згуртаваць людзей атрымалася дзякуючы двароваму чату — па раёне развесілі аркушыкі з QR-кодам, і мясцовыя жыхары паступова пачалі заходзіць і знаёміцца.

“Мы не столькі ўладам паказвалі, што мы ёсць, колькі адзін аднаму. Мы былі падтрымкай адзін для аднаго, гэта быў наш спосаб сказаць “я ёсць, я не пагаджаюся”. Нязгода — гэта, на маю думку, першы крок для беларуса”.

Але чаму менавіта Плошча Перамен стала дваром, які ведалі ўсе, своеасаблівым сімвалам барацьбы? На меркаванне дзяўчын, у іншых дварах не было такіх моцных сімвалаў, як мурал з дыджэямі перамен. Другі фактар — трагічны: 11 лістапада 2020 года ў гэтым двары быў забіты Раман Бандарэнка.

Сёлетняя імпрэза пачалася з ідэі ўзнавіць мурал. Арганізатаркі дамовіліся з музеям і вырашылі правесці дваровы канцэрт накшталт тых, што адбываліся ў Мінску ў 2020. Сярод выканаўцаў былі Лявон Вольскі, Вольны хор, Уладзімір Пугач, Літы талер, Дом связи і іншыя. Таксама на мерапрыемстве сабралі грошы ў падтрымку палітзняволенага Сцяпана Латыпава, якія перададуць яго сям’і.

Comments are closed.